У канцы мінулага тыдня ў Обалі прайшоў абласны тур конкурснай праграмы «Уладар сяла». Перамога дасталася маладой сям‘і з Лёзненскага раёна.
Менавіта Віцебшчына пяць гадоў назад стала ініцыятарам конкурсу маладых сельскіх сем’яў “Уладар сяла”. Цяпер праект упэўнена крочыць па ўсёй рэспубліцы. У Жлобіне ў час рэспубліканскага фестывалю “Дажынкі-2013” вызначыцца ўладар сяла Беларусі. А пакуль канкурсантаў чакаў абласны этап.
29 жніўня ў гарадскім пасёлку Обаль Шумілінскага раёна на падворку мясцовай школы сабраліся 12 каманд з розных раёнаў Прыдзвінскага краю, у тым ліку і з Лёзненскага. Яго прадстаўляла шматдзетная сям’я Кулаковых.
Аб Надзеі і Віталію з аг. Адаменкі неаднаразова расказвалася на старонках “раёнкі”. Спачатку пра тое, як жывецца маладой сям’і, дзе выхоўваецца пяцёра дзяцей, а потым аб уручэнні Надзеі Сяргееўне ордэна Маці. Жанчына працуе памочнікам выхавацеля ў дзіцячым садку, Віталій – механізатар мясцовага сельгаспрадпрыемства. Выхоўваюць трохгадовага Жэню, двухгадовую Аліну, цяпер ужо шасцікласніка Ваню, пяцікласніцу Кацюшу, а таксама Вову, які пайшоў у другі клас.
Аб запланаваных арганізатарамі (а гэта Віцебскі абласны Савет дэпутатаў, камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама, абкам БРСМ і абласны савет прафсаюза работнікаў АПК) конкурсах можна было даведацца загадзя са спецыяльнага палажэння і падрыхтавацца як след. З уладкаваннем падворку дапамаглі работнікі ДК аг. Адаменкі, раённы Дом рамёстваў, РАМЦ. Зрабілі яго ў стылі беларускай хаткі: агароджа, арачка, чыгункі, рушнікі, упрыгожванні з гарбузоў і кабачкоў. Цікавасць наведвальнікаў і журы выклікаў гарбузовы кошык, напоўнены садавінай, а таксама мноства дамашніх кансерваў, зробленых рукамі Кулаковых. Старанне сям’і было адзначана добрым прызам – мікрахвалевай печкай.


Дарэчы прыйшлася дапамога культработнікаў і пры падрыхтоўцы візітоўкі “Вітаем па-беларуску” у форме прыпевак.
У час наступных конкурсаў давялося папрацаваць непасрэдна на месцы. Рэзалі, калолі і складвалі дровы, смажылі дранікі, змагаліся з конскай вупражжу, упрыгожвалі сноп, вязалі венік з бярозы, збіралі бульбу.
Калі падлічылі вынікі кожнага спаборніцтва, высветлілася, што перамаглі ўдзельнікі з нашага раёна. У якасці галоўнага прыза (арганізатары папярэдне не называлі, што гэта будзе, вызначалі як сюрпрыз) Кулаковы атрымалі бычка, які папоўніць іх прыватную гаспадарку.
Канцэртную праграму падрыхтаваў калектыў “Гарэзнікі” з Обаля, працавалі гандлёвыя кропкі.
– Мы былі вельмі рады за нашу каманду, – падзялілася дырэктар раённага Дома культуры І. М. Іванова, якая пабывала ў Обалі ў ліку групы падтрымкі. – Прыемна, што не толькі годна выглядалі, але і сталі лепшымі. Імкнуліся чым маглі дапамагчы, падтрымаць. Калі Надзея і Віталій удзельнічалі ў  змаганнях, мы спявалі, выкрыквалі крычалкі. Упэўнена, нас запомнілі і журы, і гледачы. Не пакінем сям’ю Кулаковых сам на сам і перад наступным такім адказным этапам. Крыху дапрацуем візітоўку, магчыма нешта зменім на падворку, адным словам, падыдзем творча да падрыхтоўкі. А сям’я – цікавая, таленавітая, дружная, спартыўная, спрытная, так што не падвядзе.
Алена РАТНЁВА.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Связанные новости