Наўрад ці аканом князя Агінскага, калі складаў інвентар маёнтка Лёзна ў 1714 г., думаў пра тое, што праз трыста з лішкам гадоў нехта будзе чытаць гэты дакумент. Задачы перад службоўцам стаялі самыя празаічныя – зафіксаваць звесткі пра кожнае пасяленне княскага ўладання: ад цэнтральнага мястэчка да невялікага засценка.
Апроч таго вельмі важна было пералічыць усіх гаспадароў, памеры апрацоўваемых імі зямельных надзелаў і ускладзеных на іх павіннасцей – ад гэтага напрамую залежала хуткасць напаўнення княскай скарбніцы.Аканом так старанна працаваў над інвентаром, што нават размаляваў яго тытульны аркуш мудрагелістымі ўзорамі.
Назву маёнтку дало мястэчка Лёзна, якое ў гэты час было зусім невялікім. У цэнтры яго знаходзілася Рынкавая плошча, ад якой адыходзілі Малькаўская, Руднянская, Броварная ды Дворная вуліцы – вось і ўсё мястэчка. Нескладана здагадацца, што першая з іх вяла ў накірунку вёскі Малькава (сёння завецца Якубаўшчынай), а другая – да Рудні, якая цяпер з’яўляецца раённым цэнтрам у Расіі. Мяркуючы па назве трэцяй вуліцы, у мястэчку варылі піва ці выраблялі віно (а можа, і тое, і другое). На чацвёртай вуліцы, верагодна, стаяў двор аканома ці якогасьці іншага княскага адміністратара. У цэнтры маёнтка тых часоў жылі хрысціяне, яўрэі і нават адна ўдава-віцяблянка. Па мянушках некаторых жыхароў становіцца зразумелым, якімі рамёствамі яны займаліся: сярод насельнікаў Лёзна значацца Мікіта Столяр, Сымон Млынар, Гаўрыла Рымар, Моўша Рэзнік.
Увесь маёнтак складаўся з 4-х лаўніцтваў (невялікіх адміністрацыйна-судовых адзінак) і ўбіраў у сябе 11 вёсак.
Сённяшнія Адаменкі ў пачатку XVIII ст. называліся Адамёнкамі – па мянушцы тамтэйшых жыхароў. У 1714 г. у вёсцы жылі Якім, Якуб, Васіль ды Ісак Адамёнкі – сыны ці ўвогуле нашчадкі нейкага Адама. Тут жа атрымалі зямлю Азаронкі, Дарафеевы, Бычкі, але паселішча назвалі менавіта ў гонар Адамёнкаў – ці то яны былі першапасяленцамі, ці то найбольш шматлікімі і заможнымі.
Ад прозвішчаў мясцовых сялян былі названы і іншыя вёскі маёнтка. Напрыклад, у вёсцы Зубкі, што належала да Дуброўкскага (ці як напісана ў інвентары – «Дамбровескага») лаўніцтва, было 7 двароў, і ў 5 з іх жылі сяляне з прозвішчам Зубко: Дарошка, Есіп, Грышка, Максім ды Іўко.
У тым жа лаўніцтве знаходзілася і адно з самых маленькіх паселішчаў маёнтка – вёска Пілюшонкі. У ім налічвалася толькі 3 двары, і першым з іх запісаны двор Касцюка Пілюшонка. Адзін двор у 1714 г. увогуле быў нежылым. Нягледзячы на свае малыя памеры, вёска не знікла, у канцы XVIII ст. яна звалася Паўлюшонкамі, а да сярэдзіны ХІХ ст. перайменавалася ў Слабаду. Дарэчы, сяляне Пілюшонкі рассяліліся і па суседніх вёсках: Апанас – у Буях, Халюта – у Гарблах.
Адно з лаўніцтваў маёнтка размяшчалася за ракой Машной, на поўдзень ад Лёзна, таму і назвалі яго Зарэцкім. Да яго адносіліся Карусі – вёска на 5 двароў, дзе жылі Аўсей, Іван і Есіп Карусёвы. Такое прозвішча падказвае, што продка гэтых сялян звалі Карусём (беларускі народны варыянт імя Карл).
У суседнім з Карусямі паселішчы жыў селянін з больш шляхетным прозвішчам – Сідар Сапатоўскі. У інвентары нават не пазначана, што гэта такое было, вёска ці ваколіца, хаця другое больш верагодна. Княскі аканом пазначыў толькі назву пасялення з двух двароў – Сапатоўскія.
Наўрад ці ўсе сяляне, згаданыя ў інвентары, былі асабліва рады складанню гэтага дакумента, бо цяпер усе зямельныя надзелы былі дакладна ўлічаны і для кожнага двара вызначаны падаткі. Затое нашчадкі атрымалі выдатную магчымасць даведацца не толькі імёны прашчураў, але і паходжанне назваў вёсак, існуючых вакол мястэчка Лёзна.
Канстанцін Карпекін, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
