Менавіта гэты час звязаў мой лёс з газетай «Сцяг перамогі». Раней, будучы настаўніцай-філолагам, калі-нікалі дасылала свае нататкі ў розныя беларускія выданні, у тым ліку і раёнку. У школе разам з вучнямі выпускалі сваю малатыражку «Навіны калышанскага краю». Нас друкавалі. Нават атрымлівалі прызы і дыпломы. Пэўна таму, калі папрасілася на працу у раённую газету, тагачасны галоўны рэдактар Алена Ратнёва прыняла мяне адразу карэспандэнтам. Вялікі дзякуй ёй за тое, што я атрымала, нарэшце, такую магчымасць, бо, прызнацца, пра журналістыку марыла з юнацтва.

Прыйшлося некаторы час асвойвацца ў журналістыцы, бо творчасць – гэта адно, а тут яшчэ патрэбны аператыўнасць, выезды на аб’екты, неабходнасць разбірацца ў пытаннях сельскай гаспадаркі, прамысловасці і іншых сферах, ад чаго дагэтуль была далекавата. Першым сур’ёзным выпрабаваннем стала заданне падрыхтаваць матэрыял на цэлую паласу, і я справілася! Перад вачыма і сёння той загаловак: «У Высачанах клапоцяцца аб старасці і думаюць пра будучыню».

Побач працавалі ўжо дастаткова вопытныя журналісты Людміла Бірулькова і Юлія Пахолкіна. Пазней маладыя і імпэтныя Віялета Мужалёва, Фёдар Пастаялкін, Вераніка Рэдзько, Улада Медзяноўская. Наша творчае ўзаемадзеянне было вельмі плённым, нараджаліся новыя ідэі. Калі мне даверылі раённае радыё, азы працы дала мне Людміла Бірулькова.

Наша газетная сям’я трымалася не толькі на журналістах. Незамянімымі памочніцамі былі аператары Анжэла Магілевіц і Алена Гладышава. Яны не толькі вярсталі і набіралі тэксты, але маглі падказаць важныя факты, дапамагалі разбірацца ў складаных выпадках правапісу. І гэта было здорава! Кабінет галоўнага бухгалтара Антаніны Пятроўны Агеенка часам ператвараўся ў пакой псіхалагічнай разгрузкі. Гэта добрая, абаяльная жанчына заўсёды выслухае, падбадзёрыць, уселіць надзею. Прыемна успомніць тыя душэўныя размовы. А нашы вадзіцелі Мікалай Харытонавіч Плаксін і яго пераемнік Сяргей Пятровіч Лабусаў павазілі нас па ўсіх вялікіх і маленькіх вёсках раёна. Дарожныя размовы з імі не раз падштурхоўвалі да пошукаў новых тэм і герояў.

Але галоўным набыткам для мяне сталі сустрэчы з працавітымі і цікавымі людзьмі. Іх лёсы, перажыванні, праблемы старалася адлюстраваць на старонках газеты. Многія жыццёвыя гісторыі назаўжды запалі ў душу.

Але журналісцкі хлеб не такі лёгкі, як здаецца звонку. Гэта і бяссонныя ночы, каб паспець здаць матэрыял у тэрмін, і праца ў выхадныя, і непрадказальнасць рабочага дня. І вельмі важна, каб заўсёды спадарожнічалі добры настрой і натхненне.

Я бязмежна ўдзячная лёсу за гэтае яскравае і насычанае дзесяцігоддзе журналістскага жыцця пад крылом газеты «Сцяг перамогі».

© Авторское право «Сцяг перамогі». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Таццяна ІГНАЦЕНКА. Фота Вольгі ПІНЧУК.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости