“Песня збірае сяброў”. Пад такой назвай на мінулым тыдні ў Оршы праходзіў ІІ Межрэгіянальны фестываль мастацкай творчасці ветэранаў Для ўдзелу ў ім былі запрошаны арганізацыі беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Віцебскага, Лёзненскага, Сенненскага, Аршанскага, Дубровенскага, Талачынскага раёнаў Віцебскай вобласці і Горацкага Магілёўскай. Што адметна – наш харавы калектыў, прадстаўлены на фестывалі, аказаўся самым шматлікім. Яго ўдзельнікі з асаблівай мілагучнасцю выканалі на сцэне Аршанскага гарадскога Цэнтра культуры песню Ірыны Глушаковай на словы Віктара Пятрова “Мой Лёзненскі цудоўны край”. Цёпла ўспрынялі журы і ўдзельнікі фестывалю таксама і выступленні дуэта ў складзе Міхаіла і Веры Мураўёвых, салісткі хора Валянціны Маскаленкі, дэкламацыю аўтарскага верша Міхаіла Мураўёва. Лёзненскім аматарам мастацкай самадзейнасці былі ўручаны дыплом аргкамітэта, памятны сувенір і пышны каравай ад гаспадароў фестывалю.
Нельга не адзначыць, што выступленні самадзейных артыстаў заўсёды выклікаюць падзяку гледачоў. Дастаткова сказаць, што і ў мінулым годзе, які праходзіў у г.п. Коханава абласным аглядзе-конкурсе клубаў “Ветэран”, наш калектыў заняў першае месца. У тым, што лёзненскі народны клуб “Ветэран” дзейнічае, плённа працуе і дабіваецца шырокага прызнання немалая заслуга былога кіраўніка клуба Г. І. Атрошчанкі, умелага кіраўніка хору Н. І. Раманьковай, спрактыкаванага акампаніятара А. К. Бондарава.
Нядаўна народны клуб узначаліла старшыня ветэранскай арганізацыі работнікаў культуры В. П. Мінаева. Пажадаем жа ёй поспехаў у новай цікавай справе. Дарэчы, Валянціна Пятроўна запрашае для супрацоўніцтва ў клуб усіх, хто малады душою, у каго ёсць жаданне з карысцю правесці час і ўдзельнічаць у цікавых мерапрыемствах.
НА ЗДЫМКУ: удзельнікі фестывалю “Песня збірае сяброў”.
Яўген ДУДКІН.
