Сунічная бары
Сунічная бары
Для згоды людской мы збіраем сяброў.
Пад такім дэвізам у мінулую суботу ў парку мікрараёна “Школьны” прайшло абласное свята-конкурс “Песні сунічных бароў”.

Дэлігацыі 17 раёнаў Прыдзвінскага краю плюс госці з сяброўскай нам Рудняншчыны сабраліся перад ганкам раённага Цэнтра культуры. Распачалося мерапрыемства з сімвалічнай дзеі. Пад гукі песні “Раным рана” на цэнтр пляцоўкі з колам і стужкамі “высыпалі” дзеці-сунічкі, да іх далучыўся фальклорны калектыў “Медуніца”. Пад іх началам святочная калона рушыла ў парк. Перад уваходам у яго, каля брамы, быў выкананы танец з рушнікамі “Добры вечар”. Потым адбылося ўрачыстае прадстаўленне калектываў і членаў журы. Узначаліла творчую судзейскую брыгаду Г. Ф. Баркевіч – галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама. У склад журы ўвайшлі З. А. Гукава – намеснік дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, А. П. Слінькова – галоўны хармайстр дадзенай установы культуры, У. Н. Марудаў – паэт, члена Саюза беларускіх пісьменнікаў, члена Саюза журналістаў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола, М. К. Зелянкевіч – кампазітар, кіраўнік народнага ансамбля “Вікторыя” Першамайскага аддзела Дэпартамента аховы г. Віцебска Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублкі Беларусь, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола, П. М. Якубчонак – кампазітар, член Саюза музычных дзеячаў Рэспублікі Беларусь, выкладчык Віцебскага дзяржаўнага музычнага коледжа імя Салярцінскага, А. І. Панасечкін – члена Саюза пісьменнікаў Расіі, кавалер ордэна Петра Великого, ганаровы жыхар г. Ельня Расійскай Федэрацыі.

Права ўзняць сцяг свята было прадастаўлена Г. Ф. Барткевіч, намесніку старшыні райвыканкама І. А. Дзерваед і А. І. Панасечкіну. Удзельнікі свята занялі свае месцы ў своеасаблівай летняй глядзельнай зале. Урачыстая частка фестывалю самадзейных калектываў, паэтаў і кампазітараў змянілася творчай.

На мой погляд, проста сказаць, што “Песні сунічных бароў”  ўдаліся – гэта нічога не сказаць. Увесь парк быў літаральна пранізаны святочнай атмасферай. Ужо самы першы нумар праграмы (вакальна-харэаграфічная кампазіцыя “Сунічка-ягадка” у выкананні “Медуніцы”,“Мікса” і “Смайлікаў”) прадэманстраваў, што лёзненскія самадзейныя артысты любога ўзросту на многае здатныя, асабліва, калі побач з імі сапраўдныя энтузіасты, людзі, якія аддаюць усяго сябе абранай справе. Малюнак танцаў, падрыхтаваных Яўгеніяй Цыганковай, ніколі не бывае прымітыўным, а для фестывалю абласнога ўзроуню тым больш. Але яна ўкладае столькі сіл і часу (нярэдка ахвяруючы асабістым) у рэпетыцыі, што ўсё праходзіць, як кажуць, без сучка і задзірынкі. Вось і на гэты раз выхаванцы Яўгеніі Александраўны былі на вышыні і апраўдалі аказаны давер распачаць конкурс.

На сцэну пасля прывітальных прамоў І. А. Дзерваед і Г. Ф. Барткевіч выходзіць паэт з Рассонскага раёну, кіраўнік клуба самадзейных паэтаў “Натхненне” Аляксандр Матошка. Ён друкаваўся ў газетах “Голас Расоншчыны”, “Народнае слова”, “Віцебскі рабочы”, “Беларуская ніва”. Спецыяльна для абласнога свята А. Матошка напісаў верш “Песні сунічных бароў”. Акрамя таго, ён чытаў вершаваны твор “Надзея”.

Пакуль выступаюць іншыя члены дэлегацыі Расоншчыны, а іх выступленні разносяцца на ўвесь парк, адпраўляюсь паглядзець, што адбываецца навокал. Сабраўшыеся весела ўсміхаюцца, лёгка згаджаюцца на прапанову сфатаграфавацца. Прафесійна пазіруе харэограф Яўгенія Цыганкова. Дзеці адпрацавалі нумар і цяпер можна адпачыць і паказаць немала цікавага маленькай дачушцы Еве. Какетліва абапіраецца на гітару Людміла Мяхедка з Наваполацка. Яна ўдзельніца народнага літаратурна-музычнага аб’яднання-салону “Крылы”. Сама піша песні, выконвае духоўныя канты, рамансы, мае ў рэпертуары і эстрадныя нумары, аўтар кнігі вершаў “Прадчуванне сустрэчы”, дыпламант гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. У Лёзна прывезла песні “Святая маці Еўфрасіння” і “Максіму Багдановічу”. Вось сям’я, адкрыўшы кашалькі, лічыць грошы. Тут іх сапраўды ёсць на што патраціць. Працуюць палаткі райпо. Работнікі раённага Дома рамёстваў прадаюць сувенірную прадукцыю і праводзяць недарагія майстар-класы. Усяго за дзесяць тысяч вучаць дзяцей рабіць з лазы падстаўкі пад гарачае і маленькія лапці; наносіць штампаваны малюнак на сурвэткі; клеіць бранзалеты, упрыгожаныя скураной сунічкай. Бібліятэкары (члены клуба “Флора”) прапаноўваюць за сімвалічную плату набыць арыгінальныя мяшочкі з сушанымі травамі. А каб наведвальнікі іх палаткі не сумняваліся ў выбары, частуюць усіх жадаючых травяной гарбатай. Выставу-продаж творчых работ падрыхтавалі ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Кумушкі” ДК аг. Новае Сяло. Ну і, канешне, дзіцячыя цацкі, салодкая вата і батут. На гэты раз нават такая звычная для мясцовых святаў рэч была не звычайнай. Дракон узвышаўся аж на дванаццать метраў, спуск горкі – сем. Атракцыён, па словах іх уладальнікаў, новы і пабываў толькі ў некалькіх гарадах, у тым ліку і нашым. А ў наступным годзе мужчыны плануюць абзавесціся яшчэ больш вялікай цацкай – Трыма волатамі, вышыня якіх 16 метраў. За невялікія грошы можна сфатаграфа вацца разам з роставай куклай Сунічкай. Дарэчы, зрабіў яе мясцовы майстар.

Не звярнуць увагу на ярка апранутых дзяўчынак і хлопчыка з букетам блакітных кветак было не магчыма. Знаёмімся. Аказваецца, Маша, Росцік і Даша з г. Навалукамля Чашніцкага раёна. Іх калектыў “Краіна цудаў” будзе спяваць песню “Срэбнае дзяцінства”. Пакуль размаўляюць, падыходзяць старэйшыя дзяўчынкі вакальнай групы і А. М. Дзямідчык, на музыку  якога і напісана вышэй названая песня. Аляксандр Мікалаевіч – пераможца рэспубліканскага конкурсу метадычных і творчых работ сярод настаўнікаў і дырэктараў музычных школ выдаў уласны зборнік “Улюблёным у акардэон”.

Мае новыя знаёмыя фатаграфіруюцца для “раёнкі” і спяшаюцца на сцэну, бо пасля Расон ужо адвыступалі Міёры і цяпер чарга менавіта Чашнікаў. А потым да гледачоў выходзіць Аляксандр Рыпінскі (Аляксандр Усцінаў), якому прыпісваюць вынаходніцтва “Ў”. Ён быў вядомым этнографам, беларусазнаўцам, фалькларыстам, вучоным, прызнаным Еўропай даследчыкам і свае апошнія гады правёў у нас на Кавалёўскай зямлі ў Страганах. Даведаліся сабраўшыеся і аб яшчэ адным нашым земляку Марке Шагале (Арцём Падалец).

На сцэнічнай пляцоўцы чыталіся вершы, спяваліся песні, на суд журы прадстаўлялі свае нумары народны клуб творчых сустрэч “Муза” Ушацкага раёна, літаратурнае аб’яднанне “Дняпроўскія галасы” і клуб аўтарскай песні і паэзіі “Акцэнт” з Аршанчыны, народны літаратурна-музычны клуб “Выток” Лепельскага раёна, літаратурны клуб “Каўчэг” Полацкага РДК, а таксама асобныя паэты, кампазітары, дуэты з Браслаўскага, Шумілінскага, Дубровенскага, Докшыцкага, Сенненскага раёнаў, горада Віцебска.

Творчыя сувязі Лёзненшчыны і Рудняншчыны цесныя, у асаблівасці ў галіне паэзіі. Таму было б дзіўна, каб на свята не пазвалі гасцей з суседняга рэгіёну. Кампазітар Аляксей Леаненкаў  – актыўны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці, выступае з народным калектывам “Березняночка”, у рэпертуары якога шмат песень. Займаецца ў старэйшым на Смаленшчыне Руднянскім літаратурным аб’яднанні “Современник”. Атрымоўвае стыпендыю губернатара Смаленскай вобласці як малады і таленавіты паэт. Паэт Юрый Міронкін працуе настаўнікам фізікі і матэматыкі. Першыя вершы надрукаваў яшчэ ў школе, не развітваееца з паэзіяй і сёння. Віктар Седнёў – аўтар зборніка вершаў “Спросите нищего поэта”, уладальнік прэміі імя С. Ф. Шапавалава, як лепшы няштатны аўтар газеты “Руднянский голос”. Другое месца ў намінацыі “Любоўная лірыка” у міжнародным паэтычным конкурсе “Руднянские зори” заняла юная паэтэса Вераніка Перзашкевіч, якая таксама выступіла перад лёзненскім гледачом.

Сваіх канкурсантаў прадставіў і наш раён. Гэта паэтысы, бібліятэкары Яўгенія Саламаціна і Вольга Пячонава, работніца ваенна-гістарычнага музея Анжэліка Лампіцкая, паэты і кампазітары Ірына Тамковіч, Таццяна Макалевіч, Аляксей Агееў, паэт Арцём Падалец, які пераважна піша на беларускай мове.

Калі скончыласа конкурсная праграма, якая складалася з 52 нумароў, і журы адправілася падводзіць вынікі, запрашэнне прачытаць свае вершы атрымалі госці свята, жыхары гарпасёлка  Генадзь Агнішчанка, Руслан Кузняцоў, Ніна Ціхамірава, Пётр Даговіч, а таксама выступіў А. І. Панасечкін.

Вынікі свята-конкурсу аб’явілі ля вогнішча сяброўства і натхнення, іскрамі якога, па задумцы арганізатараў, павінен быў стаць творчы запал канкурсантаў на лёзненскім сунічным узгорку. Напярэдадні свята кожная дэлегацыя і журы атрымалі па драўлянай жэрдцы – сімвалу цеплыні яскравых душ, ад гарачыні якіх і павінна было пылаць вогнішча. Таму прадстаўнікі раёнаў аднеслі іх разгарэўшаеся полымя. Дзяўчаты ў народных касцюмах вынеслі журы некалькі галубоў, якіх выпусцілі ў неба з пажаданнем дабра і любові Гасподняй. Пасля ўшанавання пераможцаў усіх прысутных на ўзгорку запрасілі ў карагод “Сунічка- ягадка” .

Пакуль аматары паэзіі і бардаўскай песні сядзелі на лаўках глядзельнай залы, не сумавалі і тыя, хто менш улюбёны ў мастацкае слова. Як ужо казала, нямала прыемных момантаў свята падрыхтавалі работнікі Дома рамёстваў і бібліятэкары. Сувенірную прадукцыю з сімволікай фестывалю сунічкай можна было набыць ці нават зрабіць ледзьве не на кожным кроку. Пры гэтым надзвычай разнастайную. І сувеніры карысталіся попытам. Некаторыя, напрыклад, своеасаблівыя брошкі-падвескі ўжо хутка было не знайсці. Дзяўчыны-мастачкі малявалі ягады і яшчэ нямала сімпатычных выяў на тварах жадаючых. У вышэй названых установах культуры працуюць таленавітыя, творчыя людзі з масай цікавых ідэй і ўменнем увасобіць іх у жыццё, таму вельмі добра, што іх далучаюць да правядзення мерапрыемстваў, прычым давяраюць не ролю статыстаў, а важныя ўчасткі.

