КУЛЬТУРА
1 минута для чтения
270

Прыміце ўдзел у “Лялечным кірмашы”

15 июля, 2015
0
Прыміце ўдзел у “Лялечным кірмашы”
Нягледзячы на тое, што ўсе думкі культработнікаў сёння заняты Міжнародным фестывалем мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, не забываюць яны і пра тое, што набліжаецца яшчэ адзін фэст – абласное свята самадзейных паэтаў і кампазітараў “Песні сунічных бароў” – які з’яўляецца для нашага раёна знакавым. Сёлета ў яго межах вырашылі правесці раённую выстаўку-конкурс “Лялечны кірмаш-2015”. На ёй будзе прадстаўлена народная цацка і лялька. Заснавальнікамі мерапрыемства з’яўляюцца аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённы Дом рамёстваў. Асноўная мэта выстаўкі – спрыяць адраджэнню і развіццю традыцый народнай бабінавіцкай цацкі-свістулькі, а таксама прадэманстраваць жыхарам гарпасёлка і гасцям свята разнастайнасць традыцый мастацтва народных цацак і лялек беларусаў. Вызначаны наступныя намінацыі: “Народная цацка з керамікі”; “Народная лялька з тэкстылю” (лялька-мотанка, спавітая лялька, лялька-жамка, рэгіянальна-этнаграфічны вобраз, гістарычны персанаж, персанаж брэнд пэўнага месца, вытворчасці, культуры); “Традыцыйная рухомая цацка з дрэва”, “Аўтарская цацка з дрэва” (у тым ліку цацкі-каталкі, каруселі); “Народная цацка з саломы, лазы, чароту, бяросты”; “Народная цацка з рэдкіх прыродных і штучных матэрыялаў” (цеста, воску, яйкавай шкарлупіны, пер’я, костак жывёл, паперы, сінтэтычных матэрыялаў); “Сувенірная аўтарская лялька”.
Удзельнікамі лялечнага кірмашу могуць стаць не толькі члены гурткоў клубных устаноў раёна і майстры-аматары, але і кожны жадаючы. Трэба прадставіць свае работы, падрыхтаваўшы да іх экспазіцыйныя этыкеткі з поўнай назвай, прозвішчам, імем і імем па бацьку аўтара. Зрабіць гэта патрэбна не пазней 17 ліпеня 2015 года. Работы прымаюцца ў раённым Доме рамёстваў. Шэсць лепшых майстроў атрымаюць прызы і дыпломы, астатнія ўдзельнікі будуць узнагароджаны дыпломамі за ўдзел.
– Цацка – гэта прадмет, які, зразумела, у першую чаргу, прызначаны для дзіцячых гульняў. Яна дае ўяўленне пра рэчы і вобразы, дапамагае малому пазнаваць навакольны свет і з’яўляецца адным са сродкаў разумовага, эстэтычнага і фізічнага выхавання, – расказвае кіраўнік Дома рамёстваў І. М. Самусенка. – Аднак цацка заўсёды нясе на сабе адбітак сацыяльнага ладу грамадства, узроўню яго культуры, нацыянальных, мастацкіх традыцый і эстэтычных запатрабаванняў. Яны выкарыстоўваюцца таксама як сувеніры і мастацкія вырабы для аздаблення інтэр’ераў.
На Беларусі, па словах Інэсы Міхайлаўны, самымі старажытнымі і распаўсюджанымі былі гліняныя цацкі, пустацелыя гліняныя шарыкі, яйкі з каменнымі шарыкамі ўнутры, фігурныя цацкі-свістулькі. Гэтыя цацкі ў даўнія часы мелі таксама і рытуальнае прызначэнне: свіст ці бразгатанне павінны былі адганяць злых духаў. Фігуркі людзей, якія абазначалі продкаў, хатніх жывёл ляпілі з надзеяй паўплываць на дабрабыт сям’і.
– Значнае распаўсюджанне ў народным побыце мела драўляная цацка, – працягвае І. М. Самусенка. – Яна звычайна была рухомай. Папулярнымі былі пілавальшчыкі, дрывасекі, кавалі, а таксама цацкі-каталкі, каруселі. Майстравалі цацачную мэблю, посуд, прылады працы. Шырокае распаўсюджванне мелі цацкі-птушкі са шчапы. Іх падвешвалі над дзіцячымі калыскамі, і яны “ляталі” ад ветру. У ХХ стагоддзі шырокі попыт атрымала аўтарская такарная і разьбярная цацка. Цацкі з саломы (людзі, птушкі, жывёлы) рабілі з аднаго-двух па рознаму складзеных і перавязаных саламяных пучкоў. Сюды ж можна аднесці і шырока вядомых павукоў. Выраблялі тэкстыльныя лялькі, якія зваліся “мотанка”. Гэта старажытны спосаб вырабу лялек праз намотванне нітак, стужак, кавалкаў тканіны на аснову з травы, дрэва. Для вырабу “мотанкі” ўжываліся натуральныя матэрыялы, каб такая лялька не нашкодзіла дзіцяці. На месцы вачэй і носу намотвалі крыж з чырвоных нітак, што з’яўляецца сімвалам сонца і жыцця. Лялькі-засцярогі рабілі не толькі з тканіны, але і з гліны, дрэва, косці, цеста, воску, яйкавай шкарлупіны, пер’я і іншых матэрыялаў. Аднак усе лялькі-засцярогі падобныя ў адным – у іх не было твару.
Тыя, хто жадае прыняць удзел у выстаўцы, больш поўную інфармацыю могуць атрымаць па тэлефоне 4-27-94.
Алена РАТНЁВА.
P.S. Арганізатары дадзенай выстаўкі задумалі цікавую і добрую справу. Упэўнены, знойдуцца людзі, якія пажадаюць прадставіць свае работы. А мясцовыя жыхары з задавальненнем пазнаёмяцца з экспазіцыяй. Арганізатарам жа ўсяго мерапрыемства, магчыма, няблага было б падумаць і над стварэннем яшчэ адной лялечнай экспазіцыі – з лялек, якія не нясуць мастацкую нагрузку, але прыцягнулі б увагу многіх гледачоў. Напрыклад, лялькі, у якія гулялі дзяўчынкі 60-80-х. Магчыма, у кагосьці яны захаваліся ў добрым стане і сталі б матэрыяльным сведчаннем для сённяшняга пакалення, якімі былі цацкі іх матуль і бабуль, а самі матулі і бабулі на некалькі хвілін перанесліся ў дзіцячыя гады.
Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Связанные новости