Лёзненскі Дом рамёстваў годна прадставіў не толькі наш раён, але і ўсю Віцебскую вобласць на ХХХІІІ Дні беларускага пісьменства, які прайшоў у мінулыя выхадныя ў Касцюковічах. Гэты старажытны край – радзіма Аркадзя Куляшова, Івана Чыгрынава, Алеся Пісьмянкова і многіх іншых слынных дзеячаў нашай культуры. Сёлета ён стаў цэнтрам прыцягнення для ўсіх, каму дарагое роднае слова.
Святочная праграма ўразіла сваім маштабам: ад міжнародных круглых сталоў пісьменнікаў да відовішчных гала-канцэртаў, кніжных фестываляў і цэлай рамесніцкай вуліцы, якая расцягнулася ўздоўж цэнтральных кварталаў. Сваімі ўражаннямі ад паездкі падзялілася дырэктар Дома рамёстваў Інэса Самусенка.
– Нам выпаў вялікі гонар увайсці ў склад творчай дэлегацыі Віцебшчыны і разам з калегамі з Сянно і Оршы прадстаўляць узоры народнай творчасці Прыдзвінскага краю, – расказвае Інэса Міхайлаўна. – Наша пляцоўка апынулася ў самым віры падзей, у гушчары рамесніцкай вуліцы. Побач багата выстаўляліся майстры Брэстчыны – асабліва захапіў іх роспіс па шкле.
На працягу двух дзён лёзненскія майстры не проста дэманстравалі свае вырабы, але і дзяліліся сакрэтамі майстэрства. Наш ганчар Ірына Варона праводзіла майстар-класы па вырабе бабінавіцкай свістулькі – унікальнай нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці нашага раёна. Цікаўных было столькі, што майстру не было калі нават адпачыць. Сама ж Інэса Міхайлаўна знаёміла гасцей са старажытнай тэхнікай набойкі. Разам з дзецьмі яны рабілі закладкі для кніг, а дарослыя з азартам аздаблялі шоперы беларускім арнаментам.
– Вельмі кранула, што падыходзіла шмат дзецей і нават чыталі нам вершы на беларускай мове, – адзначае Інэса Самусенка. – Гэта дае адчуванне, што наша праца патрэбная, што сувязь пакаленняў не перарываецца. Нягледзячы на шчыльны графік, паспелі ацаніць, як прыгожа змяніліся Касцюковічы да свята. На шматпавярховых дамах і на тарцах аўтобусных павільёнаў з’явіліся партрэты класікаў і знакамітыя цытаты, цэнтральную плошчу ўпрыгожылі новыя фантаны. Удалося на хвілінку зазірнуць і ў Музей рэдкай кнігі, убачыць скульптурную кампазіцыю «Алесь і Алеся». А вось пра лакацыю «Кабінет пісьменніка», дзе выстаўлялася ўнікальная друкарская машынка 1930 года, якая належала Максіму Танку і Івану Чыгрынаву, я даведалася з навін ужо па дарозе дадому.
Падрыхтоўка да свята пакінула вельмі глыбокі след у гарадской прасторы Касцюковіч, зрабіўшы горад сапраўдным літаратурным музеем пад адкрытым небам.
Дарога да дому таксама стала часткай духоўнага падарожжа. Лёзненская дэлегацыя завіталі ў Слаўгарад, на знакамітую Блакітную крыніцу.
– Памыліся святой вадой, і ўсю стомленасць як рукой змыла! – дзеліцца псіхалагічным сакрэтам перазагрузкі майстар. – Мы шмат дзе бывалі: у Нясвіжы, Мінску, Міры… Але ў нашай краіне ёсць сотні іншых цудоўных месцаў, пра якія мы можам нават не здагадвацца. Такія вандроўкі адкрываюць Беларусь з зусім іншага боку – глыбокую, шчырую і вельмі прыгожую.
© Авторское право «Сцяг перамогі». Гиперссылка на источник обязательна.
Автор: Вольга ПІНЧУК. Фота Ксеніі Самусенка.
