Этнографы пачатку ХХ ст., апісваючы латышоў, адзначалі, што яны «пры першым знаёмстве здаюцца крыху скрытнымі, недаверлівымі, але варта бліжэй з імі пазнаёміцца – і даведаешся іх вельмі прывабныя племянныя рысы. Латыш адрозніваецца гасціннасцю, лагоднасцю да акружаючых і рэдкай чысцінёй у маральных адносінах».Прадстаўнікі гэтай нацыянальнасці пражывалі і ў межах колішняй Лёзненскай воласці – у многіх вёсках, а таксама ў мястэчку. У Лёзне іх было настолькі шмат, што яны мелі тут уласную навучальную ўстанову – латышскае народнае вучылішча. Вырашэннем разнастайных спраў займаліся педагагічны савет і бацькоўскі камітэт. Напрыклад, 29 чэрвеня 1918 г. яны звярнуліся ў Лёзненскі валасны Савет рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў з хадайніцтвам пра неабходнасць правесці ў вучылішчы рамонт. Яны прапанавалі з усходняга боку прыбудаваць драўляную кладоўку (дзеля гэтага неабходна было ўзвесці толькі дзве сцяны, бо з двух астатніх бакоў прымыкалі б сцены вучылішча). У кладоўцы прапаноўвалася выкапаць яміну для захоўвання бульбы і ўмацаваць яе цэментам. Уваход у кладоўку планавалася зрабіць з агульнага калідора, для чаго патрабавалася прабіць у сцяне дадатковыя дзверы. Справа ў тым, што пры вучылішчы меўся інтэрнат для дзяцей (прыкладна на 40 асоб). На той час вучні захоўвалі прадукты харчавання ў куфарах, дзе яны вельмі хутка псаваліся, а ў кладоўцы ежа захоўвалася б лепш.

Акрамя таго патрабаваўся рамонт ганку, падлогі на кухні і ў класах, печкі ў навучальных кабінетах, рукамыйнікаў і пліты на кухні, 10 лавак, а ў 5 вокнах было пабітае шкло… Іншымі словамі, клопатаў у педагагічнага савета і бацькоўскага камітэта хапала.

У сельскай мясцовасці латышы таксама не заставаліся ў баку ад дапамогі навучальным установам. Так, у кастрычніку 1918 г. жыхары в. Матушова Бернард Паўкшан і Аляксандр Мезайс здалі ў арэнду належачыя ім дамы для размяшчэння там школы. Першапачаткова гэтыя дамовы былі заключаны тэрмінам на адзін год. За пэўную аплату сяляне абавязваліся ўтрымліваць памяшканні ў парадку, клапаціцца пра ацяпленне, дастаўку мэблі, падручнікаў і навучальных прылад, забеспячэнне вучняў вадой.

Аналагічную дамову на прадастаўленне памяшканняў для школы заключыла з мясцовымі ўладамі ў снежні 1918 г. і жыхарка в. Уна Майя Іванаўна Гайзін.

Сярод жыхароў в. Бржазова таксама былі латышы, і адна з ураджэнак вёскі – Ганна Якаўлеўна Блюм – працавала сакратаркай Новабельскага раённага Савета (заўважым, што тагачасныя раёны – гэта зусім іншыя адміністрацыйныя адзінкі, яны былі значна меншыя па плошчы ў параўнанні з сучаснымі). Дзяўчына нарадзілася 13 ліпеня 1900 г., у 1913-1918 г.г. вучылася ў Полацкім духоўным вучылішчы. З 1919 г. да 1923 г. яна працавала ў школах у в. Карэніхі і ў г. Віцебску, а з 20 красавіка 1923 г. уладкавалася на працу сакратаркай.

У в. Міхалінава жыла сям’я Берзін: звесткі пра яе захаваліся ў архіўных дакументах дзякуючы таму, што аднойчы селянін Іван Пятровіч Берзін вырашыў падзяліць сваю маёмасць паміж сынам Аўгустам і дачкой Альвінай. 3 мая 1924 г. ён у прысутнасці прадстаўнікоў улады склаў акт, паводле якога Аўгуст атрымаў 15 дзесяцін зямлі, а Альвіна – 10 дзесяцін. Праўда, паколькі ніхто з мясцовых жыхароў не быў знаёмы з землямернай справай, ніякіх межавых знакаў устаноўлена не было. Жылы дом застаўся ў сумесным карыстанні, прычым сыну дасталася зала, а дачцэ – пярэдні пакой і спальня. Кухняй яны маглі карыстацца сумесна да 1 студзеня 1925 г., а затым яна пераходзіла да Альвіны. Каб Аўгуст мог абсталяваць сабе асобную кухню, з той жа даты яму даставалася лазня. Еўня замацоўвалася за братам, а пуня – за сястрой, пяцісценны свіран, хлявы, склеп і вазоўня заставаліся ў сумесным карыстанні, а каб не ўзнікала спрэчак, правымі часткамі будынкаў карысталася Альвіна, а левымі – Аўгуст. Падзяліў бацька паміж дзецьмі і разнастайныя прылады, што меліся ў гаспадарцы: Аўгусту аддаў малацілку, жнейку, касілку, льномялку і спружынную барану, Альвіне – парны плуг, швейную машынку, вазок, конныя граблі і веялку. Сад быў падзелены строга напалам – па колькасці дрэваў і кустоў. Апроч таго, з бацькоўскай пасекі Аўгуст атрымаў 2 вуллі з пчоламі.

Так і жылі латышы, займаючыся сваімі справамі ды даглядаючы гаспадарку, пакуль многія з іх у канцы 1920-х г.г. не былі раскулачаны, а затым рэпрэсаваны і выселены з БССР.

Канстанцін Карпекін,
галоўны захавальнік фондаў
Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости