Вучаніца 11 класа Крынкаўскай сярэдняй школы імя М.Ц. Лынькова Марыя Стахоўская ў складзе каманды Віцебскай вобласці стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Беларусь – мая Радзіма».

У першым туры конкурсу Марыя распрацавала экскурсійны маршрут, у які ўвайшлі аб’екты ваеннай гісторыі: помнік Герою Савецкага Саюза М.В. Акцябрскай у Крынках, мемарыяльны комплекс «Ціхмянаўская вышыня», помнік ахвярам фашызму ў Асташэва, мемарыяльны комплекс «Адаменская горка» ў Лёзна, афіцэрскія могілкі ў Стасева і мемарыяльны знак вязням канцлагера «Дванаццацітысячнікаў» каля Мар’янова. Матэрыялы пра іх, а таксама пра камандзіра партызанскага отрада «Марак» Міхаіла Васільевіча Навумава, партызана брыгады «Аляксея» Аляксандра Васільевіча Каралёва і доктара-стаматолага Высачанскай бальніцы Ганну Мікалаеўну Мамонаву дзяўчына змясціла ў брашуры «Кольцо героизма и славы Лиозненского района».

На абласным этапе Марыя ўдзельнічала ў краязнаўчай віктарыне, якая была распрацавана на матэрыялах дваццаці брашур, што былі прадстаўлены навучэнцамі ўстаноў адукацыі Віцебшчыны. Крынкаўская школьніца заняла 1 месца і была ўзнагароджана дыпломам I ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта. Таксама яна стала прызёрам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Беларусь – мая Радзіма» ў рамках грамадзянска-патрыятычнага праекту «Збяры Беларусь у сваім сэрцы» (дыплом II ступені) і ўвайшла ў склад зборнай каманды вобласці для ўдзелу ў заключным этапе конкурсу.

У рэспубліканскім этапе, які праходзіў у Мінску у вочным фармаце на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, было два туры. Першы (тэарэтычны) ўключаў заданні на веданне аб’ектаў ваеннай гісторыі і землякоў, якія ўнеслі значны ўклад у справу перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Каманда Прыдзвінскага краю выйшла пераможцай. На другі дзень неабходна было за адну гадзіну распрацаваць экскурсію-імправізацыю. Падчас выступлення віцебскіх вучняў Марыя расказала пра мемарыяльны комплекс «Ціхмянаўская вышыня» і пра Героя Савецкага Саюза Пятра Радзівонавіча Саенка.

Наталля Сударыкава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Крынкаўская сярэдняя школа імя М.Ц. Лынькова Лёзненскага раёна»:
– Рэспубліканскі конкурс «Беларусь – мая Радзіма» праводзіцца з мэтай фарміравання ў моладзі патрыятычных якасцей, паглыблення пачуцця любові да сваёй краіны праз далучэнне да даследвання падзей перыяду Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі малой радзімы. Ён арганізоўваецца ў рамках рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага праекту «Збяры Беларусь у сваім сэрцы». Перамога каманды Віцебскай вобласці – гэта не толькі высокая адзнака ведаў, але і вялікая работа навучэнцаў, іх любоў да сваёй краіны, цікаваць да гісторыі малой радзімы, захаванне гістарычнай памяці народа. Два дні насычанай праграмы заключнага этапу конкурсу праляцелі як адно імгненне. Для навучэнцаў і нас, кіраўнікоў, былі арганізаваны экскурсійна-адукацыйная праграма з наведваннем Храма-Помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі, і адукацыйная праграма з наведваннем мемарыяльнага комплексу «Трасцянец».

Па выніках заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу «Беларусь – мая Радзіма» каманда Віцебскай вобласці заняла 1 месца. Яе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі I ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства з уручэннем памятнага сувеніра.

© Аўтарскае права «Сцяг перамогі». Гіперспасылка на крыніцу абавязковая.

Аўтар: Алена РАТНЁВА.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости