Сярод гісторыкаў па сённяшні дзень няма адзінага меркавання наконт таго, за што змагаліся ўдзельнікі паўстання 1863-1864 гг.: ці за аднаўленне Рэчы Паспалітай, ці супраць несправядлівасцяў адмены прыгоннага права.
У тагачасным Аршанскім павеце Магілёўскай губерні да паўстання далучыліся ў тым ліку шляхцічы Іосіф і Пётр Слежаноўскія – уладальнікі маёнтка Альхімкава, да якога адносілася сённяшняя вёска Якубаўшчына. Іосіф Іосіфавіч Слежаноўскі быў кіраўніком аднаго з паўстанцкіх атрадаў. У красавіку 1863 г. ён разам з 16-цю вершнікамі накіроўваўся ад станцыі Паграбенкі да Бабінавіч для аб’яднання з аршанскім атрадам, але 22 красавіка ўсе яны былі ўзяты ў палон.
Братам Слежаноўскім (Аляксандру, Яўгену, Пятру і Іосіфу) маёнтак Альхімкава дастаўся 28 лістапада 1861 г. – пасля смерці іх бацькі Іосіфа Антонавіча Слежаноўскага. Сярод уладальнікаў спадчыны лічыліся таксама іх маці Сафія і сястра Зінаіда. Акрамя таго Сафія Слежаноўская валодала маёнткам Стаі, размешчаным непадалёк.
Пасля падаўлення паўстання ў 1864 г. частка Альхімкаўскіх абшараў, якія належалі Іосіфу і Пятру, падлягала канфіскацыі. Гэтая справа спачатку разглядалася ў Аршанскім павятовым судзе, які восенню 1864 г. аб’явіў пра канфіскацыю долі братоў-удзельнікаў паўстання, а таксама пра арышт маёнтка Стаі. 30 лістапада таго ж года Сафія Слежаноўская звярнулася ў павятовы суд для дакладнага вызначэння сваёй долі ў зямельных уладаннях. Суд дазволіў нашчадкам дабраахвотна падзяліць паміж сабой маёнтак цягам двух гадоў.
Затым справа была перададзена ў Магілёўскую Палату Крымінальнага і Грамадзянскага суда. Яе службоўцы ўзяліся вывучаць даўгі, якія лічыліся за Альхімкавам і Стаямі. Аказалася, што ў 1845-1847, 1852 гг. Іосіф Антонавіч Слежаноўскі браў у банку немалыя пазыкі на харчаванне сялян (у тыя часы да Альхімкава было прымацавана 92 селяніна мужчынскага полу). У выніку паводле стану на сакавік 1869 г. за першым маёнткам засталося 4676 рублёў 59,5 капеек доўгу, за другім – 1585 рублёў 96,25 капеек. Магілёўская судовая Палата пастанавіла вылучыць да канфіскацыі 11/28 частак нерухомай маёмасці і 5/16 рухомай – так была вызначана доля мяцежных братоў.
Пытанне канфіскацыі пацягнула за сабой высвятленне абставін, ці правільна ўсе прадстаўнікі роду ўступілі ў спадчыну: хто з іх своечасова аформіў дакументы, а хто так і не з’явіўся да натарыуса. Аляксандр Слежаноўскі ва ўстаноўлены законам 6-месячны тэрмін не аформіў спадчыну, таму пазней яму давялося даказваць свае правы. 7 сакавіка 1872 г. памешчык, які ў той час пражываў у Санкт-Пецярбургу, нават напісаў на імя імператара Аляксандра ІІ хадайніцтва, у якім называў сваіх братоў Іосіфа ды Пятра палітычнымі злачынцамі і прасіў не канфіскоўваць яго долю. Хадайніцтва атрымалася грунтоўным – на двух дзясятках аркушаў, дзе змяшчалася багата разважанняў наконт дзеючых у імперыі законаў (відаць, напярэдадні памешчык наведаў не аднаго адваката).
Невядома, ці адказаў штосьці Аляксандру Слежаноўскаму імператар, але ў маі 1873 г. ён абвясціў, што ў заходніх губернях спыняюцца ўсе заведзеныя судовыя справы па канфіскацыі маёмасці паўстанцаў, а новыя не пачынаюцца. На той час хадайніцтва Слежаноўскага знаходзілася на разглядзе ў Сенаце, члены якога разгарнулі спрэчку, наколькі прымянімы імператарскі ўказ да маёнтка Альхімкава, бо па ім спадчына не была своечасова аформлена. Не прыйшоўшы да адзінага меркавання, сенатары звярнуліся да міністра юстыцыі. У пачатку чэрвеня 1874 г. той вырашыў, што імператарскі ўказ прымянімы да маёнтка Альхімкава. На пасяджэнні Сената, якое адбылося неўзабаве, 15 сенатараў згадзіліся з пастановай міністра, а 9 так і засталіся пры сваім меркаванні. У кастрычніку таго ж года Сенат выдаў адпаведны ўказ, пра што Аляксандру Слежаноўскаму было паведамлена 9 сакавіка 1875 г.
Можна толькі ўявіць, колькі перажыванняў здарылася ў памешчыка Слежаноўскага за гэтыя паўтара дзесяцігоддзя. Мала таго, што імператар адмяніў прыгоннае права, тым самым паставіўшы землеўладальнікаў у няпростае становішча, а тут яшчэ браты пасварыліся паміж сабой і ледзьве не страцілі свой радавы маёнтак. Праўда, усё скончылася для іх не горшым чынам, і Слежаноўскія валодалі Альхімкавам да самага 1917-га года.
Аўтар: Канстанцін КАРПЕКІН, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці. На фота: Маёнтак Альхімкава на чарцяжы 1848 г.
