Свята вёскі Чарнаручча, якое прайшло 3 жніўня, атрымалася надзвычай вясёлым, яскравым, шматлюдным. Трэба адзначыць, што для гэтага вельмі пастараліся самі жыхары.

Галоўным арганізатарам выступіла Л.В. Кібарова. Людміла Віктараўна загадзя паклапацілася наконт канцэрта, абзваніла бліжэйшыя ўстановы культуры і, дзякуючы таму, што дырэктар ДК аграгарадка Зубкі І.М. Іванова з’яўляецца яе аднакласніцай, гэта пытанне адразу было вырашана станоўча.Старэйшына вёскі Н.У. Іванова падрыхтавала спіс юбіляраў гэтага года для асобных віншаванняў, паклапацілася пра кветкі для букетаў.
Месцам правядзення мерапрыемства абралі сядзібу Т.А. Даукшэвіч, на якой сёлета літаральна пануюць кветкі. Жанчына старанна даглядае гэты бацькоўскі дом. Таццяна Аляксандраўна ахвотна ўзяла на сябе абавязкі гасціннай гаспадыні. У справах ёй дапамагалі дачка Ірына, зяць Станіслаў, дачка Людмілы Віктараўны Кацярына з мужам Сяргеем і маленькай дачушкай Алінай. За пачастункамі ў Лёзна ездзілі Н.М. Шашкова, Н.П. Рудзякова і Я.А. Кібароў.
Апавясцілі і запрасілі на свята аднавяскоўцаў. Адгукнуліся нават тыя, хто даўно пражывае ў іншых месцах. Прыехалі з Оршы на малую радзіму сёстры-двайняты Таццяна і Надзея Лапковы. Зараз жанчыны на заслужаным адпачынку. Абедзьве пасля заканчэння вучылішча тэкстыльшчыкаў адпрацавалі па 38 гадоў на льнокамбінаце. Жывуць сем’ямі у горадзе амаль побач, і па жыцці, як кажуць, вадой не разліць.
Не мог не прыйсці на сустрэчу з аднавяскоўцамі У.М. Рэдзькоў. Акурат праводзіў адпачынак у Чарнаруччы. Ён, дарэчы, кожнае лета прыязджае з сям’ёй у матчыну хату з далёкага Цюменскага краю. З маладых гадоў жыве ў горадзе Губкінскі, дзе працуе ў будаўнічай арганізацыі машыністам капра. Разам з ім прыйшлі жонка Асія, дачка Кацярына і ўнучка Аліса.
Яшчэ да прыезду артыстаў за гасцінна накрытымі сталамі пачалася бяседа. Колькі было ўспамінаў аб дзяцінстве, школьных гадах, як спраўлялі вяселлі, купалілі! Прыгадалі сваіх бацькоў, суседзяў, якія ўжо пакінулі гэты свет, ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання. Дзве гадзіны праляцелі непрыкметна, а размовам, здаецца, не было б канца…
Тут прыехалі госці з Зубкоў. І.М. Іванова павіншавала прысутных са святам, уручыла памятныя паштоўкі юбілярам. Сёлета Уладзіславу Васільевічу Ярмолаву споўнілася 75 гадоў, Таццяне Леанідаўне Купцовай – 70, Лідзіі Рыгораўне Плаксінай і Надзеі Міхайлаўне Шашковай – 65, Васілю Сцяпанавічу Панапарову і яго жонцы Людміле Міхайлаўне Фаменка – па 60, Іне Іванаўне Дрэбісавай – 55, Міхаілу Міхайлавічу Шашкову – 50. Не засталіся без увагі самыя старэйшыя з жыхароў. Гэта Ганна Лукінічна Казлова (93 гады), Валянціна Іванаўна Пруднікава (87 гадоў), Таццяна Кірылаўна Далганава (85 гадоў), Любоў Ісакаўна Філатава (85 гадоў).
Самадзейныя артысты прадставілі цікавую музыкальную праграму. Удзельніцы вакальнай групы «Вербніца» радавалі вяскоўцаў лірычнымі і патрыятычнымі песнямі. Некалькі прыгожых і таленавітых жанчын літаральна «запалілі» гледачоў, што тыя спачатку падпявалі, затым пусціліся ў скокі. Танцавалі без перапынку амаль усе. З боку назіралі за дарослымі дзеці і ўнукі. Напрыканцы прагучала песня, у якой гаварылася, што трэба жыць не тужыць, усе крыўды забыць, жыць па сумленні, каб потым людзі ўспаміналі дабром. Да самага змяркання працягваліся спевы і танцы ў Чарнаруччы.
Вядома ж, вяскоўцы засталіся вельмі задаволенымі, дзякавалі артыстам, дарылі ім букеты кветак. І прасілі праз раённую газету перадаць шчырую ўдзячнасць і найлепшыя пажаданні асабіста Ірыне Івановай, Людміле Аленчанка, Ірыне Лахцеевай, Таццяне Цуркану, Алене Кузнечык, Кацярыне Красікавай.
Таццяна Ігнаценка.
/Фота аўтара/
