Крапіва ў кляры і дранікі з макрыцай: чым здзівілі шматлікіх гасцей «Здраўнёва» лёзненскія гаспадыні

17 жніўня лёзненцы прымалі ўдзел у абласным фестывалі «Дзвінскі смак», які на працягу шасці гадоў ладзіцца ў музеі-сядзібе Іллі Рэпіна «Здраўнёва». Фестываль адметны своеасаблівым фарматам: кожную суботу на працягу трох летніх месяцаў адзін з раёнаў Віцебшчыны запрашае наведвальнікаў сядзібы знакамітага мастака паспрабаваць стравы нацыянальных кухань розных рэгіёнаў.
На гэты раз частаваць гасцей надышла чарга Лёзна. У «Здраўнёва» адправіліся народны клуб «Флора» цэнтральнай раённай бібліятэчнай сістэмы, фальклорныя калектывы нацыянальнай гульні і кухні «Вясковая гаспадыня» з Емельянова і «Спадчына» з Веляшковіч, а таксама аўтаклуб РЦК.
Лёзненцы не першы год ўдзельнічаюць у фестывалі і паспелі заслужыць добрую рэпутацыю. Пастаянным наведвальнікам лёзненскага падворка ў «Здраўнёва» добра знаёмыя такія стравы, як дранікі з цыбуляй і макрыцай, яечня «Транчук па калена», маласольныя гуркі, пальцам піханыя каўбаскі, пірог са слівамі і яблыкамі. Акрамя пералічаных прысмакаў, здзівілі нашы землякі гасцей і смачнымі навінкамі: крапівой у кляры і гарбузовымі кветкамі ў кляры.
Але былі сярод дэлегацыі і тыя, хто ўпершыню пабываў і на свяце, і ў музеі. Напрыклад, загадчык аддзела абслугоўвання цэнтральнай раённай бібліятэкі, член «Флоры» Вольга Юркова:
– Мяне вельмі ўразіў маштаб мерапрыемства, калі на працягу цэлага дня да нас падыходзілі не толькі беларускія турысты, але і з розных рэгіёнаў Расіі: Валгаграда, Кемерава, Ніжняга Ноўгарада, Смаленска. Госці з задавальненнем частаваліся напоямі з ягад і лекавых траў, набывалі сувенірную прадукцыю, сушаныя зёлкі.
Вольга Пінчук.