КАЛЕЙДОСКОП
1 минута для чтения
331

Жыццё маё песняй спавіта

20 декабря, 2023
0
Жыццё маё песняй спавіта

Усё маё дзяцінства прайшло пад гукі гармоніка таты і бубна, у які, як сапраўдны майстар, біла матуля. Ніводная вясковая складчына, радзіны, вяселле, хрэсьбіны, праводзіны ў армію не праходзілі без маіх бацькоў – Фёдара і Алены Бурых. Як добрых музыкантаў іх ведалі не толькі ў вёсцы Сялян-Клёўка і суседніх, але і ў ва ўсім Бялыніцкім раёне, што на Магілёўшчыне.

А як прыгожа танчыла мама польку «дробненькую», упрысядку барыню, цыганачку, сербіянку ды яшчэ з прыпеўкамі. За яе майстэрства спяваць і танчыць ёй аднавяскоўцы далі мянушку Сербіянка. Як самая маленькая ў сям’і, я вельмі часта з бацькамі бывала на такіх вось гулянках. Вачыма вучылася танчыць і на гармоніку граць. Разам з дарослымі спявала. Не пералічыць тых песень, што ведала мая матуля: баладныя, сіроцкія, вясельныя, хрэсьбінскія і шмат-шмат прыпевак.

Кожнае лета мы ў лесе збіралі чарніцы, а пад восень на балотах журавіны, каб хоць крышачку дапамагчы бацькам сабраць нас да школы. А ў сям’і нас было чацвёра: тры браты і я. Хто хадзіў у ягады, той ведае, які салодкі гэты хлеб. Чарніцы збіралі ў вялікія кошыкі дні два, а пасля мамачка на сваіх плячах несла іх аж восем кіламетраў да шашы, а там на Магілёў і на базар. Часценька яна брала з сабой і мяне, і я пакупнікам прапаноўвала набыць ягадкі – пару шклянак за 25 капеек. А як жа мы чакалі маці з гораду, не спускаючы вачэй з гары, па якой яна павінна была вяртацца дамоў з пачастункамі і абноўкамі. Колькі было ўражанняў у таго , хто з ёй ездзіў у горад!

І зноўку ў лес. А чацвертай гадзіне раніцы мама збярэ ў саматканую посцілку сала, цыбулькі, яек, агуркоў, пляшачку малака, самавыпечанага хлеба і нас будзіць: «Падымайцеся, дзеткі, вунь суседзі ўжо пабеглі па ягадкі, і нам пара. Не дагонім, калі хочаш». Бяжым лясной сцежачкай, птушачкі заліваюцца, а мама напеў кожнай птушачкі нам словамі перапявае. Памятаю, напрыклад, пра салоўку: «А салоўка цёх, цёх, цёх, а пане сала пёк, пёк, пёк, а тук ад сала кап, кап, кап». Бывала, як заспявае матуля, птушачкі заціхнуць, а ў лесе адгалоскі ляцяць далёка-далёка, быццам сам лес спявае.

Тата быў добры плотнік і бондар. Летам будаваў хаты, істопкі, пуні, лазні, зімой з драўляных клёпак рабіў бочкі, дзежачкі. Я памятаю, як наша хата ўся была ў драўляных габлюшках, на печы і грубачцы сохлі дошчачкі для клёпак. Тата сабе ў дапамогу часта браў нас таксама на базар у Бялынічы ці ў Беразіно прадаваць свае вырабы.

Ён добра іграў на гармоніку, але яшчэ лепш за маму біў у бубен, добра спяваў і танчыў. Памятаю, як тата прапанаваў брату на гармоніку выканаць вальс, а сам запрасіў мяне на танец. Было гэта, як быццам, учора. Лёгка, паважна, з драбушкамі на паваротах у левы і правы бакі, не адрываючы ног ад падлогі, закружыў мяне тата па пакоі. Зараз ужо ніхто не танчыць і не ўмее весці па кругу дзяўчыну так, як рабіў гэта ён.

Вось, мабыць, таму маё жыццё склалася так, а не інакш, што заўсёды поруч са мной крочылі песня, танцы матулі і гармонік таты.

Большую частку свайго жыцця я з’яўляюся кіраўніком народнага фальклорнага калектыву «Медуніца» Дома культуры аг. Адаменкі. Так здарылася, што маладой дзяўчынай пасля заканчэння ў 1979 годзе Магілёўскага вучылішча культуры трапіла працаваць у дадзеную установу. І апынулася тут не выпадкова. На той час мой будучы муж працаваў дырэктарам ДК і прыехаў у вучылішча рабіць набор маладых кадраў. Нягледзячы на тое, што ў мяне быў накірунак у горад Чэрвень, я рызыкую ехаць на Лёзненшчыну. У маі мы згулялі вяселле. Тут нарадзілася ў нас трое дзетак: двое сыночкаў і дачушка – тут і выраслі, скончылі школу, а затым вышэйшыя ўстановы адукацыі.

У жыцці давялося папрацаваць і выхавацелем дзіцячага садка, і дырэктарам ДК, і дырэктарам раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры, і загадчыцай фальклорнага аддзела, але ніколі не пакідала сваю «Медуніцу». Мой лёс, маё творчае дзіця – гэта калектыў. Немагчыма пералічыць тое, што зроблена ім за 35-гадовы шлях. Збіраючыся на рэпетыцыі, мы з удзячнасцю прыгадваем тых, хто стаяў ля вытокаў дзейнасці «Медуніцы». Раіса Сяргееўна Агеева – першы кіраўнік. Першыя удзельнікі: Тамара і Міхаіл Баранчыкавы, Васіль Узунаў, Медзюшко, Царэнка, Марына Жыткова, Аляксандра Паўлоўская, Мікола і Вера Пчолкіны, Фёдар Чэпікаў, Галіна і Уладзімір Гулевічы, Таццяна Анашчанка, Людміла Каралёва, Наталля Язева, Любоў Філіпенка, Барыс Рутчанкоў, Надзея Жураўлёва, Валянціна Замастоцкая, Валянціна Цярэшчанка, Галіна і Пётр Бондаравы, Сяргей Апет. На жаль, многіх ужо няма, але іх бясцэнны скарб жыве ў нашым творчым рэпертуары.

Першай калектыўнай працай было «Адаменскае вяселле». Матэрыял шукала сама Раіса Сяргееўна. У 1990 годзе з гэтай абрадавай дзеяй калектыў упершыню выехаў у Мінск на рэспубліканскае свята «Матчына песня» і стаў дыпламантам. Ішоў час, папаўнялася творчая скарбонка песнямі і абрадавымі дзеямі зімовага, веснавога, летняга каляндарнага цыклу. У 1992 годзе Раіса Сяргееўна цяжка захварэла і прапанавала мне прадоўжыць працу з «Медуніцай». Нягледзячы, што мела спецыяльную адукацыю кіраўніка народнага хору народнай песні, я вельмі хвалявалася, і мне было страшна брацца за такую справу. Пачынала з экспедыцый па суседніх вёсках: Альхавік, Уна, Пушкі, Зачэрня, Заольша. Дарэчы, у Заольшы ад дырэктара ДК Надзеі Трафімаўны Прароўскай быў запісаны самы багаты матэрыял, якім карыстаюся і зараз. Вёска Альхавік па адлегласці была самай блізкай, прыкладна 4 км. Бывала, бягу і бегчы хочацца: такія песні цудоўныя, гарадскія рамансы, гульні, танцы патрэбна запісаць і яшчэ ж запомніць мелодыі. У той час такой тэхнікі не было, як цяпер. Назад бягу ўжо па цёмнаму. Па дарозе сцэнарны план вячорак, вечара адпачынку, нават нейкі вершаваны тэкст накіну. Настолькі была апантана сваёй працай. Праз нейкі час у гэтай вёсачцы я стварыла калектыў «Гаманіна», галасы удзельнікаў якога былі настолькі непаўторнымі і асаблівымі. Неаднаразова яны былі гасцямі абласнога тэлебачання. Сёння з іх ужо нікога няма, а я ўдзячна Богу, што ў маім жыцці былі простыя і сціплыя, непаўторныя, багатыя дабрынёй людзі, ад якіх я запазычыла тое, што гоіць сэрца і душу. Гэта Пётр і Раіса Бондаравы, Соф’я Дзепель, Марыя Шчамялёва, Марыя Чайкова, Фёкла Купцова, Надзея Струкава.

У 1993 годзе калектыў «Медуніца» атрымаў званне «народны». На паказе журы ўбачыла сцэнічны варыянт абрадавай дзеі «Юр’е».

Ішоў год за годам. «Медуніца» пашырала свой рэпертуар, прыходзілі новыя ўдзельнікі. Прапанавалі гледачу «Адаменскую кадрылю» ў пяць кален, танцы «Барбачок», «Падчардаш», «Венгерка», польку «Заальшанская», «Пацешная», «Страданія» пад прыпеўкі.

Узнаўляліся абрадавыя дзеі «Вялікдзень», «Калядкі», «Гуканне вясны», «Вяселле», «Свята ў складчыну», «Выпечка вясельнага караваю». Калектыў мае найвялікшую колькасць песеннага матэрыялу: сямейна-бытавыя, купальскія, жніўныя, карагодныя і г.д.

Першы вопыт на рэспубліканскім тэлебачанні быў у 1997 годзе на перадачы «Беларускія вячоркі», якую вёў Васіль Ліцвінка. Гэта быў паказ «сваты-заручыны». Да дзяўчыны з Рудні Смаленскай вобласці прыехаў у сваты хлопец з Лёзненшчыны.

Калектыў стаяў і ля вытокаў Міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску». Прыходзілася выступаць на 4-5 пляцоўках і амаль кожны дзень.

Мелі гонар выступаць у летнім амфітэатры з вядомай на той час групай «Лепрыконсы». Выязджалі на фестываль гумару ў Аўцюкі, адкуль прывезлі дыплом 3 ступені. Калектыў быў неаднаразовым удзельнікам рэспубліканскіх «Дажынак». На такім свяце ў г. Орша на галоўнай пляцоўцы мы выступалі разам з І. Дарафеевай і Л. Румінай.

«Медуніца» мела гонар даваць майстар-клас па гісторыка-бытавых танцах удзельнікам Міжнароднага форуму па сучаснай харэаграфіі, што кожны год праходзіць у Віцебску.

Неаднаразова бралі ўдзел у Міжнародным свяце народнай музыкі і песні «Звіняць цымбалы і гармонік» у Паставах, на адным з якіх мы сталі лаўрэатамі 1 ступені. Двойчы калектыў выязджаў за мяжу ў Латвію, Даўгапілс і Ялгава, дзе меў поспех і прызнанне. Пасля апошняй падзеі (2018 г.), дзякуючы абласному упраўленню культуры і менавіта Г.Ф. Баркевіч, мы набылі трэці камплект касцюмаў.

Двойчы ўдзельнікі калектыва пабывалі ў Маскве падчас святкавання Дня незалежнасці Расійскай Федэрацыі і падчас пяцігадовага юбілею кампаніі тэлерадыёсеткі Маскоўскай вобласці. Шмат разоў «Медуніцу» здымала абласное тэлебачанне, ды і сам калектыў неаднаразова быў госцем абласной тэлестудыі.

Нярэдка можна было бачыць нас і на рэспубліканскім тэлебачанні, напрыклад, на тэлепраекце «Песні маёй краіны», на перадачы «Музычны кактэйль». Напрыканцы года да нас прызджала Святлана Бароўская з перадачы «Добрай раніцы, Беларусь», дзе мы паказалі шчадроўкі на Калядкі.

Неаднаразова калектыў быў лаўрэатам абласнога свята фальклору «Вялікая вясельніца». Вось і ў гэтым годзе стаў лаўрэатам дзвюх намінацый 3 ступені і лаўрэатам 1 ступені.

Ну і вядома, калектыў з’яўляецца удзельнікам конкурсаў, фестываляў, святаў, што праходзяць у нашым раёне. Прымае ўдзел і ў канцэртных праграмах. «Медуніца» з’яўляецца лаўрэатам прэміі «Сунічка», лаўрэатам конкурсу «Танцуй, не ляніся», лаўрэатам конкурсу народных спеваў і музыкі.

З элементамі мясцовых традыцый на мяжы з Расіяй калектыў сустракаў шаноўных гасцей: дзяржаўнага дзеяча Міхаіла Мясніковіча, вядомага баксёра Мікалая Валуева і шмат каго яшчэ, хто быў госцем Віцебскай вобласці. Неаднаразова мы віталі і Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанку, дзякуючы якому мы набылі тульскі гармонік.

За вялікі творчы шлях калектывам назапашаны багаты матэрыял з рускіх і беларускіх народных песень, але асновай застаецца тое, на чым і будуюцца ўсе канцэртныя праграмы – мясцовы фальклор, фальклор суседніх рэгіёнаў, фальклор Беларусі.

Мы ўсе вельмі сумуем аб былым нашым удзельніку калектыва – Івану Маркавічу Кастэнка, які, нажаль, пакінуў гэты свет.

Напрыканцы вельмі хочацца выказаць словы удзячнасці ўдзельнікам калектыву «Медуніца», якія ідуць са мной поруч не адзін год. Усе 35 год актыўнымі ўдзельнікамі і памочнікамі былі Г.І. Гулевіч, В.В. Замастоцкая, А.А. Дзямідчык. Дзякуй Г.І. Касянковай, Г.Б. Гузавай, В.С. Магучай, Т.А. Шумскай, І.У. Новікавай, А.Ю. Кавалёву, А.М. Шунякову, В.Ф. Салабутаву, І.С. Лагвінковай, Г.М. Кажанавай, М.М. Канашэнкавай, Г.Ф. Чэпікавай, С.С. Піваварчыку.

З юбілеем, «Медуніца»!

Ганна Макравусава, кіраўнік калектыва «Медуніца».

/Фота раённага цэнтра культуры/

Па тэме:

«Медуница» на ТВ

 

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости
Следующая новость

Связанные новости