У кастрычніку 1943 года савецкія войскі прынеслі доўгачаканае вызваленне на Лёзненскую зямлю, але далейшае прасоўванне па Віцебшчыне далося ім цаной вялікіх страт. Толькі з лістапада 1943 па сакавік 1944 гадоў войскі Заходняга і Першага Прыбалтыйскага франтоў правялі на Віцебскім напрамку тры наступальныя аперацыі, але галоўнай мэты – авалодання Віцебскам – не дасягнулі.

Так, 23 снежня 1943 года часці 33-й арміі Заходняга фронту распачалі наступальную аперацыю з мэтай прабіцца да Віцебска на яго паўднёвых подступах. На першым абарончым рубяжы наступленне нашых войскаў было спынена, баі прынялі вельмі жорсткі характар. Дзеля прарыва варожай абароны ў той жа дзень ў баі была ўведзена 23 гвардзейская Ельненская танкавая брыгада.
У гэтым прарыве на мяжы Лёзненскага і Віцебскага раёнаў вызначыўся экіпаж гвардыі лейтэнанта Васева, які ўзначальваў узвод танкаў Т-34, прыдадзены батальёну цяжкіх танкаў КВ. Пад умелым кіраўніцтвам камандзіра ўзвод на максімальнай хуткасці дасягнуў перадавой лініі абароны праціўніка ля вёскі Тулава 2. Асабіста экіпаж Васева прыцэльным агнём знішчыў дзве кулямётныя кропкі, два бліндажы, адно супрацьтанкавае ружжо з разлікам і ўзвод нямецкай пяхоты. Прарвацца праз другую лінію варожай абароны ўдалося толькі танку камандзіра – астатнія танкі з яго ўзвода былі падбітыя.
Паглыбіўшыся на дзесяць кіламетраў у варожую абарону, экіпаж Васева, удала спалучаючы манеўраванне і прыцэльны агонь, працягваў граміць немцаў. На рахунку савецкіх танкістаў знішчаныя дзве гарматы, яшчэ чатыры бліндажы і каля ўзвода пяхоты, а таксама мінамётная батарэя праціўніка, агонь якой быў падаўлены. Ў гарачцы бою экіпаж не заўважыў, як адарваўся ад сваіх войскаў, – толькі пазней высветлілася, што танкісты паглыбіліся на пятнаццаць кіламетраў у нямецкую абарону, на поўдзень ад Тулава 2.
Камандзір экіпажа прыняў адзіна вернае рашэнне – змагацца ў варожым тыле. Рухаючыся па лясной дарозе, што вяла на Іванькава, “трыццацьчацвёрка” наскочыла на варожы абоз, які быў часткова раздаўлены гусеніцамі танка, а часткова знішчаны агнём з кулямёта і гарматы. У раёне Іванькава супрацьтанкавай гармаце праціўніка з засады ўдалося разбіць гусеніцу Т-34, і немцы паспрабавалі захапіць экіпаж чырвоназорнай машыны, але танкісты здолелі адбіць некалькі адчайных атак.
Нягледзячы на раненні і варожы абстрэл, савецкія воіны спрабавалі адрамантаваць танк, але – беспаспяхова. Тым часам праціўнік выкаціў гармату на адкрытую пазіцыю, каб зблізку расстраляць падбітую машыну. Але пераможцамі з артылерыйскай дуэлі выйшлі савецкія танкісты.
З наступленнем ночы нямецкія атакі прадоўжыліся, як мага хутчэй немцы намагаліся знішчыць баявы экіпаж разам з машынай. Усе члены экіпажа, акрамя камандзіра, былі цяжка параненыя і на наступны дзень ужо не змаглі працягваць барацьбу. Адзін у поўным акружэнні лейтэнант Васеў змагаўся яшчэ цэлы дзень. Адстрэльваючыся, ён не дазволіў немцам наблізіцца да машыны, каб падпаліць яе. Толькі 25 снежня савецкая пяхота прарвалася да месца бою, дзе засталося ляжаць да сарака варожых салдат і афіцэраў. Параненыя танкісты былі эвакуіраваны ў тыл, а камандзір экіпажа працягнуў змагацца. Агнём з танкавай гарматы ён падтрымаў наступленне савецкай пяхоты, якая авалодала апорным пунктам праціўніка ў Іванькава.
Подзвіг лейтэнанта Васева на лёзненскай зямлі быў адзначаны ордэнам Леніна, медалём “Залатая Зорка” і званнем Героя Савецкага Саюза.
Нарадзіўся Міхаіл Аляксандравіч Васеў восьмага кастрычніка 1919 года ў вёсцы Развілы цяпер Пермскага краю Расіі. У чэрвені таго ж года яго бацьку, простага селяніна, забілі калчакаўцы. Маці засталася з дзецьмі адна, жылі бедна, у пошуках працы пераязджалі пастаянна з месца на месца. Скончыўшы сямігадовую школу ў Новасібірску, Міша Васеў уладкаваўся працаваць электрыкам. У 1939 ён быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, служыў механікам-вадзіцелем у танкавых часцях.


На франтах Вялікай Айчыннай вайны з лістапада 1941, неўзабаве атрымаў афіцэрскае званне, быў прызначаны камандзірам танка, пазней прыняў камандаванне ўзводам танкаў. З пасады камандзіра роты герой нашага аповеду быў накіраваны на вучобу ў Вышэйшую афіцэрскую школу бранятанкавых і механізаваных войскаў, якую скончыў у пераможным сорак пятым. Праз год капітан Васеў выйшаў у запас і пераехаў у Омск, працаваў слесарам у вытворчым аб’яднанні “Сібзавод”. Пайшоў з жыцця Міхаіл Аляксандравіч трэцяга снежня 1999 і быў пахаваны на гарадскіх могілках.
Канстанцін ГАЙДУКОЎ,
настаўнік Выдрэйскай ЯССШ.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Связанные новости