На мінулым тыдні ў Мінску адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да Дню працаўнікоў культуры, з удзелам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатоля Маркевіча.

Наш зямляк Аляксей Агееў, дырэктар Дома культуры аг. Дабрамыслі, быў узнагароджаны нагрудным знакам «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». Кіраўнік народнага фальклорнага калектыва «Медуніца» Ганна Макравусава атрымала падзяку кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры, шматгадовую плённую працу і высокі прафесіяналізм.
Гэтай восенню калектыву з неверагодна прыгожым кветкавым водарам спаўняецца 37 гадоў. Амаль увесь час, за малым выключэннем, кіруе ім Г.Ф. Макравусава. У скарбонцы «Медуніцы» – надзвычай багаты самабытны фальклорны матэрыял з розных куткоў лёзненскага краю: песні, прыпеўкі, танцы, абрады… Вось толькі непакоіцца Ганна Фёдараўна аб тым, што моладзь больш цікавіцца эстрадай і мала ўвагі звяртае на вывучэнне і захаванне духоўнай народнай спадчыны. Жанчына ўпэўнена: ні сённяшняе, ні наступныя пакаленні не
маюць права згубіць культуру нашых продкаў.
Праца «Медуніцы» скіравана якраз на папулярызацыю народнай творчасці. Ніводнае значнае свята ў раёне не можа абысціся без цудоўных беларускіх песень у выкананні народнага калектыва. Яго ўдзельнікі сваёй прысутнасцю адразу напаўняюць асаблівай святочнасцю тыя ж абрады «Зажынкі» і «Дажынкі».
Кабінет Дома культуры аг. Адаменкі, на якім вісіць таблічка з надпісам «Народны фальклорны калектыў «Медуніца», нагадвае сабою этнаграфічны куток. Старая мэбля, прылады працы, гліняныя гарлачыкі, дзежкі для цеста, інструменты для ткацтва і нават калыска, у якой калыхалі ў маленстве вядомага работніка культуры раёна Галіну Васільеўну Паўлоўскую.
Сярод экспанатаў – лучкоўка і рубель – інструменты, неабходныя для бандарства, належалі яшчэ бацьку Ганны Фёдараўны і прывезены з Магілёўшчыны, як і збанок, адметны набіўным малюнкам.

Любоў да народнай культуры, музыкі і спеваў у Г.Ф. Макравусавай з далёкага дзяцінства. Бацькі добра спявалі і танчылі, а бацька яшчэ і граў на гармоніку. Перадала яе Ганна Фёдараўна і сваім дзецям, і нават унучцы. Сын, Антон Уладзіміравіч, на працягу сямі гадоў быў дырыжорам ваеннага аркестра ў воінскай часці ў Фарынава. Другі сын, Анатоль, выбраў таксама творчую прафесію, але іншага напрамку. Ён – мадэльер абутку і працуе інжэнерам-тэхнолагам на адной з абутковых фабрык Санкт-Пецярбурга. Яго дачка Валерыя – студэнтка Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва ў Маскве і ўдзельніца папулярнага маскоўскага караоке-клуба «Кадрыль». У сферы культуры працуе і дачка Ганны Фёдараўны Сняжана. Яна – старэйшы навуковы супрацоўнік Лёзненскага ваенна-гістарычнага музея.
– Я вельмі ўдзячна свайму мужу Уладзіміру за шчасце займацца любімай справай, – кажа мая субяседніца. – Самі разумееце, праца на ніве культуры адымае шмат часу. Муж ніколі ў жыцці не папракнуў мяне тым, што я позна вярнулася або паехала з выступленнямі на некалькі дзён. А ў свой час у нас была вялікая гаспадарка: карова, свінні, конь. Плюс у 37 гадоў паступіла ў Мінскі інстытыт культуры і два разы на год ездзіла на сесію. І трое дзяцей, якія патрабавалі ўвагі. Ён і ўрокі з імі рабіў, і па гаспадарцы спраўляўся.
А паездзіць Ганне Фёдараўне, сапраўды, давялося нямала, нават за мяжу. Раён – удоль і ўпоперак шмат разоў. Адметны калектыў неаднаразова бываў у Мінску, на многіх расійскіх сцэнічных пляцоўках. Некалькі год таму менавіта «Медуніцы» было дадзена права адкрываць абласное свята «Дажынак» у Шуміліне. У сярэдзіне верасня калектыў прымаў удзел у форуме «Гісторыя, якую мы ствараем разам», які праходзіў у Маскоўскім Доме нацыянальнасцей. Не паспелі вярнуцца на Радзіму, як трэба было ехаць у Віцебск на чарговы колнкурс, дзе адразу заваявалі першае і другое месца.
Грамат, падзяк рознага ўзроўню як у Г.Ф. Макравусавай, так і ў «Медуніцы» вялізная колькасць. Сама Ганна Фёдараўна – уладальніца нагруднага знака «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» і «Жанчына года Беларускага Саюза жанчын», лаўрэат звання «Чалавек года Віцебшчыны-2014».
Як кажа Ганна Фёдараўна, да ўзнагарод адносіцца роўна. Галоўнае – каб жыла народная культура і беларускае слова, да якога ў яе асабліва трапяткое стаўленне. Прызнаецца, што нават думае па-беларуску. І на свет нараджаюцца вершы і песні на роднай мове, такія ж прыгожыя, як душа нашых продкаў.
Вольга Пінчук.
