4 верасня ўжо далёкага 1980 года ў рэспубліканскай газеце «Звязда» пабачыў свет артыкул з цікавай назвай – «Узнагарода рэспублікі». Яго аўтар – старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея БССР І. Каспяровіч.
Што адметнага, спытаецца шаноўны чытач, можа быць у гэтай назве? А справа ў тым, што на той момант у Беларускай ССР уласных ордэнаў і медалёў не існавала. Усе ўзнагароды, за выключэннем ордэнаў і медалёў для шматдзетных маці, узгадняліся ў Маскве і выдаваліся згодна з Указамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. На ўзроўні рэспублікі бадай што вышэйшай узнагародай лічылася Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета. Няхай дарагі чытач сам пазнаёміцца з артыкулам, дзе расказваецца пра палкоўніка Ганчарова, ураджэнца былой вёскі Старына Крынкаўскага сельсавета (раней уваходзіла ў склад Высачанскай воласці Аршанскага павета Магілёўскай губерні).
«У Дзяржаўны музей БССР паступілі дакументы, асабістыя рэчы, франтавыя фотаздымкі, якія перадаў кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР В.М. Ганчароў.
У апошні час Васіль Макаравіч Ганчароў жыве ў Смаленску на зацішнай вуліцы ля сквера. Са Смаленскам у яго лёсе многае звязана. З вокнаў кватэры Ганчарова відаць будынак медінстытута. Тут праходзіў І з’езд Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі. Амаль кожны дом у гэтым горадзе – сама гісторыя.
Цяпер Васіль Макаравіч пенсіянер. Дзелавы па натуры, ён не сядзеў бы дома, каб не пачало падводзіць здароўе: напамінае перажытае. Васіль Макаравіч добры апавядальнік, тым больш, што яму ёсць аб чым успомніць. Часам сваім гасцям ён расказвае аб першых пяцігодках, аб уражальных зменах у жыцці беларусаў, сведкай якіх быў сам.
Незвычайны гэта быў час: будаваліся Магнітка, Турксіб, Камсамольск-на-Амуры, па-новаму заворваліся палі. Краіна жыла адным працоўным рытмам. Ёсць у агульнай справе і доля Ганчарова. Яму, ударніку працы першай пяцігодкі, была ўручана высокая ўзнагарода рэспублікі – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР. З 1924 па 1933 год працоўныя рэспублікі ўзнагароджваліся такім ордэнам. Нямногія яго экзэмпляры збярог і данёс да нас час. Таму ордэн лічыцца унікальным.
Трэба адзначыць, што Беларуская ССР сталася апошняй з тагачасных рэспублік Саюза ССР, дзе была зацверджана ўласная дзяржаўная ўзнагарода – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР. Адпаведны ўказ быў падпісаны Прэзідыумам Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР 25 ліпеня 1924 года. Згодна з пастановамі ЦВК і СНК БССР ад 10.10.1924 г. ордэнам узнагароджваліся асобныя грамадзяне, прадпрыемствы, установы, арганізацыі і калектывы працоўных за асобыя заслугі ў справе сацыялістычнага будаўніцтва і абароны краіны. Ордэн насілі на левым баку грудзі, узнагароджанаму таксама ўручалася грамата, а з 1932 года – ордэнская кніжка. Кавалеры ордэна атрымлівалі шэраг ільгот: штогадовая прэмія ў памеры 200 рублёў, права бясплатнага праезду ў трамваях ва ўсіх гарадах рэспублікі, зніжка на аплату жылля ад 10 да 50% і некаторыя іншыя. У першыя гады існавання ўзнагароджванне ордэнам практыкавалася даволі рэдка. Так, з канца 1924 па люты 1928 года было выдадзена ўсяго 15 ордэнаў. Толькі шэсць з гэтых узнагароджванняў былі асабістымі.
Нарадзіўся Васіль Ганчароў у вёсцы Старына ў сям’і селяніна-бедняка. 1913 год не абяцаў нічога добрага. Запусценне, голад, разруха панавалі ў вёсцы. І хто ж тады мог меркаваць, што такое цікавае, багатае на падзеі жыццё чакае сялянскага сына? Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя ў корані змяніла сялянскі ўклад. Стала весялей і ў хаце Макара Кірылавіча. У 1928 годзе ў вёсцы стварылі калгас «Чырвоныя ўсходы». Васілёў бацька тады адным з першых прывёў свайго каня на калгасны двор.
Падрасталі сыны-памочнікі. Васіль быў дужы, як і бацька, у час школьных канікулаў разам з братамі працаваў грабаром у Старынскім меліярацыйным таварыстве. Асушваць балоты – справа не з лёгкіх. Але ўсе ведалі, што карысць ад гэтага будзе вялікая.
Закончыўшы ў 1930 годзе сямігодку, Васіль Ганчароў паехаў у Віцебск і паступіў у школу дарожна-будаўнічага вучнёўства. Асабліва запомніліся лета і восень 1932 года. Тады ён упершыню скарыстаў свае веды на практыцы. Камсамольца накіравалі ў трэцяе дарожна-будаўнічае ўпраўленне «Белдарбуд» у горад Лепель машыністам па ўкатцы шашэйных дарог. Тую першую сваю дарогу, што звязала Лепель з Улай, Ганчароў скалясіў кіламетр за кіламетрам многа разоў. Колькі было радасці для дарожнікаў, калі першая калона машын з прывітальнымі лозунгамі прайшла па новенькай гравійцы! Задаволены былі будаўнікі яшчэ і таму, што пракапалі дарогу ў кароткі час, справіліся з заданнем за пяць месяцаў. За ўдарную работу Васіля Ганчарова тады ўзнагародзілі грашовай прэміяй, а ў падарунак выдалі скураны гарнітур. Радасна было хлопцу, што так высока ацэнена яго праца. Ён яшчэ не ведаў, што наперадзе чакае яго ўзнагарода рэспублікі. Аб гэтым стала вядома 3 снежня 1932 года, калі пастановай ЦВК БССР В.М. Ганчароў быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР. Гэту высокую ўзнагароду дзевятнаццацігадоваму юнаку ўручыў усебеларускі стараста Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў.
Атрымаўшы спецыяльнасць, В. Ганчароў працаваў брыгадзірам па рамонту дарожных машын, а летам 1933 года «Белдарбудам» быў накіраваны ў Віцебск, у ваенна-будаўнічае ўпраўленне №69. Там яму даручылі ўкатваць паветрана-пасадачныя палосы, рулёжныя дарожкі да ангараў будуемага аэрадрома. У маі 1935 года Васіля Ганчарова прызвалі на тэрміновую службу ў Чырвоную Армію. З гэтага дня ён моцна звязаў сваё жыццё з арміяй. Служыць пачынаў у бранятанкавых войсках. Ён заканчваў Мінскія курсы малодшых вадзіцеляў, калі ад Клімавіцкай выбарчай акругі яго абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР у Савет Нацянальнасцей. Гэту ганаровую місію ён выконваў дзесяць гадоў.
Унікальным ордэнам была адзначана працоўная доблесць нашага земляка. Наступным – ужо баявым – стаў для яго ордэн Чырвонай Зоркі, якім старшы палітрук Ганчароў быў узнагароджаны 29.12.1941 г. (калі яшчэ ўзнагароджванні былі рэдкай з’яваю) – за адзнаку ў восеньскіх баях першага года вайны. К 1945 году дабавіліся яшчэ два ордэны – Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў, а таксама – не менш каштоўныя любому франтавіку, чым самі ордэны, – медалі «За абарону Ленінграда», «За абарону Сталінграда», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Варшавы», якія сталі своеасаблівымі вехамі на баявым шляху Васіля Макаравіча. А пасля вайны афіцэр, які прайшоў усю вайну, атрымаў ордэны Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі і медаль «За баявыя заслугі» – усе за выслугу гадоў. У запас ён звольніўся толькі ў 1956 годзе.
…Першы бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі 9-ы танкавы полк, у якім служыў В. Ганчароў, прыняў за гор. Алітус. З гэтага часу нялёгкі ваенны лёс кідаў Ганчарова туды, дзе цяжэй. Бясстрашныя танкісты ішлі ў бой на Бранскім і Паўднёвым франтах, абаранялі Сталінград. На грудзях бывалых воінаў заззялі ўзнагароды. Васіль Ганчароў быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны, у яго планшэтцы захоўваліся падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. З кастрычніка 1942 года намеснік камандзіра па палітчастцы 50-га асобнага гвардзейскага цяжкага танкавага палка В.М. Ганчароў удзельнічаў у баях за гор. Тула (так у тэксце, але баі за Тулу скончыліся яшчэ ў снежні 1941 года –аўтар), з войскамі 1-га Беларускага фронту вызваляў родную зямлю. Цяжка давалася перамога. Можа таму асабліва дарагая В. Ганчарову падзяка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага за ўзяцце Берліна. І зараз успамінаюцца Васілю Макаравічу кароткія (паміж баямі) партыйныя сходы. Не адыходзячы ад гарачай брані танкаў, байцы слухалі зводкі Савінфармбюро, прымалі ў свае рады маладых камуністаў, кляліся помсціць ворагу. І тут жа ўспышка ракеты кідала ўсіх да рычагоў грозных машын, і стальная армада ішла ў бой. Для кожнага ваяваўшага танкіста бранявыя машыны, якія мірна застылі цяпер на пастаментах, назаўсёды застануцца часткай іх жыцця, вернымі баявымі таварышамі».
Канстанцін Гайдукоў.