Хочацца выказаць словы падзякі Лёзненскаму ваенна-гістарычнаму музею за яшчэ адзін захаваны нарыс Фёдара Курбацкага «Сімвал неўміручасці» – аб Героі Савецкага Саюза Іване Іванавічы Янушкоўскім.

Ванін клянок

Месца былой сядзібы Янушкоўскіх відаць здалёк, як толькі перасячэш Альшанку і ступіш на яе высокі бераг. Вёску Пыжы, што ў дзвюх вярстах ад цэнтра калгаса «Новая праца», з трох бакоў агібае гэта невялікая рачулка. Яна крута зварочвае ля апусцелай сядзібы, дзе шумяць таўшчэзныя вербы і бярозы, якія ахоўваюць ад моцнага ветру адзінокую яблыню, што засталася з даўніх часін. Больш бадзёра адчувае сябе клён, не патрабуючы аховы. Глыбокія карані дрэва моцна трымаюць яго шырокалісцёвую крону.

– Гэты клянок наш Ваня пасадзіў. Незадоўга да вайны, – расказвала бабуля, што некалі жыла па суседству з Янушкоўскімі. – Во які вымахаў. Любіў ён сад, лес, усё жывое. Загінуў наш Іванавіч. Быў бы жывы, унукам цешыўся б. Яго сын Валерый вялікім чалавекам стаў. За шчасце дзяцей колькі галоў людзі паклалі. Ох, не дай божа вайны…

Слухаеш састарэлую жанчыну і іншых вяскоўцаў і ўяўляеш сялянскае жыццё гэтай невялікай вёсачкі, дзе нарадзіўся герой. У сям’і Івана Сямёнавіча і Ганны Фамінічны Янушкоўскіх было пяцёра дзяцей – чатыры сыны і дачка. Сам гаспадар – хвацкі гарманіст. Па бацьку пайшлі і дзеці. Старэйшы Янушкоўскі граў на гармоніку, а сын Косця – на скрыпцы. Меншы Ваня таксама палюбіў музыку. Яму купілі гармонік, з якім не расставаўся па вечарах. І яго брат Віктар захапляўся музыкай. Ніводнае вяселле ў вёсцы не абыходзілася без музыкантаў Янушкоўскіх. Штовечар летам і вясной з зялёнай сядзібы плылі чароўныя мелодыі. Сюды збіралася моладзь, прыходзілі і людзі больш сталага ўзросту.

І раптам звалілася, як з неба, на сям’ю Янушкоўскіх бяда: памёр бацька-кармілец. Неўзабаве не стала і маці. Цяжкая доля выпала на лёс будучага героя. Старэйшы брат Косця, што рабіў у калгасе «Чырвоны бранявік», ажаніўся, як мог клапаціўся аб братах і сястры. Памагалі сіротам і вяскоўцы. Ваня скончыў у Стасеве школу, а ўжо далей вучыцца не дазволілі абставіны.


Брат І.І. Янушкоўскага Віктар:
«У дзяцінстве ён любіў гуляць з рабятамі ў «вайну». Быў знаходлівым і смелым. Аднагодкі цягнуліся да свайго «камандзіра». Калі падрос, яго моцна захапіла ваенная служба. І непаўналетнім юнаком ён пакінуў родны дом»… «Да вайны Іван Іванавіч пабываў у мяне там, дзе я праходзіў службу, а потым наведаў Віцебск і свае родныя мясціны. Ён на памяць пасадзіў на бацькавай сядзібе дрэўца. Сустрэўся з братам Канстанцінам, які таксама не вярнуўся з вайны. Пасля заканчэння Кіеўскага ваеннага вучылішча зноў прыехаў у Віцебск, дзе жыла сям’я: жонка і сын Валерый. Перад вайной жылі ў Чыце. Ён любіў сям’ю, сваіх таварышаў. Я доўгі час захоўваў даваенныя і франтавыя пісьмы брата. Гэта былі хвалюючыя лісты, дзе Іван пісаў аб хуткай перамозе над ворагам, марыў аб сустрэчы з роднымі і блізкімі. Але, на жаль, усе дакументы загінулі ў час наваднення на Далёкім Усходзе, дзе жыў у пасляваенны перыяд».


Першыя крокі самастойнага жыцця

Нялёгка іх рабіць. Спачатку Іван працуе падсобным рабочым на мэблевым прадпрыемстве ў Віцебску, а потым яго пераводзяць экспертным рабочым. Калі пачалося будаўніцтва Беларускай ДРЭС, Іван Янушкоўскі па камсамольскай пуцёўцы едзе на Аршаншчыну, дзе пачне дзейнічаць першая электрычная станцыя ў рэспубліцы і дасць прамысловы ток прадпрыемствам Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Ён працаваў і вучыўся, скончыў рабфак.

Праз некаторы час збылася яго мара: пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію (у той час быў такі прызыў). Трапіў у Адэсу. Колькі разоў чытаў пра гэты цудоўны горад! Спадабалася яму ваенная служба, дысцыпліна і парадак. У радасцях і клопатах праходзяць чырвонаармейскія будні. Вучыўся сам, а потым вучыў іншых байцоў артылерыйскай справе – стаў памочнікам камандзіра ўзвода.


Жонка І.І. Янушкоўскага Аляксандра Піліпаўна:
«Калі пачалася вайна, дывізію, у якой служыў мой муж, накіравалі на абарону Масквы, а нас, сем’і ваеннаслужачых, эвакуіравалі з Чыты на Урал. Ён пісаў нам, што ідуць цяжкія баі на подступах сталіцы любімай Айчыны, што савецкія байцы праяўляюць масавы гераізм. Іван Іванавіч быў некалькі разоў паранены, але пасля шпіталя зноў вяртаўся на баявую пазіцыю. У сорак трэцім годзе яму прапанавалі пайсці вучыцца ў акадэмію, але ён адмовіўся, сказаў: «Калі закончым вайну, тады будзем вучыцца». Не дажыў Іван Іванавіч да светлага дня Перамогі – загінуў пры вызваленні Румыніі.


Апошні бой

Піянеры і школьнікі Вялікасельскай васьмігодкі па драбніцы збіралі звесткі пра героя-ураджэнца лёзненскай зямлі. Чырвоныя следапыты атрымалі і копіі характарыстыкі і апісання яго апошняга бою.

Настаў сорак чацвёрты. Стаяла восень. Ідуць баі за вызваленне ад ворага тэрыторыі Румыніі. Гвардыі маёр І.І. Янушкоўскі кіруе штабам палка, вядзе артылерыйскае наступленне. 17 верасня таго ж года назначаюць яго камандзірам палка. Ад камандуючага артылерыяй 27 мінамётнай Ленінградскай брыгады ён атрымаў задачу рэкагнасцыраваць баявыя парадкі і вывесці ў іх полк. Пад страшэнным агнём праціўніка Янушкоўскі агледзеў мясцовасць і ва ўстаноўлены тэрмін вярнуўся за палком. Неабходна вывесці яго на агнявыя пазіцыі паблізу лініі фронту. На маршы ён ўзначаліў галаўную калону. Затым, прапусціўшы наперад адзін з дывізіёнаў, накіраваўся да штаба палка. У гэты час група варожых аўтаматчыкаў раптоўна перегарадзіла шлях невялікай групе савецкіх патрыётаў. Што рабіць? Прыняць бой? Тут жа цэлая рота аўтаматчыкаў! У гэты момант мільганула трывожная думка, як выратаваць штаб і сцяг палка? Байцы на чале з камандзірам уступілі ў сутычку з ворагам, які прасачыўся ў баявыя парадкі нашых войск.

– Адцясніць праціўніка ад дарогі, што вядзе да штаба! – скамандаваў Янушкоўскі.

Неўзабаве да месца бою падаспелі штабныя падраздзяленні. Гвардыі маёр працягваў кіраваць боем. Асабіста знішчыў дваццаць варожых салдат і афіцэраў. Праціўнік адступіў, штаб і сцяг палка былі выратаваны.

У гэтым няроўным баі загінуў смерцю храбрых гвардыі маёр Янушкоўскі.

За праяўленыя мужнасць і гераізм, выратаванне штаба і сцяга палка Іван Іванавіч Янушкоўскі Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года ўдастоены пасмяротна вышэйшай урадавай узнагароды – звання Героя Савецкага Саюза.

Па матэлыялах Лёзненскага ваенна-гістарычнага музея.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости