ОБЩЕСТВО
1 минута для чтения
138

Лёс ёй даў у спадарожнікі песню

20 января, 2016
1
Лёс ёй даў у спадарожнікі песню

HWScan0047316 студзеня жыхарка г.п. Лёзна Л. Т. Салаўёва адзначыла 90-гадовы юбілей. Лідзія Тэадораўна, якую ў гарпасёлку прывыклі называць Фёдараўнай, жыве тут звыш паўстагоддзя. Нарадзілася ж на Аршаншчыне, ў пасёлку Копысь.

– Сям’я ў нас была вялікая. Шасцёра дзяцей, сярод якіх я – другая па ліку. Бацька, Тэадор Карлавіч Зімін, працаваў дзесьці на прадпрыемстве бракёрам, або па-цяперашняму кантралёрам гатовай прадукцыі. А мама, Ганна Усцінаўна, рабіла маляром, – дзеліцца ўспамінамі юбілярка. – Яны, самі адораныя музыкальна, прывівалі і нам любоў да прыгожага мастацтва. Тата іграў на гармоніку, мама спявала і навучала нас розным танцам. Таму сямейныя святы ў доме праходзілі вельмі весела. Навагодняя ёлка была для нас, дзяцей, заўсёды як сюрпрыз. У ноч на 31 снежня, калі мы спалі, бацькі ставілі яе і ўпрыгожвалі. Вешалі на лапкі цукеркі, пячэнне, былі і сапраўдныя фабрычныя ёлачныя цацкі. У 30-я гады наша сям’я некаторы час жыла на Урале ў горадзе Молатаў. Там бывалі на канцэртах. Мне падабаліся тыя выступленні, і ў 6 гадоў я марыла стаць артысткай. Так шчасліва жылося да вайны. Я паспела скончыць шэсць класаў, калі яна пачалася. Бацька ваяваў на фронце, а маці гаравала з намі тут у час акупацыі. І мне прыйшлося шмат працаваць. У 1941 годзе, калі прыспеў час жніва, калгасныя палеткі падзялілі паміж усімі жыхарамі, у тым ліку і з Копыся. Я дапамагала маці жаць сярпом яе палоску, не раз парэзалася, але затое навучылася. У 1943-м немцы вывезлі нас у Германію, дзе ўжо прыйшлося працаваць на баўэра. Вызваліцелі-амерыканцы перадалі нас англічанам, а тыя адправілі на радзіму.

Да 1949 года Лідзія афіцыйна нідзе не працавала і не вучылася. Потым уладкавалася ў Віцебску на цагельны завод рознарабочай. Працуючы там на працягу шасці гадоў, адначасова скончыла вячэрнюю сямігодку, затым паступіла ў фінансавы тэхнікум. Па словах маёй субяседніцы, маладосць яе была цяжкай, але ж і вясёлай. Калектыў на заводзе склаўся дружны, і яна разам з сяброўкамі ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Спявала ў групе і вылучалася як салістка. Там ў першы раз выйшла замуж. Але адносіны з мужам не склаліся, нягледзячы на тое, что нарадзілася дзіця.

– Мама вельмі хацела, каб я давучылася і забрала да сябе ў Копысь маю маленькую дачушку Танечку. А тая вельмі прывязалася да бабулі і жыла ў яе да 12 гадоў, – працягвае аповед мая субяседніца. – Пасля тэхнікума мяне направілі ў Шуміліна інспектарам у фінансавы аддзел. Час ішоў хутка. Я сустрэла чалавека, які стаў спадарожнікам на жыццёвым шляху. Гэта быў Яўген Іванавіч Салаўёў. З ім пасля расфарміравання Шумілінскага раёна мы пераехалі ў Лёзна, дзе мне прапанавалі працоўнае месца. Тут атрымалі жыллё і нарэшце забралі да сябе Таццянку. Мужа ўзялі сталяром у спажыўтаварыства. А мне прыйшлося спачатку папрацаваць бухгалтарам у сельэнерга, а потым доўгі час была старшым інспектарам па бюджэце ў райфінаддзеле. Работу сваю ведала і старалася. За 1981-ы і наступны год адзначана як пераможца сацспаборніцтва ў вобласці.

У кожную зручную хвілінку жанчына спявала. Калі выйшла на пенсію, адразу ўступіла ў мясцовы клуб “Ветэран”, дзе адкрылася больш магчымасцей рэалізаваць вакальныя здольнасці. З першых дзён пасябравала са сваёю цёзкаю – Лідзіяй Апанасаўнай Шляхтавай. Яны спявалі дуэтам і былі неразлучныя ўсе 20 гадоў. Дзве Лідзіі карысталіся поспехам у лёзненскіх гледачоў. Іх нярэдка выклікалі на “біс”. Аб адным з выступленняў самадзейных спявачак ёсць радкі, змешчаныя ў кнізе “Памяць. Лёзненскі раён”. А. У. Гурскі – кіраўнік групы студэнтаў-філолагаў, якія збіралі фальклор у Лёзненскім раёне, адзначаў: “У той вечар на сцэне саўгаснага клуба (у Адаменках -аўт.) у выкананні Лідзіі Фёдараўны Салаўёвай і Лідзіі Апанасаўны Шляхтавай гучала песня «Варежки»:

Может, в Киеве, может,

                         в Рязани

Не ложилися девушки

                             спать,

Петли в варежках с песней

                           вязали,

Чтоб на фронт их

         в подарок послать…

Немудрагелістыя словы выконваліся з такім шчырым пачуццём, сардэчнасцю і душэўным пад’ёмам, што калі скончылася песня, зала ўзарвалася апладысментамі. Да выканаўцаў кінуліся на сцэну ветэраны, інваліды вайны”.

Кіраўнік ветэранскага хора І. М. Глушакова напісала спецыяльна для дуэта песню. Па словах Лідзіі Тэадораўны, яна спрабавала і сама прыдумваць матыў да тэксту, які вельмі спадабаўся. Прыгадала, як аднойчы адзначалі ў кагосьці дзень нараджэння, сядзелі і спявалі проста ў двары. Пасля чаго жыхары з суседняга дома прынеслі ім вялікі букет кветак за атрыманае задавальненне ад спеваў. Мая субяседніца адзначае, што два дзесяцігоддзі ў «Ветэране» прайшлі вельмі цікава. А калі Лідзія Апанасаўна памерла, то яна без сяброўкі больш у клуб не пайшла. Былая ўдзельніца з удзячнасцю адазвалася аб кіраўніках творчага калектыву, сярод якіх Л. Г. Бараноўская, Г. П. Сухаруцкая, Г. І. Атрошчанка, за добрыя іх адносіны да ўдзельнікаў хора, за падтрымку і сумесную творчасць.

Больш дваццаці гадоў прайшло з таго часу як жанчына засталася ўдавою. Па-ранейшаму жыве ў сваёй кватэры, сама апрацоўвае кавалачак зямлі каля дома, на якім робіць градкі, мае парнічок. Прычым дапамогі ні ад каго не патрабуе. У вольны час яе родныя самі ідуць да яе ў памочнікі. Гэтую зіму Лідзія Тэадораўна жыве ў сваёй адзінай дачкі і зяця, Таццяны Леанідаўны і Анатолія Леанідавіча Кавалёвых, бо цяжка стала адной у кватэры без пэўных зручнасцей. Але яна не сядзіць у чатырох сцянах. Ходзіць паглядзець, як там яе жыллё, па магазінах таксама. Рада сустрэцца і пагаварыць са знаёмымі. І, бадай, няма таго дня, каб не заспявала. Памяць не-не ды нагадае які-небудзь матыў. Не адмовілася спець і па маёй просьбе. Прагучалі яе любімыя “Ветер, ты стонешь у старого сада…”, “Ах, годы, годы, вы куда летите”, “Слышится тихий вальс, значит грустить нельзя”. Лідзія Тэадораўна з нецярпеннем чакае, калі прыйдуць ці прыедуць яе ўнукі і праўнукі, якія вельмі сябруюць з бабуляй. Старэйшая ўнучка Ірына зусім побач, у Лёзне, Ганна і Яўген жывуць і працуюць у Віцебску. Праўнукаў ужо пяцёра. Кожны дзень 90-гадовая жанчына сустракае з радасцю і ўдзячнасцю лёсу за ўсё, чым надзяліў і што пасылае.

Таццяна ІГНАЦЕНКА. (Здымак з сямейнага архіва).

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

1 комментарий

Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Связанные новости