Мы вырашылі, што лепшым аповедам пра Івана Аўдзеевіча Авекава будзе нарыс былога намесніка галоўнага рэдактара раённай газеты Фёдара Курбацкага «Бясстрашны сокал», які быў надрукаваны 16 лістапада 1982 года.

Іван Аўдзеевіч Авекаў нарадзіўся ў 1919 годзе ў вёсцы Лапіцкія Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці. З сялян. Член КПСС з 1941 года. У Чырвонай Арміі з 1937 года. Скончыў ваеннае авіяцыйнае вучылішча. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Паўднёва-Заходнім, Заходнім і Цэнтральным франтах, камандаваў авіяэскадрылляй. Абараняў Маскву, Тулу. Зрабіў 178 баявых вылетаў, збіў 15 варожых самалётаў, адзін тараніў.

Загінуў у баі 17 красавіка 1943 года.

Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 24 жніўня 1943 года.

… Стаяў ціхі летні вечар. На небе ні воблачка. Раптам цішыню парушыў манатонны гул самалёта. Па небе плыла зорачка з запеленымі агнямі.

– Хутка і мы лятаць будзем. І цябе, малышка, як падрасцеш, пракачу на крылатай машыне. – Авекаў дакрануўся пальцам да носіка дачуркі, якую трымала на руках яго жонка.

– Ваня, а не боязна ўзняцца ў такую нябесную высь? – Марыя Мікітаўна ласкавым позіркам акінула мужа.

– Першы скачок з парашутам неяк быў не па сабе. А цяпер неба – мая стыхія. Галоўнае ў нашай справе: вопыт і майстэрства, смеласць і спрыт, – Іван Аўдзеевіч праводзіў вачыма чырвоназорную машыну, пакуль тая не знікла за зубчатай сцяной цёмнага лесу. – З той пары мінула больш сарака гадоў. А летні вечар, праведзены ў гарадскім скверыку, ніколі не згасне ў маёй памяці. – Жанчына змоўкла, мабыць, прыгадаўшы сваё нялёгкае жыццё, часіны грознай віхуры.

З Марыяй Мікітаўнай мы сустрэліся ў яе хаце. Яна дастае са свайго сямейнага архіву розныя паперкі, дакументы, што датычаць жыцця і службы І.А. Авекава. А вось фотакартка, з якой глядзіць з прыгожымі рысамі твару, упэўненым поглядам курсант авіяцыйнага вучылішча. Гаспадыня дома рассказвае пра кароткае сумеснае жыццё з мужам.

Да вайны яны жылі ў Віцебску. Іван Авекаў працаваў бухгалтарам у адной з устаноў горада. Днём знаходзіўся на службе, а вечарам спяшаўся на заняткі ў аэраклуб. Нягледзячы на стомленасць, ён вяртаўся дамоў з узнятым настроем. Калі ж зрабіў першы скачок з парашутам, бязмежна быў радасны. Потым пайшлі скачкі другі, трэці, чацвёрты… Усіх не злічыш. Шмат разоў выходзіў пераможцам у конкурсах па тэхнічных відах спорту. Тады Іван Аўдзеевіч рашыў стаць першакласным лётчыкам. Неўзабаве ён едзе вучыцца ў авіяцыйнае вучылішча. Дамой пісаў цёплыя, поўныя пяшчоты, пісьмы. Калі пачалася вайна, атрымала Марыя Мікітаўна толькі два лісты. У адным з іх муж прасіў берагчы дачурку Ніну, каб расла здаровай, добра выхаванай.

– Я выканала гэты наказ. Ніна ўжо сям’ёй абзавялася, жыве ў Оршы. Вярнуўся б наш сокал з вайны – якая б радасць была…

Жанчына, выцершы са шчакі слязу, прагаварыла:

– Мы з Нінай ганарымся нашым бацькам і мужам. За шчасце людское ён аддаў сваё жыццё.

У домік, што знаходзіцца на адной з вуліц Лёзна, ідуць пісьмы ад аднапалчан Авекава, з розных выдавецтваў. Аб гераічным подвігу І.А. Авекава расказана ў многіх кнігах. Яго партрэт змешчан на Дошцы гонару герояў вайны і працы, устаноўленай у райцэнтры.

Што ж здзейсніў у гады вайны наш славуты зямляк?

… Настаў сакавік. Абуджалася прырода. Прыкметы вясны былі відаць ва ўсім: пачарнела кустоўе ўздоўж рэчкі Вора, што на Смаленшчыне. Лазовыя хмызнякі рыхтаваліся выкінуць зялёнае полымя. Іван Авекаў перанёсся ў думках на Віцебшчыну, лясны край якой прырода аздобіла хараством і маляўнічасцю. Як там сям’я, бацькі? Ці жывыя? Ён ведае, што яго родную зямлю яшчэ топча фашысцкі бот. Хутка, хутка прыйдзе вызваленне і на яго бацькаўшчыну. Ужо вызвалена частка Смаленшчыны. У руінах дыміцца зямля. Ідуць жорсткія баі. Войскі Заходняга фронту, прарваўшы моцную абарону праціўніка, рушылі ўперад, на захад.

Баі ішлі не толькі наземныя. Лётчыкі чырвоназорных машын нанеслі нямала ўдараў па варожых пазіцыях. Авекаў прыгадаў свой першы паветраны бой. Было гэта 22 чэрвеня 41-га года. Група савецкіх знішчальнікаў І-16, за штурвалаў аднаго з якіх сядзеў старшы лейтэнант Авекаў, суправаджала бамбардзіроўшчыкі, што ляцелі для нанясення удару па наземных войсках праціўніка. Вораг меў значную колькасную перавагу ў самалётах і прарвацца ў яго тылы было вельмі цяжка. Ад савецкіх лётчыкаў патрабаваліся не толькі храбрасць і мужнасць, але і высокае майстэрства.

На падыходзе да цэлі на савецкія самалёты напалі сем «месершмітаў». Гераічна змагаліся нашы пілоты. Збіты адзін знішчальнік ворага, другі… Чатырох сцярвятнікаў не далічыліся фашысты, два з якіх увагнаў у зямлю Авекаў. Ворагу не ўдалося прадухіліць удар па наземных войсках: нашы бамбардзіроўшчыкі выканалі баявую задачу і без страт вярнуліся на свой аэрадром.

Раніцай 28 жніўня таго ж года на адзін з аэрадромаў у раёне Канатопа села група нашых самалётаў. Неабходны быў час, каб падрыхтаваць машыны да баявых вылетаў. І раптам паведамленне: да аэрадрома набліжаецца адзінадцаць фашысцкіх бамбардзіроўшчыкаў «Хейнкель-III». Імгненна ўзняўся ў неба знішчальнік Авекава. Смела ўрэзаўся лётчык у строй гітлераўскіх самалётаў, завязаў бой і першай кулямётнай чаргой прашыў бамбардзіроўшчыка. Ахоплены полымем і дымам, фашысцкі сцярвятнік упаў на зямлю. Такі ж лёс напаткаў і другога. Скінуўшы бомбы куды трапіла і не прынёсшы ніякай шкоды нашаму аэрадрому, нямецкія самалёты павярнулі назад.

Біў ворага старшы лейтэнант Авекаў не толькі ў паветры, але і на зямлі. У цяжкія дні лета 41-га года пяцёрка І-16, узначальваемая бясстрашным сокалам, атрымала заданне нанесці ўдар па непрыяцельскай пераправе цераз раку Дзясну ў раёне Шосткі на Чарнігаўшчыне. Знішчальнікі вышлі дакладна к аб’екту атакі і разбурылі масты, знішчылі 45 машын з пяхотай і грузам, 4 танкі, 4 зенітна-кулямётныя кропкі і каля 400 фашысцкіх салдат і афіцэраў. Рух ворага на гэтым участку быў спынены на некалькі гадзін.

І вось ён, Авекаў, на Смаленскай зямлі. Іван Аўдзеевіч на знішчальніку Як-I прыкрывае савецкія наземныя войскі на лініі фронту ля горада Гжацка, дзе 201-я стралковая дывізія вяла жосткія баі з праціўнікам. Пільна назіраючы за небам, лётчык убачыў варожыя самалёты, што вынырнулі з-за воблакаў. Колькі іх? Капітан Авекаў налічыў 7 знішчальнікаў. А ён адзін. Нягледзячы на такую колькасную перавагу фашыстаў, савецкі пілот прыняў бой. Маючы яшчэ перавагу ў вышыні і хуткасці, яны спадзяваліся атрымаць лёгкую перамогу. Іван Аўдзеевіч разварочвае машыну ў бок ворага і, ухіляючыся ад вогненных кулямётных трас, атакуе вядучую машыну. Ён ідзе ў лабавую атаку. У гэты момант усё рашае мужнасць, жалезная вытрымка. Нервы фашыста здалі: ён імкнецца ўвільнуць убок і трапляе пад кулямётную чаргу ястрабка. Ахоплены полымем «месершміт», губляючы вышыню, пайшоў уніз. Мінула некалькі хвілін, і Авекаў выводзіць са строю яшчэ адну машыну. Няроўны бой працягваецца. І раптам востры боль ударыў у нагу, разліўся па ўсім целе. Авекава параніла. Загарэўся яго Як-I. А вораг атакуе. Што рабіць? Капітан умомант вырашае ісці на таран. Маланкава зблізіўся з варожым самалётам і ударыў яго крылом сваёй машыны. Задыміў і упаў фашысцкі сцярвятнік перад самай лініяй фронту.

Але і машына нашага сокала моцна пашкождана, стала губляць вышыню. Адчувалася: лётчык робіць усё, каб выратаваць свой ястрабок. Вось самалёт на момант перайшоў у гарызантальнае становішча, але потым зноў зваліўся на крыло. Яшчэ адна спроба – і зноў няўдача. А да зямлі ўсяго некалькі дзясяткаў метраў. Апошнім намаганнем лётчык выраўняў самалёт і, трымаючыся імгненне ў паветры, упаў у прыбярэжны лясок. Падбеглі да месца падзення чырвонаармейцы, якія ўбачылі разбіты знішчальнік Як-I, а побач выкінутага пры удары аб зямлю лётчыка. Ён быў цяжка паранены, ляжаў без прытомнасці. Яго адразу ж адправілі ў медсанбат. Толькі праз некалькі дзён стала вядома імя героя, аб подзвігу якога потым ведаў увесь Заходні фронт. Гэта было 20 сакавіка 1942 года.

Іван Аўдзеевіч Авекаў ваяваў на Украіне, пад Бранскам, а з лютага 42-га – на Заходнім фронце. Гэта быў лётчык самых разнабаковых здольнасцей. Яму даручалі весці разведку, штурмаваць варожыя аўтакалоны і аэрадромы, суправаджаць у тыл ворага бамбардзіроўшчыкі і штурмавікі, ахоўваць паветраныя прасторы ад фашысцкіх сцярвятнікаў. Усе заданні камандавання капітан Авекаў выконваў узорна, дабіваючыся высокай эфектыўнасці баявых дзеянняў даверанай яму знішчальнай эскадрыллі. Так, штурмуючы гітлераўскі палявы аэрадром паблізу станцыі Цёмкіна, ён спаліў на зямлі 4 варожыя самалёты. Пасля яго штурмовак у раёне Вязьмы вораг не далічыўся яшчэ 6 баявых машын. А ўсяго ў выніку ўдараў па аэрадромах Авекаў асабіста знішчыў 23 самалёты. За 45 паспяховых штурмавых удараў па аэрадромах і аўтакалонах праціўніка камандаванне Заходняга фронту прадставіла яго да ўзнагароды ордэнам Леніна.

У 519-м знішчальным авіяпалку капітана Авекава называлі майстрам паветранага бою. На яго асабістым баявым рахунку 16 знішчаных варожых самалётаў розных тыпаў. У час тарана над Ворай ён згубіў свой першы самалёт.

Але гэта быў не апошні вылет і не апошні подзвіг савецкага патрыёта. Залячыўшы раны, Авекаў зноў вярнуўся ў полк і працягваў біць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на зямлі і ў паветры. Ён верыў, што вернецца ў вызваленную ад ворага родную Беларусь.

Загінуў Іван Аўдзеевіч Авекаў у баі ў красавіку 43-га года, калі смаленскую зямлю вызвалялі войскі Заходняга і Калінінскага франтоў. Капітану Авекаву пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Імя бясстрашнага сокала будзе вечна жыць у памяці землякоў.
Падрыхтавала

Алена Ратнёва.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости