КУЛЬТУРА
1 минута для чтения
325

Дэкада шчырых сустрэч з гледачамі

12 апреля, 2013
0
Дэкада шчырых сустрэч з гледачамі

На Лёзненшчыне завяршылася дэкада тэатральнай творчасці. Міжнародны дзень тэатра звычайна выпадае на час праваслаўнага посту, які прадугледжвае шэраг абмежаванняў на забавы. Але сапраўднае мастацтва, у тым ліку тэатр, не столькі крыніца забаўляльнага, колькі адкрыццё маральных каштоўнасцей, своеасаблівая перадача гледачу ідэй дабрыні і міласэрнасці, запаведзей чалавечнасці ад Бога. І сапраўды кожная з тэатральных сустрэч на працягу 10 дзён была напоўнена адкрытасцю і нагадвала шчырую размову акцёраў з гледачамі.

Заключнае мерапрыемства – раённы агляд-конкурс тэатральных калектываў з дарослым напаўненнем – адбылося 6 красавіка ў раённым Доме культуры. На ім былі прадстаўлены пастаноўкі шасці аматарскіх калектываў Лёзненшчыны і адна – ад акцёраў з Ельні Смаленскай вобласці. Расійскіх гасцей сустракалі хлебам-соллю і песнямі. Іх віталі загадчык аддзела культуры райвыканкама Т. А. Шульган і дырэктар раённага навукова-метадычнага цэнтра Г. Ф. Макравусава. Прадстаўнікі брацкіх народаў абмяняліся “Прывітальнымі адрасамі” адміністрацый Лёзненскага і Ельнінскага раёнаў. Кіраўнік народнага тэатральнага калектыву “Отцы и дети”з Ельні В. А. Кавалёва выказала ўдзячнасць за запрашэнне на гэтае свята асабіста галоўнаму спецыялісту па тэатральнаму жанру РАМЦ Г. В. Цыганкову, уручыла сувеніры і кнігу вершаў расійскага аўтара А. Панасечкіна “Братам-беларусам”. Па словах Г. В. Цыганкова, знаёмства паміж творчымі калектывамі адбылося напрыканцы мінулага года ў час фестывалю тэатральнага і цыркавога мастацтва у Дзямідаве, прысвечанага знакамітаму земляку дзямідаўцаў Юрыю Нікуліну. На гэты раз лёзненцаў запрасілі на фестываль малых тэатральных форм, які пройдзе восенню ў Ельні.
Першымі ў аглядзе-конкурсе выступілі самадзейныя артысты Дома культуры аг. Новае Сяло з лірычнай камедыяй Я. Кісялёвай “Третий глаз”. Калектыў, які на працягу некалькіх гадоў узначальвае Н. А. Гамбалеўская, заявіў аб сабе амаль з першай сваёй работы, дзякуючы сур’ёзным адносінам да справы як кіраўніка, так і ўдзельнікаў. Сярод іх Г. Л. Краўчанка асабліва вылучаецца акцёрскай таленавітасцю. К. П. Яблычкін на тэатральнай сцэне ўпершыню. А 14-гадовая Таццяна Ісачанка ўразіла журы сваёй адкрытасцю і непасрэднасцю. Ёй было аддадзена першынства ў намінацыі “За лепшы дэбют”.
Тэатр эстрадных мініяцюр і пародый “Тэмп” (РДК) на працягу года працаваў надзвычай пладатворна і на аглядзе паказаў адну са сваіх работ – гумарыстычную мініяцюру “У доктара”, галоўныя ролі ў якой выканалі Уладзімір Ульянаў і Наталля Рыжанкова.
Урывак з прэм’ернага спектакля па п’есе М. Каляды “Баба Шанель” у пастаноўцы народнага тэатра “У пошуку” – смелая спроба вырашэння паднятых аўтарам твора нялёгкіх пытанняў чалавечага прызначэння, адносін да прадстаўнікоў старэйшага пакалення, іх запатрабаванасці ў грамадстве, пададзеных у гратэскавай форме. Кіраўніка калектыва Г. В. Цыганкова судзейская калегія адзначыла за лепшую рэжысуру. Старшыня журы, артыстка Віцебскага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Р. С. Грыбовіч пахваліла рэжысёра за тое, што не пабаяўся ўзяцца за даволі складаны твор і знайшоў такіх каларытных выканаўцаў. Дарэчы, усе яны, за выключэннем Л. М. Смірновай, ігралі ўпершыню. Як расказаў Генадзь Васільевіч, да пастаноўкі “Бабы Шанель” яго падштурхнуў прагляд яе ў выкананні маскоўскага тэатра- студыі Беляковіча на “Славянскім базары ў Віцебску”. Зачараваны творам, ён знайшоў людзей, з якімі захацелася правесці творчы эксперымент. А яны, на шчасце, не адмовіліся. У спектаклі дэбютавалі В. У. Матвіевіч, С. І. Кавалеўская, Н. Р. Богдан, В. Р. Зайцава.
У выкананні акцёраў з Ельні былі прадстаўлены два ўрыўкі са спектакляў: адзін на ваенную тэматыку, другі з п’есы А. Астроўскага “Праздничный сон до полудня”. Калектыў існуе ўжо 18 гадоў. У яго складзе моладзь і старэйшае пакаленне, таму і назва адпаведная – “Отцы и дети». Увесь калектыў адзначаны за выдатнае акцёрскае выкананне. Другое месца атрымалі за рэжысуру. А выканаўца Сяргей Трубчанка ўзнагароджаны за лепшую мужчынскую ролю.
Народны тэатр “Вытокі” ДК аг. Веляшковічы вынес на суд гледачоў урывак з камедыі Л. Важко “Любоў па перапісцы”, у якой сюжэт, гумар і праблемы блізкія і зразумелыя нашым сучаснікам. Камедыя выкрывае недахопы сучаснага жыцця. На прыкладзе галоўнай гераіні паказана, як вясковая дзяўчына, апынуўшыся ў горадзе, спрабуе адразу ж ператварыцца ў гараджанку. Як гэта выглядае з боку, было адлюстравана на сцэне.
Цікавай падалася вясковая гісторыя, паказаная тэатральным калектывам Перамонтаўскага СДК па п’есе В. Ткачова “Следственный эксперимент”. У аснове яе – узаемаадносіны паміж людзьмі, судзіць аб якіх часам зусім няпроста.
Калектыў аматараў мастацкага слова ДК аг. Зубкі ўдала дэбютаваў на раённай сцэне. Яны прадставілі яскравы ўрывак з украінскай камедыі А. Старыцкага “ За двума зайцамі”. Вылучыўся творчы дуэт выканаўцаў галоўных роляў Галіны Мацвеевай (Проня Пракопаўна) і Сяргея Іванова (Галахвацкі). Яны атрымалі дыплом у намінацыі “Лепшы акцёрскі ансамбль”. Дарэчы, у спектаклі былі заняты таксама бацькі Сяргея – Марына Разібаўна і Мікалай Аркадзьевіч Івановы. За лепшую ролю другога плана узнагароджана Ірына Лахцеева. Кіраўнік калектыву Г. Б. Мацвеева адзначана дыпломам ІІІ ступені за рэжысуру.
Па рашэнні журы ўсе ўдзельнікі раённага агляду-конкурсу адзначаны за ўдзел і творчыя поспехі. У глядзельнай зале прысутнічалі работнікі іншых устаноў культуры раёна, яны з задавальненнем пазнаёміліся з творчасцю калег. Сустрэча з тэатрам была карыснай і для іншых гледачоў, якія наведалі мерапрыемствы дэкады. У перапынках паміж пастаноўкамі ў фае РДК працавала беларуская нацыянальная кухня, разгорнутая культработнікамі з Кавалёў і Бабінавічаў, а таксама фітабар клуба “Флора” раённай бібліятэкі.
Напэўна, не памылюся, калі скажу, што гледачы, наведаўшыя тэатральныя прадстаўленні, не маглі не заўважыць і не ацаніць, колькі працы было ўкладзена ў падрыхтоўку да паказаў. Цэлы год ішлі рэпетыцыі. Як складана было артыстам кожны раз сабрацца разам, адарвацца ад хатніх спраў і клопатаў. Рэжысёрская работа патрабуе спецыяльных ведаў, упартасці, вытрымкі, такту. Шмат часу было аддадзена афармленню дэкарацый і сцэнічных касцюмаў. Маляўнічыя аб’явы своечасова запрасілі гледачоў. У выніку, як бачым, атрымалася добра. Толькі вельмі шкада, што ўсё гэта, адрасаванае шырокаму колу землякоў, не знайшло жаданага водгуку ў насельніцтва, і спектаклі прайшлі пры напалову пустых залах. Аднак гэта не гаворыць аб тым, што тэатральная творчасць сёння не запатрабавана. Наяўнасць у нашым раёне двух народных тэатраў і шматлікіх тэатральных калектываў, і тое, што менавіта на Лёзненшчыне традыцыйна праходзяць абласныя агляды-конкурсы і дэкады тэатральнага мастацтва з’яўляюцца міжнароднымі, гэта дарагога каштуе і сведчыць аб тым, што справа жыве і развіваецца. Гэта адна з сапраўдных духоўных каштоўнасцей, якія мы маем. І яе трэба ўсяляк падтрымліваць і берагчы.
Таццяна Ігнаценка.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Связанные новости