І зноў, калі рыхтавалі чарговы матэрыял для праекту «Вуліцы Перамогі» пра Героя Савецкага Саюза Цімафея Якаўлевіча Гарнова, высветлілася, што самы лепшы варыянт – перадрукаваць артыкул былога намесніка галоўнага рэдактара «раёнкі» Фёдара Курбацкага «Да апошняга дыхання», які выйшаў у газеце «Сцяг Перамогі» у 1979 годзе да 35-годдзя вызвалення Савецкай Беларусі ад нямецка-фашысцкай Германіі.
Мгновенья раздают кому позор, кому бесславие, а кому бессмертие.
Р. Рождественский.
У трох вярстах ад шасэ Віцебск-Орша, за пералескам, раскінулася вёска Асіпова – адна з аддаленых брыгад саўгаса «Высачаны». Ахінаючы сялянскія сядзібы, нясе тут свае воды Лучоса. Раней, калі стаялі шматснежныя зімы, зраўнівала рэчышча з берагамі ракі. Вясной Лучоса моцна разлівалася і затапляла луг. Шэсць хат, што абляпілі невялікі пагорак, аказаліся адрэзанымі ад вёскі. Дзецям, каб трапіць у школу, трэба было абгінаць заліўны луг. Ісці не адну лішнюю вярсту. А напрасткі – нейкіх трыста метраў. Веснавым ранкам неслася з пагорка:
– Цімошка, хутчэй гані лодку.
Настаўніца-пенсіянерка Марыя Фёдараўна Мантрова працягвае:
– Перавозіў Гарноў нас у школу і са школы, пакуль не спадала вада. Ён тады ў трэці клас хадзіў, а я – у першы. Паслухмяны быў хлопчык. Любілі яго рабяты. Захапляўся рыбнай лоўляй, любіў грыбы збіраць.
Расказ Мантровай дапоўніла жыхарка з гэтай жа вёскі Марыя Уладзіміраўна Хадарцова.
– З Гарновым амаль па суседству жылі. Яны яшчэ родзічамі нам даводзяцца. Іхняя сям’я была вялікая: дзевяць душ. Пяць сыноў і дзве дачкі. У іх рана бацька памёр. Дзеці дружна дапамагалі маці. Алена Максімаўна не магла нарадавацца сваімі рабятамі. Пра Цімошку пытаеце? Рослы, русавалосы, словам, прыгожы быў. Яшчэ: рашучы і смелы.
Жанчына пра адзін з эпізодаў расказала. Стаяў цёплы, сонечны дзень. У прыродзе ўсё ажывала. На Лучосе ад берага адтаяў лёд. Пад напорам вады ён уздымаўся, чуўся трэск. Вось-вось пачнецца крыгалом. Тут з ранку да вечара ў выхадныя дні не змаўкаў дзіцячы гоман. Вясковыя хлапчукі пускалі папяровыя караблікі, а больш смелыя перабраліся на лёд. Вечарам па кладках з жэрдак рабяты сыходзілі на бераг. І тут здарылася непрадбачанае: абламаўся край лёду, на якім ляжалі канцы жэрдак, і шасцігадовы хлопчык трапіў у сцюдзёную ваду. У гэты момант не разгубіўся і, доўга не раздумваючы, кінуўся на выратаванне малыша Цімошка Гарноў, які добра плаваў. Пакуль валтузіліся ў вадзе, сюды прыбеглі дарослыя…
– У сорак чацвёртым ён у апошні раз наведаў родныя мясціны, сустрэўся тады са сваёй цёткай Лізаветай Ануфрыеўнай. А мне ж не давялося сустрэцца: па лясах хаваліся ад немчуры, – закончыла свой расказ М.У. Хадарцова.
Як гэта было? Ішоў 1944 год. Савецкая Армія вяла паспяховае наступленне на ўсім фронце. 159-я стралковая Чырванасцяжная ордэна Суворава II ступені Віцебская дывізія, з баямі фарсіраваўшы Нёман, выйшла на тэрыторыю заходняй часткі Літвы.
Стаяў цёплы жнівеньскі вечар. Кароткая перадышка. Цішыня. Як хацелася хоць на момант забыцца аб вайне, успомніць родныя мясціны, дарагіх, блізкіх сэрцу людзей. І кожны цешыў сябе надзеяй, што дажыве да светлага дня перамогі, вернецца дадому, сустрэне сваіх.
Думаў аб гэтым і старшы сержант, камандзір гарматнага разліку Цімафей Гарноў. Думаў аб маленькай беларускай вёсачцы на Віцебшчыне, дзе нарадзіўся, дзе прайшло басаногае дзяцінства. У памяці яшчэ свежыя былі ўражанні ад нядаўняй сустрэчы з цёткай. Гэта адбылося тады, калі часці дывізіі вызвалялі Віцебшчыну. Пашчаслівілася Цімафею Гарнову: ён на некалькі хвілін забег дадому. Стаяў ля спаленай хаты, акінуў сумным позіркам наваколле. Пахла порахам і дымам. Спалена палавіна вёскі.
Ад нахлынуўшага хвалявання і моцнага ўзбуджэння ў Гарнова зашчаміла сэрца. Ён прыгадаў дзяцінства. Пасля сканчэння пачатковай школы рабіў у калгасе імя Войкава. Ганяў коней на начлег, лес з-пад Бабінавіч нарыхтоўваў, ганяў плыты да Асіпова. Будавалі фермы, узводзілі жытло. Што ж нарабілі тут гады-фашысты? Ад болю сціскалася сэрца. Родныя мясціны… Сем гадоў мінула з той пары, калі ён быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Палюбіў салдацкае жыццё і застаўся на звыштэрміновай службе. А тут вайна. З Прыморскай вобласці ён ехаў на фронт. Колькі пройдзена дарог! І вось родная вёска. Дзе маці, браты і сёстры? З-за спіны Гарнова пачуўся жаночы голас.
– Цімошка, ці ты гэта?
Перад байцамі стаяла, угнуўшы голаў у плечы, жанчына. Ад хвалюючай сустрэчы ў яе каціліся з вачэй слёзы.
– Цётка Ліза! Добры дзень! Якія навіны? Дзе мае? – прыхінуўшы да сябе блізкага чалавека, пытаў Гарноў.
Моўчкі слухалі Цімафей і яго баявыя таварышы сумныя весткі. У сорак другім немцы расстралялі маці, а сястру і брата пагналі ў Германію. Два старэйшыя браты на фронце. Спатканне з родным домам было перапынена камандай: «Наперад». Ведаючы ў сваіх краях кожную сцяжынку, Гарноў прапанаваў камандзіру дывізіёна рухацца напрасткі па лясных дарогах. Кароткімі шляхамі ішлі салдаты наперарэз адступаючаму праціўніку. «Помсціць, помсціць праклятым фашыстам!» – стукала сэрца байца.
У адной са стычак пад Сянно вызвалілі калону мірных савецкіх людзей. Сярод іх былі і землякі Цімафея Гарнова. Яны абдымалі і цалавалі байцоў, разглядалі баявыя ўзнагароды, чырвоныя зорачкі на ствалах гармат, што абазначалі колькасць падбітых нямецкіх танкаў. На гармаце Гарнова чырванела пяць такіх зорачак.
Кароткі прывал – і зноў у шлях. Салдаты наступалі па пятах ворага, помсцячы фашыстам за злачынствы, зробленыя на савецкай зямлі.
Аднойчы ўжо на подступах да Смаргоні разлік Гарнова аказаўся наперадзе баявых парадкаў нашай пяхоты. Артылерыстам выпаў на долю цяжкі паядынак з трыма танкамі і ротай аўтаматчыкаў праціўніка. Яны ўступілі ў бой.
Наводчык гарматы Аляксандр Бялодка знішчыў дзве варожыя машыны, а ў трэцім танку, які пачаў разварочвацца для атакі нашай пазіцыі, перабіў гусеніцу. У гэты час каля пяцідзесяці нямецкіх аўтаматчыкаў пайшлі ў атаку. Гарноў, загадаўшы біць па іх асколачнымі снарадамі, узяўся за аўтамат. Мужна змагаюцца нашы артылерысты. Але не хапіла снарадаў, і воіны ўзялі ў рукі асабістую зброю. Каб выратаваць гармату, Гарноў даў сігнал ездавому Лесіну, і той прыгнаў запрэжаных у перадок пару коней. Хутка прычэплена гармата. Адстрэльваючыся, байцы сталі адыходзіць да лесу. Да ўскраіны было ўжо рукой падаць, як упалі скошаныя кулямі коні.
– Пастронкі сячы, пастронкі! – загадаў Гарноў, і гармату пацягнулі рукамі.
Гітлераўцы насядалі. І раптам яны, адхлынуўшы, залеглі. У гэты момант ударылі падаспеўшыя на дапамогу гарматы Мінгазы Хайрутдзінава і Андрэя Папова. А ў хуткім часе даставіў боепрыпасы старшына Старцаў.
І зноў б’е гармата Цімафея Гарнова. Разлік яго дайшоў да берагоў Балтыкі. І вось ён, Цімафей Гарноў, на зямлі Літвы. Ціхі вечар. У блакітнай высі не змаўкае песня жаваранка. Зноў пацягнула родным, блізкім. Той жа лес, рака… Але трывожныя думкі не давалі пакою. Няма маці ў жывых, сястру і брата пагналі ў Германію.
Помсціць, помсціць да апошняй кроплі крыві, да апошняга дыхання! За маці, за растаптаную нямецкім ботам маладосць, за акрываўленую родную зямлю.
Так думаў салдат перад апошнім боем. Апошнім? Правільней, самым цяжкім і самым галоўным у яго франтавым жыцці.
Вораг доўга не заставіў сябе чакаць. Спакойна мінула толькі ноч. А раніцай, аглядаючы мясцовасць, камандзір артпалка гвардыі падпалкоўнік Осіпаў (ён жа напісаў вучням Асіпоўскай школы аб баявой дзейнасці Цімафея Якаўлевіча Гарнова) заўважыў на флангу артылерыйскіх батарэй скопішча танкаў. Іх было каля сарака.
У кароткі час усё было прыведзена ў баявую гатоўнасць. Стрымліваць націск ворага прыйшлося артылерыстам чатырох гармат, камандзірамі якіх былі Цімафей Гарноў, Мінгаза Хайрутдзінаў, Аляксей Віліманаў і Андрэй Папоў.
Не прайшло і паўгадзіны, як танкі праціўніка амаль калонай выйшлі ў раён агнявых пазіцый нашых батарэй і пачалі ўдакладняць аб’екты атакі. Тады і адкрылі па іх агонь артылерысты. Танкі развярнуліся і на кожную гармату рушыла каля дзесяці баявых машын.
На подступах да гармат адна за адной гараць варожыя машыны. Нялёгка і нашым байцам. Асабліва ў складаным становішчы аказалася гармата Гарнова. Да дзесяці танкаў, з двух бакоў ведучы агонь, спрабуюць падысці, каб гусеніцамі раздавіць яе. Трапным агнём артылерыстаў падбіты тры. Прыцэл, выстрал – і загарэўся чацвёрты. Але снарадам, выпушчаным з танка, былі забіты двое з разліку Гарнова. Сам Цімафей паранены. Бой працягваецца. Застаўшыся ўтраіх, артылерысты падбілі яшчэ два танкі. Вораг лезе настырна. Загінуў наводчык. І тады камандзір гарматы Цімафей Гарноў, перасільваючы боль, стаў да панарамы. Танк у 300-х метрах. Яшчэ выстрал – загарэўся і гэты. Але тут падае паранены Гарноў.
Так і не ўдалося фашысцкім танкам прарваць абарону. Дваццаць пяць з іх былі падбіты, астатнія павярнулі назад.
Шмат учынкаў здзейсніў беларускі патрыёт. Вось кароткая даведка, што змешчана ў кнізе «Навекі ў сэрцы народным»: «Гарноў Цімафей Якаўлевіч – Герой Савецкага Саюза (24.3.1945 г.). Нарадзіўся ў 1916 г. у вёсцы Асіпова Лёзненскаг раёна Віцебскай вобласці. З сялян. Беларус. Член КПСС з 1942 г. У Чырвонай Арміі з 1941 г. З сакавіка 1942 г. на Паўночна-Заходнім і 3-м Беларускім франтах. Камандзір артылерыйскай гарматы ст. сержант Ц.Я. Гарноў вызначыўся пры вызваленні Віцебскай вобл. і Літвы. Яго гарматны разлік 29.7.1944 г. у час прарыву абароны праціўніка ля вёскі Патамульша на левым беразе Нёмана знішчыў назіральны пункт, гарматы, 5 кулямётаў праціўніка, у час наступлення ля вёскі Пушчаград – гармату, 4 кулямёты і каля ўзвода варожых аўтаматчыкаў. У жніўні 1944 г. разлік разбіў некалькі танкаў, самаходную гармату і знішчыў каля 80 варожых салдат. 17.8.1944 г. першы фарсіраваў р. Шашупе, адбіваючы контратакі праціўніка, забяспечыў пераправу нашых войск. Ц.Я. Гарноў загінуў у баі 23.10.1944 г. Пахаваны ў пас. Бабушкіна Несцераўскага р-на Калінінградскай вобл. На магіле ўстаноўлены помнік».
Калі старшаму сержанту Ц.Я. Гарнову было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, у той час артылерыста ўжо не было ў жывых. Ён загінуў у баях на зямлі Усходняй Прусіі. Цяпер на месцы гібелі героя пастаўлен абеліск.
Не забылі земляка жыхары Асіпова Крынкаўскага сельсавета, вучні мясцовай школы. Асіпоўскай васьмігадовай школе ўручана на вечнае захаванне Грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні старшаму сержанту Цімафею Якаўлевічу Гарнову звання Героя Савецкага Саюза. Бацькі і маці ў Гарнова няма. Таму школе, дзе вучыўся герой, і выпаў вялікі гонар захоўваць Грамату.
Страчаныя вузы дружбы
У сваім артыкуле Фёдар Курбацкі расказваў аб тым, што памяць аб героі жыла не толькі ў сэрцах аднавяскоўцаў. Яго імя горда красавалася на борце траўлера, які часта заходзіў у родны порт Калінінграда. Устанавілася цесная сувязь паміж экіпажам траўлера і асіпоўскімі рабятамі. Вось які адказ далі маракі на пісьмо вучняў: «З задавальненнем выконваем вашу просьбу – высылаем фотакартку карабля, які носіць імя героя – вашага земляка. Рыбалоўны траўлер маразільны «Цімафей Гарноў» пабудаваны ў ГДР. Ён з’яўляецца паказальным суднам Калінінградскай базы экспедыцыйнага флоту. Удзельнічаючы ў сацыялістычным спаборніцтве ў гонар першай гадавіны новай Канстытуцыі СССР, экіпаж выканаў план трох гадоў пяцігодкі яшчэ ў верасні мінулага года. І сёлета добра ідуць справы. І вы, рабяты, добра вучыцеся, будзьце дастойны імя свайго земляка».
Помнілі пра подзвіг сына беларускай зямлі і вучні школы №27 г. Вільнюса, дзе працаваў заслужаны настаўнік Літоўскай ССР П. Фралоў, які з чырвонымі следапытамі вёў вялікую работу па адшуканню герояў. Менавіта ён упершыню на старонках раённай газеты расказаў аб мужнасці і смеласці Цімафея Якаўлевіча Гарнова.
Вузы дружбы, па словах аўтара, у той час мацнелі з кожным годам. Гэта дружба была змацавана крывёю ў гады грознай віхуры. Вось чаму народы шматнацыянальнай краіны тады свята ўшаноўвалі памяць тых, хто аддаў жыццё за светлае сёння. Памяць аб іх навекі захоўваецца ў сэрцы народным і ў сённяшней Беларусі, чым мы можам па праву ганарыцца.
Матэлыял прадастаўлены Лёзненскім ваенна-гістарычным музеем.
