З успамінаў З. Звірст, жыхаркі г.п. Лёзна:
– Гэты дзень застаўся ў маёй памяці назаўсёды. Разам з маці праважала бацьку, мабілізаванага 27 чэрвеня 1941 года Лёзненскім райваенкаматам, на фронт. Збіралі ўсіх мабілізаваных у Адаменскім гаі. Плакалі жанчыны і дзеці, моцна прыціскаючыся да адразу стаўшых суровымі мужчын.
І вось мы ўтрох – бацька, маці і я – стаім пад ёлкай, на ўзгорку. Крыху ўбаку ад натоўпу. Тут і развіталіся з дарагім нам чалавекам. Ці маглі ведаць тады, што бачым яго ў апошні раз?
У час вайны і пасля яе заканчэння часта прыходзілі сюды, пад развалістую яліну, дзе адбылося развітанне. Памятаю, тата гаварыў тады маці: «Беражы дзяцей. Вайна жорсткая будзе. Наўрад ці застануся я ў жывых».
Мама, сястра, брат і я пры наступленні немцаў разам з іншымі жыхарамі Лёзна хадзілі ў бежанцы ў вёску Асташэва. Але неўзабаве вораг заняў і гэтую мясцовасць. Мы вярнуліся назад, у райцэнтр. Цярпелі нястачу, галадалі, жылі ў холадзе, пад пастаяннай пагрозай смерці і страхам. Але не гублялі надзею, што перамога будзе за намі, што бацька наш жывы і вернецца дахаты.
У Заольшы і ў Смаленску былі лагеры ваеннапалонных для нашых чырвонаармейцаў. Мы з маці дабіраліся туды, шукалі сярод салдат свайго бацьку. Але так і не знайшлі яго.
Вось і скончылася суровая вайна. Пісалі па многіх адрасах, пыталіся пра блізкага чалавека, усё яшчэ спадзяваючыся на сустрэчу з ім. Атрымалі адказ, што ў спісах загінуўшых і прапаўшых без весткі ён не лічыцца.
У 1942 годзе фашысты расстралялі майго брата В.І. Пашкоўскага, 1925 года нараджэння. Адбылося гэта ў лесе за Дабрамыслямі. У 1962 годзе памерла мая маці, а ў 1984-м – сястра. Яны так і не даведаліся аб лёсе аднаго з абаронцаў Радзімы, роднага чалавека.
Засталася я адна, працягвала пошукі. Не губляючы надзеі атрымаць хоць якую-небудзь вестачку аб бацьку. І вось, нарэшце, праз 47 гадоў адшукаўся яго след. З архіва Міністэрства абароны СССР у г. Падольску Маскоўскай вобласці прыйшло паведамленне аб тым, што мой бацька, радавы Іван Маісеевіч Пашкоўскі, 1897 года нараджэння, памёр у нямецкім палоне 26 лістапада 1941 года, у лагеры Батхорн-Эмсланд на тэрыторыі ФРГ.
Вельмі хацелася б пабываць на тым месцы, у Германіі, дзе захоўваюцца рэшткі вернага салдата Айчыны і іншых нашых воінаў. Бо гэта – святы абавязак жывых перад памёршымі. А яшчэ хачу звярнуцца да ўсіх людзей з заклікам: «Беражыце мір! Ён заваёваны крывёю і жыццямі нашых братоў і бацькоў. Вайна ніколі не павінна паўтарыцца».
Газета «Сцяг перамогі»,
№66 за 1991 год.