У 1920-я гг. у многіх вёсках меліся невялічкія заводы і арцелі: дзесьці – масларобчыя, дзесьці – торфаздабыўчыя, у іншых – цагельныя. А вось у Касцяёве дзейнічаў камбінаваны завод, у структуры якога былі лесапільны, млынавы, воўначасальны, сукнавальны і прэсавальны аддзелы. Апроч таго заводу належалі млыны “Каменка”, “Сухадрова” і “Касцяёва”.
Загадчыкам завода з’яўляўся Іван Іванавіч Грынберг. Ён нарадзіўся ў 1864 г. у г. Мітава Курляндскай губерні (зараз гэта г. Елгава ў Латвіі), у пачатку 1920-х гг. працаваў у Віцебскім губернскім харчовым камітэце, губернскім савеце народнай гаспадаркі, а пасля звальнення ў 1924 г. перебраўся ў Касцяёва.
У гэты час на прадпрыемстве налічваліся 24 рабочыя (22 мужчыны і 2 жанчыны), у 1926 г. іх колькасць павялічылася да 36.
Асноўным накірункам дзейнасці завода з’яўлялася перапрацоўка сыравіны, што закуплівалася ў сялян навакольных вёсак, а таксама выраб драўляных скрыняў. Так, у 1926/1927 гаспадарчым годзе тут было перапрацавана 21 тона воўны,1900 кубаметраў драўніны, выраблена11 км сукна, 1440 тон мукі і круп, 36500 штук драўлянай тары. Прадукцыю завода куплялі не толькі сяляне з суседніх вёсак: яе адпраўлялі ў плямгас “Крынкі”, а таксама ў Віцебск.
Праўда, умовы працы на прадпрыемстве былі надзвычай дрэннымі. Справа нават не ў тым, што на тэрыторыі завода не было сталоўкі, а ўзімку рабочым не выдавалася цёплая вопратка. Значна горшым было тое, што ў сценах драўляных будынкаў, дзе стаялі станкі, меліся вялізныя шчыліны, многія вокны былі незашклёнымі, з-за чаго рабочыя часта прастужваліся і хварэлі. У многіх памяшканнях электрычныя лямпачкі міргалі праз кожныя 10-15 хвілін, а то і зусім патухалі.
У 1927/1928 гаспадарчым годзе завод працаваў са стратамі. Увогуле, у канцы 1920-х гг. тут пачаўся поўны заняпад. Так, у 1928 г. з “Касцяёва” быў зволены каваль, бо сяляне перасталі звяртацца да яго па паслугі. Дрэнным чынам на развіцці прадпрыемства адбілася і адсутнасць добрых дарог, якія б вялі ад Касцяёва да бліжэйшых населеных пунктаў. Асабліва гэта адчувалася вясной і ўвосень, калі з-за дажджоў сцежкі ператвараліся ў непралазны бруд. Да кастрычніка сяляне імкнуліся назапасіць сабе мукі і круп, каб потым да першых маразоў увогуле не ездзіць на завод. У 1929 г. тут здарыўся пажар, пасля якога завод ужо не аднавіўся.
Канстанцін КАРПЕКІН, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
Ілюстрацыя: І. І. Грынберг, 1922 г. Фотаздымак з фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
4 комментария
Автор даёт плохой пример….Закон об Архи вах обязывает давать ссылку, где хранятся документы, которые он явно использовал..А газета не указывет даже названия фонда…
Главный хранитель фондов, а именно такая должность вроде у автора, явно должен знать закон, на который Вы ссылаетесь. И если что-то не указал, значит, может и не надо было?
я вот прочитал статью прошло 100 лет ….не чего не поменялось ўзімку рабочым не выдавалася цёплая вопратка не было сталоўкі, вялізныя шчыліны, многія вокны былі незашклёнымі, з-за чаго рабочыя часта прастужваліся і хварэлі.
Ну, вопратку даюць і вокны, як правіла, зашклёныя. На вёсцы нават фермы са шклопакетамі. Захварэўшым рабочым дадуць бальнічны ліст. А вось агульнае адчуванне безнадзёгі, сапраўды, за сто гадоў нікуды не дзелася.