У ДУА «Крынкаўская сярэдняя школа імя М.Ц. Лынькова» прайшоў Тыдзень роднй мовы «Як ты дорага мне, мая родная мова!».Пачаўся ён з напісання рэспубліканскага дыктанта «Дзень народнага адзінства», прымеркаванага да аднайменнага свята. Дыктант напісалі вучні 8 і 9 класаў. Падчас тыдня вучні школы ўдзельнічалі ў інтэрактыўнай гульні «Фальклор, фальклор – душа народа», дзе паказалі сваё веданне народных казак, прымавак і прыказак, загадак, скарагаворак, песень і народных святаў і абрадаў беларусаў. Каманда «Буслік» дзяўчынак 4 і 5 класаў выйграла ў каманды «Зубраня» хлопчыкаў 4 і 5 класаў з лікам 26:24. Затым прайшла гульня «Як ты дорага мне, мая родная мова» ў фармаце «Адзін супраць каманды», у якой вучань 7 класа Мікіта Свідзінскі выйграў у каманды шасцікласнікаў з лікам 31:27. Вучні 3 класа пабывалі на экскурсіях «Аб родным краі роднай мовай» у школьных музеях. Настаўнікі В.А. Купчонак і Н.В. Сударыкава паведамілі пра гісторыю крынкаўскай зямлі на беларускай мове. У бібліятэцы быў дадзены старт акцыі «Чытаем Максіма Танка разам» і арганізавана выстава кніг. Вучні 9 класа Дзіяна Локцева, Анастасія Блізнюк, Анастасія Купчанка і Карына Раманава прэзентавалі навучэнцам кнігу Уладзіміра Ліпскага «Я тут жыву» і кнігу «99 знакамітых мясцін Беларусі». Падрыхтавалі вучні і віншавальныя паштоўкі «Пажаданні роднай мове», стварылі воблакі слоў і запісалі свае любімыя словы і выразы па-беларуску. У школе была створана фотазона «Як ты дорага мне, мая Родная мова!», дзе дзеці і настаўнікі маглі сфатаграфавацца. Вынікі Тыдня роднай мовы былі падведзены на школьнай лінейцы, а пераможцы атрымалі свае прызы.
Наталля Сударыкава,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА «Крынкаўская сярэдняя школа імя М.Ц. Лынькова».