Савецкая ўлада дала яму магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю. У гады ваеннага ліхалецця ён аддзякаваў Айчыне мужнай абаронай.

Пётр Паўлавіч Ліксо – гэтае імя, напэўна, не скажа шаноўным лёзненцам амаль нічога. Але ён, камуніст з даваенным стажам, пакінуў адметны след не толькі ў гісторыі раёна, але і ўсёй Віцебскай вобласці – і як партыйна-гаспадарчы работнік, і як арганізатар падпольна-партызанскага руху ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

На жаль, наш аповед пра ўраджэнца сучаснай вёскі Смародзіна Лёзненскага сельсавета будзе няпоўным і абмяжуецца інфармацыяй з біяграфічнага артыкула ў газеце «Віцебскі рабочы» і архіўных дадзеных, што даступныя на парталах «Партызаны Беларусі» і «Памяць народа».

Абласная газета пісала:

«Увесь жыццёвы шлях Пятра Паўлавіча Ліксо звязан з сельскай гаспадаркай. Нарадзіўшыся (12 чэрвеня 1898 года, -аўт.) ў сям’і селяніна, ён доўгі час, як гэта гаворыцца, «хадзіў» сам каля зямлі: і сеяў, і касіў, і ўбіраў, і малаціў.

Савецкая ўлада дала яму магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю і набыць прафесію агранома.

Пасля вучобы, пачынаючы з 1929 года, доўгі час тав. Ліксо працуе непасрэдна па сваёй спецыяльнасці – аграномам Лёзненскай МТС (машынна-трактарнай станцыі). Гэты прамежак часу вызначаецца вялікімі падзеямі ў жыцці савецкай вёскі: адбываецца калектывізацыя і барацьба за станаўленне калгасаў. Пятру Паўлавічу, як і многім савецкім спецыялістам, нямала прышлося папрацаваць на правядзенне сталінскага плана калектывізацыі ў жыццё, а затым прыняць актыўны ўдзел у гаспадарчым умацаванні калгасаў, унядраць у калгасную вытворчасць перадавую савецкую агранамію…».

Адслужыўшы з 1920 па 1921 год у радах Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі, Пётр Паўлавіч пазней атрымаў званне палітрука (адпавядае званню лейтэнанта) запасу. У 1938 годзе ён быў вылучаны на адказную пасаду намесніка старшыні Багушэўскага райвыканкама Віцебскай вобласці. Пачатак вайны сустрэў ужо на пасадзе старшыні гэтага ж райвыканкама. Ва ўмовах хуткага прасоўвання лініі фронту быў пакінуты па рашэнню Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі для падпольнай работы ў тыле ворага.

З 18 ліпеня 1941 года камуніст Ліксо знаходзіўся на нелегальным становішчы, пражываючы на тэрыторыі Лёзненскага раёна. Ён прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі барацьбы супраць нямецкіх акупантаў. Асабіста арганізаваў партызанскую групу з 14 чалавек. 13 сакавіка 1942 года выйшаў за лінію фронту. У красавіку 1942 года вярнуўся ў нямецкі тыл і праз месяц на тэрыторыі Багушэўскага раёна арганізаваў партызанскі атрад імя А.В. Суворава колькасцю 118 чалавек, заняўшы ў ім пасаду камісара. Узбраенне, боепрыпасы і выбуховыя рэчывы былі здабытыя байцамі непасрэдна на тэрыторыі раёна. Атрад жа ўзначаліў ураджэнец Віцебска тэхнік-інтэндант 1-га рангу Аляксандр Мацвеевіч Гавяда (былы начальнік адміністрацыйна-гаспадарчага аддзялення штаба разбітай 13-й стралковай дывізі), які трапіў у акружэнне яшчэ ў чэрвені 1941 года, дабраўся да Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, дзе неўзабаве перайшоў да актыўнай партызанскай дзейнасці.

Ужо ў чэрвені 1942 года малады атрад уліўся ў склад новастворанай Багушэўскай партызанскай брыгады. Брыгада разгарнула барацьбу супраць акупантаў і іх памагатых на тэрыторыі Аршанскага, Багушэўскага і Лёзненскага раёнаў Віцебскай вобласці. Партызаны брыгады (размяшчалася ў Сафіёўскім лесе) праводзілі дыверсіі на чыгунках Віцебск – Орша і Орша – Смаленск, на шашэйных і грунтовых дарогах. Яны неаднаразова вялі баі з карнікамі і таму мянялі месца дыслакацыі. Пасля цяжкіх баёў у кастрычніку 1942 года вымушаны былі перадыслацыравацца на поўнач. На тэрыторыі Суражскага і Гарадоцкага раёнаў працягвалі баявую дзейнасць.

Пётр Паўлавіч прымаў актыўны ўдзел у аб’яднанні асобных атрадаў і груп у буйное партызанскае злучэнне, адначасова праводзіў дзейсную агітацыйна-прапагандысцкую работу сярод мірнага насельніцтва. Ён асабіста ўдзельнічаў у дыверсіі 4 чэрвеня 1942 года на чыгунцы Віцебск – Орша, калі быў пушчаны пад адхон варожы эшалон, разбітыя паравоз і 12 вагонаў з боепрыпасамі. У прадстаўленні да першай узнагароды – ордэна Чырвонай Зоркі – адзначалася, што яго атрад №3 (ён жа імя Суворава) баяздольны і займае перадавое месца ў брыгадзе (складалася з пяці, затым з чатырох атрадаў). Толькі за перыяд з мая па лістапад 1942 года партызаны атрада пусцілі пад адхон 24 (ці 23) воінскія эшалоны з жывой сілай і тэхнікай праціўніка, знішчыўшы 18 паравозаў і 287 вагонаў, узарвалі 9 аўтамашын, 25 кіламетраў чыгуначнага палатна, 2 буйных чыгуначных маста, спалілі 4 шашэйных (драўляных) маста, разграмілі 2 камендатуры і 5 паліцэйскіх упраў. Пры гэтым было знішчана ці паранена да тысячы салдат і афіцэраў праціўніка.

У лютым-сакавіку 1943 года Багушэўская брыгада вяла цяжкія баі з карнікамі і панесла вялікія страты, у выніку чаго выйшла ў савецкі тыл, дзе і была расфарміравана. Наш зямляк (атрымаў у гэтых баях кантузію) больш удзелу ў вайне не прымаў. Ён увайшоў у склад арганізацыйнай групы Віцебскага абкама КП(б)Б. Пасля вызвалення ўсходніх раёнаў вобласці восенню 1943 года ўзначаліў сельскагаспадарчы аддзел абкама. Затым працаваў намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама. З лютага 1947 года Пётр Паўлавіч займаў пасаду начальніка абласнога ўпраўлення сельскай гаспадаркі і неўзабаве быў абраны дэпутатам Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў першага, пасляваеннага, склікання.

Як адзначалася ў згаданым газетным артыкуле,

«ён паказаў сябе здольным і ініцыятыўным работнікам, які можа правільна і ўмела падыходзіць да вырашэння задач, пастаўленых партыяй і ўрадам перад сельскай гаспадаркай вобласці. У 1947 годзе вобласць паспяхова справілася з уборкай ураджаю. Дзяржаве было здана звыш плана 200 тысяч пудоў хлеба. Сяўба азімых сёлета праведзена ў больш сціслыя тэрміны і на больш высокім агратэхнічным узроўні.

Працоўныя Выдрэйскай выбарчай акругі №40 Лёзненскага раёна высока ацанілі дзелавыя якасці Пятра Паўлавіча Ліксо і вылучылі яго сваім кандыдатам у дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў працоўных».

На жаль, далейшы лёс ураджэнца Лёзненшчыны пакуль не прасочваецца. Вядома, што ён памёр у 1961 годзе. З яго узнагарод вядомы наступныя: ордэны Айчыннай вайны 1-й ступені (30.12.1948), Чырвонай Зоркі (07.03.1943), «Знак Пашаны» (30.12.1948), медаль «Партызану Айчыннай вайны» 1-й ступені.

Канстанцін Гайдукоў, краязнаўца.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости