Як гэта цудоўна, калі нарадзіўшы і вырасціўшы дзяцей, дачакаўшыся ўнукаў, ёсць каму сказаць ласкавае “мамачка” і на імгненне адчуць сябе дзіцём. У гэтым пашчасціла А. П. Агеенка, галоўнаму бухгалтару нашай рэдакцыі. У час размовы Антаніна Пятроўна ў першую чаргу ўспомніла дзяцінства, якое было па-сапраўднаму бясхмарным і шчаслівым, дзякуючы бацькам – Ганне Сцяпанаўне і Пятру Карпавічу Вайцяхоўскім. На той час іх сям’я з трыма дзецьмі не лічылася шматдзетнай і ніякай дапамогі ад дзяржавы не атрымлівала. Самі шмат працавалі, каб забяспечыць матэрыяльна і стварыць добрыя ўмовы дзецям. Тоня з іх – самая старэйшая, Ірына – маладзей на паўтара года, а Віктар на шэсць.
– Разумная патрабавальнасць таты, ласка і пяшчота маці паспрыялі таму, што мы сябравалі паміж сабою, стараліся добра вучыцца, – дзеліцца Антаніна Пятроўна. – Мы з братам атрымалі вышэйшую адукацыю, сястра – сярэднюю спецыяльную. Ва ўсіх ёсць сем’і. Віктара лёс закінуў далёка, жыве ў Тальяці. Мы з Ірынай засталіся ў Лёзне. Няма таго дня, каб хто-небудзь з нас не наведаў родную хату, дзе па-ранейшаму жыве мама, цяпер ужо адна. Часта ўспамінае, што перад смерцю бацька сказаў ёй, што ні аб чым не шкадуе ў жыцці, бо яны вырасцілі добрых дзяцей. Наша дапамога матулі цяпер так неабходна, бо ўзрост паважаны – за 80. Удзячны ёй за ўсё бязмежна.
Аб адданасці і любові дзяцей да маці сведчыць тое, што калі ў Ганны Сцяпанаўны здарылася сур’ёзная праблема са здароўем, дочкі і сын сабраліся разам, знайшлі грошы на лячэнне, потым старанна даглядалі. Кожны дзень ў бальнічнай палаце хто-небудзь дзяжурыў. На шчасце, жанчына паправілася. Але і цяпер дзеці клапоцяцца пра яе самаадчуванне.
Сама Антаніна Пятроўна вырасціла дзвюх дачок.
– Дзяўчаткі мае паслухмяныя, разумныя, прыгожыя, – з гонарам кажа мая субяседніца. – Чырванець за іх ніколі не даводзілася. Добра вучыліся ў школе. Малодшая, Кацярына, выйшла замуж раней і шэсць гадоў таму падарыла мне ўнука Мацвейку. Ён – сонейка нашай кватэры. Праўду кажуць, што да ўнукаў мацярынскае пачуццё яшчэ мацнейшае. Жывём мы пакуль што разам. Разумею, што маладыя імкнуцца да самастойнасці і некалі ў іх будзе свой дом, але так хочацца, каб яны былі побач. Старэйшая дачушка, Аня, атрымала вышэйшую адукацыю, працуе мастаком у музеі. Замужам нядаўна.
Ганна і Кацярына з удзячнасцю адзначаюць, як шмат значыць маці ў іх жыцці.
– Мама для мяне – дарадца і таварыш, – кажа старэйшая. – Заўсёды падтрымае, выслухае, дапаможа. Як добра, што жывём так блізка. У любы момант можна звярнуцца. Нягледзячы на тое, што матуля добрая, спагадлівая, спакойная, унутры яна надзвычай моцная, здольная шмат вытрымаць і зрабіць для сваіх дзяцей. У многім такія ж цёця Ірына і бабуля Ганна. Яны – прыклад для мяне. Хацелася б у будучым стаць такой жа маці. Традыцыйна па выхадных і ў святы мы збіраемся сем’ямі ў доме бабулі, дзелімся навінамі, радуемся адзін за аднаго. Кожны год выходзім усе на ганак і робім фотаздымак на памяць. Заўтра таксама будзем віншаваць сваіх дарагіх матуль.
Таццяна ІГНАЦЕНКА.
1 комментарий
Спасибо за прекрасную статью и добрые слова….На беларускай мове гучыць значна лепш і бярэ за душу да самай глыбіні сэрца. Дзякуй!!!