Безумоўна, ніхто не абмінуў і “Паляну гасцінасці”, дзе завіхаліся Жанна Лукіна з РКЦ, дырэктар СДК аг. Зубкі Галіна Матвеева, бібліятэкар дадзенага аграгарадка Марына Іванова. Жанчыны на буржуйцы варылі ў чугуне варэнне з маліны з землянікай. На патэльнях на калодках смажылі яешню з салам, рыбу. Прама на вогнішчы падсмажвалі на дубцах сала з хлебам. У вялізнай ёмістасці варылі юшку. Адбою ад жадаючых пакаштаваць усе гэтыя стравы, тым больш што за іх не прасілі грошай, не было.

– Мы сёння ўвесь дзень, як кажуць, на гаспадарцы, –жартуе Галіна Матвеева. – Але атмасферу свята адчуваем не менш, чым астатнія сабраўшыеся. А яшчэ задавальненне ад таго, што яно атрымалася вясёлым, добрым, цудоўным, цікавым. Гатаваліся доўга, старанна, вельмі хваляваліся. Рады, што гасцям спадабалася і наша ежа, і ўсё астатняе.

Кашаварылі ў гэты дзень не толькі яны, выставу-дэгустацыю традыцыйнай кухні беларусаў падрыхтавалі аматарскае аб’яднанне “Гаспадыня” Емельяноўскага клуба-бібліятэкі, Дамы культуры аграгарадкоў раёна.

Не засталіся ў баку ад свята і раённы камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Першы сакратар Наталля Штылікава і спецыяліст аддзела Алена Дземянкова падрыхтавалі латэрэю для знаўцаў суніц. Трэба было адказаць на пытанні, звязаныя з дадзенай ягадай. Тым, хто справіўся выдаваліся квіткі на ўдзел у розыгрышы. Хачу адзначыць, пытанні былі няпростыя. Так что трапіць у лік шчасліўчыкаў удалося далёка не ўсім.

Аб тым, што “Песні сунічных бароў” прыйшліся да густу, гаварыла тое, што заглянуўшыя ў парк лёзненцы не спяшаліся дадому. Не раз бывала такое: культурная праграма ў самым разгары, а гледачоў на пальцах пералічыць можна. Тут жа, нягледзячы на тое, што конкурс цягнуўся больш за пяць гадзін, кожны знайшоў чым сябе заняць. На пад’ёме ўспрымалі і адбыўшыйся затым эстрадны канцэрт мясцовых самадзейных артыстаў. Весела патанчылі на дыскатэцы. А потым ячшэ адзін цудоўны момант свята – рознакаляровы маляўнічы салют. У адзінаццаць гадзін вечара цэлы парк лёзненцаў глядзеў у неба і не мог стрымаць крыкаў захаплення. Мужчыны і жанчыны, маладыя і пажылыя, дзеці, моладзь правялі тут палавіну свайго выхаднога дня. Правялі ў цудоўным настроі. Не было бачна ні сумуючых, ні залішне вясёлых ад прынятага на грудзь. Здаецца ўвогуле людзей прывучылі да таго, што святы праходзяць без алкаголю. І ў час “Сунічных бароў” яны ўбачылі, што і так можна цікава правесці час.

– Такога цудоўнага свята даўно не помню, – дзялілася з сяброўкай дзяўчына за маёй спіной. І ў адказ:

– І мне спадабалася, думала, што нашы так не могуць. Аказваецца, могуць.

У намінацыі “Самадзейныя кампазітары»: гран-пры – Аляксандр Дзямідчык, (г. Навалукамль), Дыплом 1-й ступені – Яўгенія Букоціна-Ісупава (г. Наваполацк), 2-й ступені – Аксана Анікеева (Дубровенскі раён), 3-й  ступені – Мая Лісічонак (Докшыцкі раён), Віктар Малых (г. Полацк) і Таццяна Макалевіч (Лёзненскі раён).

У намінацыі «Самадзейныя паэты»: Дыплом 1-й ступені – Алена Бацікінская (г. Міёры), 2-й ступені – Віктар Сяднёў (г. Рудня), 3-й ступені – Наталля Васілевіч (Чашніцкі раён) і Ларыса Новікава (г. Орша).

З лёзненцаў дыпломы за ўдзел у свяце-конкурсе атрымалі Вольга Пячонава, Аляксей Агееў і Анжэліка Лампіцкая. Арцём Падалец адзначаны як дэбюнт года.


Елена Ретнева.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

1 комментарий

  • Малайцы… Больш сунічнага свята. ( райпо — райспажыўсаюз, дэбюнт — гэта дэбютант?)

Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Связанные новости