1 лістапада ў Расонах адбыўся абласны агляд-конкурс фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі «Ад прашчураў да зор». Лёзненскія артысты вярнуліся з яго з узнагародамі.

Свята жыве на працягу больш як дваццаці гадоў, а вось маленькія танцоры з Веляшковіч удзельнічалі ў ім упершыню. І адразу пакарылі выступленнем членаў журы і занялі ў сваёй узроставай катэгорыі першае месца.

Трэба адзначыць, што на конкурсе пабывалі таксама дзеці з філіяла Дома культуры аг. Дабрамыслі. Кожны з іх стараўся і атрымаў дыплом за ўдзел.

Такі ж дыплом прывёз дадому і Тарас Прудоўскі з Веляшковіч. А вось яго таварышы Арына Дземянкова і Цімафей Коцікаў (на фотаздымку) сталі пераможцамі танцавальнай конкурснай праграмы.

Зінаіда Леанідаўна Кузьміна:
– Дзіцячы фальклорны калектыў «Спадчына» існуе пятнаццаць гадоў. За гэты час змянілася не адно пакаленне дзяцей. Мы хадзілі да нашых старажылаў, запісвалі аўтэнтычныя песні, казкі, легенды пра Веляшковіцкі край. Багаты матэрыял перадала мясцовая жыхарка Тамара Макараўна Жолудзева. Дзякуючы сваёй бабулі, Ганне Андрэеўне, шмат помню са свайго дзяцінства. Зараз Арына, Тарас і Цімафей – самыя актыўныя ўдзельнікі «Спадчыны». Нягледзячы на немалую нагрузку ў школе, яны пасля заняткаў з задавальненнем бягуць у Дом культуры. Самастойныя, разумныя, паслухмяныя, таленавітыя, развучваюць не толькі танцы, а ўсю сабраную фальклорную спадчыну. Дарэчы, яны ж дапамагалі нам, дарослым, рабіць дажыначны сноп да раённага свята «Дажынкі». Пабачыць яго можна будзе на гэтым тыдні падчас выставы «Шчодры сноп малой Радзімы» ў раённым цэнтры культуры. Разам з імі мы ўдзельнічаем у веснавым абрадзе «Зажынкі». За дапамогу да конкурса хочацца падзякаваць Аляксандру Пятровічу Усцінаву і культарганізатару Веляшковіцкага Дома культуры Вользе Анатольеўне Савіцкай.

Дзеці актыўна рыхтаваліся да конкурса, па шмат разоў адпрацоўваючы кожны рух, каб дабіцца дасканаласці. З нецярпеннем чакалі раніцы, каб яшчэ зацемна, у 4.30, адправіцца ў няблізкую дарогу. Ва ўзроставай катэгорыі ад 7 да 10 гадоў трэба было выканаць восем народных танцаў: «Полька-бабачка», «Ночка», «Какетка» і іншыя. Кожны танец ацэньваўся членамі журы асобна. З шаснаццаці пар максімальную колькасць балаў набралі менавіта Арына і Цімафей. Дарэчы, летам яны ж сталі пераможцамі раённага конкурсу «Танцуй, не ляніся».

Вольга Пінчук.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости