
Дэкада тэатральнай творчасці на Лёзненшчыне, прысвечаная Сусветнаму дню тэатра, пачалася са спектакля па п’есе Э. Баброва «Привет из Жердяева», які паставіў тэатральны калектыў ДК аг. Новае Сяло. Наперадзе лёзненскіх гледачоў чакаюць нямала прэм’ер. Але можна з упэўненасцю сцвярджаць, што самай яскравай падзеяй у тэатральным жыцці стала творчая сустрэча з вядучымі акцёрамі Віцебскага нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, якая адбылася 23 сакавіка ў глядзельнай зале дзіцячай школы мастацтваў. Як адзначыў арганізатар сустрэчы вядучы спецыяліст па тэатральнаму мастацтву раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра, кіраўнік раённага тэатральнага калектыва “У пошуку” Г. В. Цыганкоў, людзі, якія прыехалі да нас, незвычайныя і творчыя. Усё сваё жыццё прысвяцілі нялёгкай, але вельмі цікавай прафесіі.
– Галоўную мэту, якую мы перад сабой паставілі, даць магчымасць лёзненцам пабачыць майстроў сцэны не ў спектаклі, а, як гаворыцца, без грыму, – сказаў Генадзь Васільевіч, – пазнаёміцца з імі, задаць пытанні, прычым, не толькі прафесійнага, але і асабістага характару.
Раіса Грыбовіч у 2009 годзе была ўдастоена высокага звання “Чалавек года Віцебшчыны”. Святлана Жукоўская – тройчы лаурэат конкурсу “Паюць акцёры тэатра і кіно”. З 1971 года ў тэатры працуе Пётр Ламан. Усе трое ўдастоены знака Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за прафесійны ўклад у мастацтва.
Гэтыя людзі сёння пішуць сучасную гісторыю другога па значнасці ў рэспубліцы тэатра. Дзякуючы іх майстэрству, спектаклі, якія тэатр прадстаўляе на розных міжнародных фестывалях, прызнаюцца лепшымі.
Раіса Грыбовіч нарадзілася ў Казахстане. Яе бацькі асвойвалі там цэліну і, як сама жартуе, асвоілі яшчэ і яе, апошняга дзіця ў сям’і. Шостага. Будучы маленькай дзяўчынкай, пераехала на Палессе, на радзіму таты. Яе ўразіла мясцовая прыгажосць. Захоплівала многае: снег, сасулькі на стрэхах, калодзежы з бусламі. Але больш за ўсё – беларуская мова з непаўторным палескім каларытам.
– Памятаю, як прыходзілі да нас у хату госці, і я адразу ўскоквала на стул і пачынала іх весяліць, – расказвае Раіса Грыбовіч. – Спявала пад пацефон, зграбала сена, палола градкі і складала рыфмаваныя радкі. Яшчэ з дзяцінства ўмела нешта рыфмаваці, мяне за рыфму гэтую вяроўкай біла маці.
Справа ў тым, што маленькая Рая магла ў размове ляпнуць неўпапад. “Што ты дочанька ходзіш, як чушка?” – звярталася маці. “А ты, як лягушка”, – гучаў адказ. А потым – слёзы, крыўда і непаразуменне, чаму наказалі.
Любоў да беларускай мовы прывіў настаўнік ад Бога Аркадзій Міронавіч. Ён жа і параіў дзяўчынцы публікаваць вершы ў мясцовым перыядычным выданні. У хуткім часе на старонках газеты “Палеская праўда” з’явіліся замалёўкі Раісы, у якіх распавядала пра сваіх аднавяскоўцаў. У восьмым класе цвёрда вырашыла: пайду ў артысткі. Нават падала дакументы ў тэатральнае вучылішча. Але прыйшоў адказ: позна, курс набраны. Выйсце падказала сястра. У Пінску ствараецца новы ансамбль “Палескія зоры”. Але каб туды трапіць, трэба паступіць у вучылішча будаўнікоў. І праз некалькі гадоў яна ўжо будавала дамы і спявала на сцэне. Здавалася б, мара здзейснілася. Але ў хуткім часе стала зразумела, што выступленні, гастролі і нават перамогі ў міжнародных конкурсах самадзейных артыстаў – гэта вельмі мала для самарэалізацыі. Надышоў час яшчэ адной спробы паступлення ў тэатральнае. Падала дакументы ў Гродзенскае вучылішча мастацтваў. Але зноў спазнілася. Прыйшоў на дапамогу дырэктар установы, які ў вачах дзяўчыны ўбачыў рашучае жаданне стаць студэнткай. Асабіста для яе была створана ўступная камісія. Родныя неадназначна паставіліся да выбару дзяўчыны.
– Раней жа як было: па тэлебачанню паказвалі адзін балет, – гаворыць госця. – Вось бабуля мая і думала, што артысты толькі балетам і займаюцца. Як жа яна галасіла! А што гэта, цябе будуць так падымаць ды пад юбку заглядваць?
Менавіта ў гэты перыяд Раіса Грыбовіч знаёміцца са Святланай Жукоўскай, яшчэ адной будучай артысткай Віцебскага тэатра. З гэтага часу іх творчыя шляхі сышліся і дагэтуль ідуць паралельна адзін аднаму. Раіса памятае, як у час прагляду ў Гродненскім тэатре член высокай камісіі з Мінску назваў яе маладой Ранеўскай. Закружылася галава ад такой высокай адзнакі. Хацелася яшчэ больш работаць і развіваць свой талент. Аднойчы педагог па сцэнічнай гаворцы Зоя Піткевіч прапанавала Рае і Святлане паспрабавацца на ролю Настачкі з “Несцеркі” у Віцебскім тэатры. Але дзяўчыны не з вялікім энтузіязмам сустрэлі гэтую прапанову. Раісе казалася, што Віцебск – гэта такая крайняя поўнач, тут холадна і зусім няма сонца. Але ўсё ж такі паехалі. Як заспявалі на віцебскай сцэне, што збегліся ўсе: і акцёры, і вахцёры. Тыя, хто застаўся працаваць у тэатры з тых часоў, памятаюць, як пакарылі ўсіх сваімі звонкімі галасамі. У выніку ўзялі абодвух, прычым у іх не было вышэйшай адукацыі. Першы час на іх коса паглядвалі: ну-ну, панаехалі тут, год-два папрацуеце і збяжыце.
Але лёс распарадзіўся інакш. Праз пару гадоў Раіса і Святлана паступілі ў адзін з вядучых тэатральных інстытутаў у Маскве. Папалі на курс да Быстрыцкай – галоўнай гераіні кінастужкі “Ціхі Дон”. Яшчэ ў дзяцінстве, праглядаючы гэты фільм, Раіса злавіла сябе на думцы, што калі-небудзь сустрэнецца з гэтай таленавітай жанчынай. Было шмат сумненняў перад паступленнем наконт сваіх магчымасцей і знешніх даных. Вакол хадзілі такія прыгажуні. Але хутка з’явілася і іншая думка: яны ўсе падобныя адна на другую, а я такая адна. Калі даведаліся, што сталі студэнткамі, цалавалі ўсе помнікі ў сталіцы і вар’яцелі ад шчасця. Вучыцца было цяжка, бо ў Віцебску ў Раісы ўжо была сям’я. Яшчэ на першым курсе папярэдзілі: не дай Бог каму зацяжарыць. Але ўжо на другую сесію прыехала ў цікавым становішчы.
У мінулым месяцы споўнілася роўна трыццаць гадоў, як гэтыя жанчыны выходзяць на сцэну Віцебскага нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Коласа. За гэты час было многае: і адсутнасць роляй, і вольнага часу, і жаданне ўсё кінуць і бегчы далёка-далёка. Бо тэатр – гэта месца, якое і лечыць, і калечыць, прыносіць і радасць, і боль. Такую думку выказалі госці сустрэчы.
Бацькі Святланы Жукоўскай былі настаўнікамі, займаліся ў народным тэатры. Спачатку дзяўчынка проста сядзела ў глядзельнай зале, а потым нават атрымала ролю. Ёй трэба было выйсці ў фінальнай сцэне і пакласці кветкі да могілак. Але Света вельмі спужалася артыста, які кульгаў. Упала за кулісамі перад мамай на калені і заявіла: “Мне вельмі дрэнна”. Тая ўсё зразумела і папрасіла выйсці на сцэну дзяўчынку з залы, заплаціла ёй рубель. Вось тады, у шэсць гадоў, выразна зразумела: хочаш дабіцца поспеху ў тэатры, ніколі не бойся на сцэне. З такім своеасаблівым дэвізам праходзіць яе творчае жыццё. А яшчэ для Святланы Жукоўскай вельмі важна, каб ніколі не гас у сэрцы агеньчык творчасці, які дазваляе быць блізкай да народа. Менавіта ад гледачоў атрымліваеш такую цеплыню і шчырасць, якія на доўгі час заражаюць добрай энергетыкай.

Апошняму слова было дадзена Пятру Ламану. Акцёр коратка расказаў пра тое, як трапіў у тэатр. Нарадзіўся ён на Навагрудчыне ў маленькай вёсачцы. А прафесію абраў выпадкова. Даведаўся, што яго аднакласнік Анатоль Жук паступіў, як сяльчане гаварылі, на артыста. Падумаў, а чым горшы за таго, з кім сядзеў за адной партай. І падаў дакументы ў Беларускі дзяржаўны тэатральны інстытут. Па размеркаванню трапіў у Віцебск. Спадабалася ў гэтым тэатры яшчэ і таму, што п’есы тут ставіліся на беларускай мове. Сёння Пётр Ламан – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Міжнароднага Саюза пісьменнікаў. Вершы пачаў пісаць яшчэ ў школе ў час першага кахання. Але ўсур’ёз, як сцвярджае, заняўся гэтай справай, калі задумаўся, хто ён такі і на якой зямлі жыве. Паспрабаваў сябе і ў прозе. Яго аповесці былі выдадзены асобным зборнікам.
Яшчэ доўга гледачы, якіх, нажаль, сабралася вельмі мала, не хацелі адпускаць артыстаў, падыходзілі да іх са словамі ўдзячнасці, задавалі пытанні. А тыя, у сваю чаргу, гаварылі “дзякуй” за тое, што выслухалі. Бо ў гэты вечар сабраліся разам людзі, якія сапраўды любяць тэатр.
Юлія ПАХОЛКІНА.
