Пасля жорсткіх ваенных дзеянняў 1941-1944 гг. увесь Лёзненскі край быў зрэзаны акопамі і пакрыты попелам спаленых вёсак, бо на працягу года па ім праходзіла лінія фронту. Адметна, што ў параўнанні з іншымі раёнамі Віцебскай вобласці, на тэрыторыі Лёзненшчыны была ледзьве не самая вялікая колькасць пахаванняў ваеннага часу (яны меліся ў 61 населеным пункце). А лідарамі гэтай сумнай статыстыкі з’яўляліся Суражскі (78 вёсак) і Сіроцінскі раёны (70 вёсак).
У канцы 1940-х г.г. месцы пахаванняў воінаў былі зусім занядбаны. Напрыклад, “у Чарніцкім сельсавеце (…) магілы зраўняліся з зямлёй, помнікі пагнілі і валяліся каля магіл (…). З 58 магіл у райцэнтры Лёзна 46 зусім закінуты, на магілах няма помнікаў, а на тых, што засталіся, надпісы змытыя дажджом”. Калі і былі недзе ўсталяваны помнікі – то вельмі сціплыя, драўляныя, і, натуральна, яны вельмі хутка разбураліся. Гэта і не дзіўна: у першую чаргу пасля вайны людзі былі заклапочаны адбудовай жылля ды наладжваннем дзейнасці прадпрыемстваў, школ.
Тым не менш, ужо ў першае паваеннае дваццацігоддзе на Лёзненшчыне было шмат зроблена для таго, каб захаваць памяць пра абаронцаў Айчыны. З сярэдзіны 1950-х гг. на тэрыторыі раёна праводзіліся масавыя перапахаванні: калі ў пачатку 1956 г. тут размяшчалася 169 вайсковых могілак, то да канца года іх засталося 105. 506 брацкіх магіл былі аб’яднаны ў 136, лік індывідуальных пахаванняў скараціўся з 2109 да 150.
У 1957 г. у рэспубліцы пачалася падрыхтоўка да святкавання 40-годдзя Беларускай ССР і ў гонар гэтай падзеі на самых буйных вайсковых могілках было вырашана ўсталяваць манументальныя помнікі. Усяго для Віцебскай вобласці ў майстэрнях Украіны было выраблена 12 скульптур. Адна з іх – чырвонаармеец з вянком – прызначалася для могілак у Стасеве (вясной 1958 г. яе прывезлі сюды з г. Харкава). Увогуле, за 1957 г. на 36 могілках раёна былі ўсталяваны цагляныя і бетонныя помнікі ў выглядзе абеліскаў, а на самых вялікіх з іх – у Лёзне і на тэрыторыі саўгаса “Адаменкі” – з’явіліся скульптуры воінаў з вянкамі. Тады ж у цэнтры афіцэрскіх могілак у Стасеве была ўсталявана гармата.
Нягледзячы на ўсё гэта, на Лёзненшчыне заставалася яшчэ даволі шмат нядобраўпарадкаваных месцаў пахавання – у Пагосцішчы, Чарнышах, Веляшковічах і іншых вёсках. Там парадак быў наведзены ў сувязі са святкаваннем 20-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да 1964 г. з’явіліся 203 новыя надмагільныя пліты, 48 абеліскаў, на помніках адноўлена больш за 500 прозвішчаў. Таксама было пасаджана 800 маладых дрэўцаў, якія сваім ціхім шэптам ушаноўвалі памяць загінуўшых.
Канстанцін Карпекін,
галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
(Фотаздымак з фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці).