У раённым цэнтры культуры адбылася выніковая нарада сектара культуры райвыканкама. Старшыня раённага Савета дэпутатаў С.С. Шляднеў і загадчык сектара культуры райвыканкама С.С. Піваварчык уручылі шэраг узнагарод самага разнастайнага ўзроўню людзям, якія сваёй самаадданай працай на ніве культуры робяць наша жыццё больш святочным і радасным, а таксама праслаўляюць раён не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі.
Падчас урачыстага мерапрыемства старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь» Ірына Дзерваед уручыла падзякі за працу, а таксама членіскія білеты некаторым прадстаўнікам культуры.
Былі падведзены вынікі раённага агляда справаздачных мерапрыемстваў сельскіх арганізацый культуры «Чароўны свет куліс», у якім прынялі ўдзел 12 устаноў.
Арганізатары конкурса – сектар культуры райвыканкама і ДУК «Лёзненская ЦКС» – пераможцам абвясцілі Дом культуры аг. Крынкі (заг. Любоў Канстанцінава). Дом культуры аг. Зубкі заняў пачэснае другое месца (загадчык Ірына Іванова), а Дом культуры аг. Дабрамыслі – трэцяе (загадчык Аляксей Агееў). Адзіны ў раёне клуб-бібліятэка ў Емельянова ўзнагароджаны дыпломам І ступені ў сваёй катэгорыі (кіраўнік Алена Саладкова). І зусім не таму, што не мае канкурэнтаў, а па прычыне выдатных вынікаў працы.
Аб тым, як жа прайшлі справаздачныя канцэрты, пагутарылі з чалавекам, які бачыў усе 12 праграм. Гэта загадчык сектара нестацыянарнага абслугоўвання інфармацыі РЦК Галіна Гузава. Па яе словах, усе як адна ўстанова культуры прадставілі высокі ўзровень прафесійнага майстэрства, але ў кожнай былі свае непаўторныя асаблівасці. Чараду справаздачных канцэртаў у гэтым сезоне распачаў Дом культуры аг. Дабрамыслі, яшчэ ў снежні. Паколькі прысвечаны ён быў 105-годдзю культуры, то яго адметным момантам стала відэапрэзентацыя, пад час якой былі ўзгаданыя імёны людзей, якія ўжо пайшлі з жыцця, але ўнеслі значны ўклад у развіццё культуры раёна.
Лейтматывам іншых канцэртаў стала тэма 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Маштабныя і моцныя тэатралізаваныя пастаноўкі на ваенную тэму падрыхтавалі Зубкі і Крынкі. Дарэчы, у Зубках актыўны ўдзел у канцэрце прынялі воіны-інтэрнацыяналісты. Загадчык Дома культуры Ірына Іванова на працягу 25 гадоў кіруе клубам «Памяць», дзейнасцю якога па праву ганарыцца ўся вобласць. Толькі тут, у Зубках, можна было пабачыць батлейку, а таксама паслухаць адзіны ў раёне дуэт гарманістак –маці і дачкі Таццяны Цуркану і Алены Кузнечык.
Кавалі адзначыліся фальклёрным номерам, падчас якога 88-гадовая Антаніна Уладзіміраўна Марчанка выканала аўтэнтычныя народныя песні, перанятыя яшчэ ад сваёй бабулі. Тэатральны калектыў «Вдохновение» пад кіраўніцтвам Сяргея Калупаева парадаваў гледачоў урыўкам са спектакля «Мужчына са шкоднымі звычкамі жадае пазнаёміцца» па матывах Васіля Ткачова. Дзіцячы спектакль па п’есе Вольгі Саламонавай прадставіў Дом культуры аг. Веляшковічы, а яго рэжысёр і акампаніятар Сцяпан Мехаў прыемна ўразіў аўтарскай трактоўкай папулярнай песні «Приходите в наш дом». Васьмігадовая Наташа Цітова ў Пушках так пранікнёна прачытала верш «Што такое шчасце», што была запрошана на святочны канцэрт ў РЦК, прысвечаны 8 Сакавіка. Пасля чаго стала не толькі пушкоўскай, але і лёзненскай «зорачкай». Цікавую задумку пад назвай «Зазірніце ў сямейны альбом» паказалі ў Доме культуры аг. Стасева: бабуля і ўнук у форме дыялога праз усё мерапрыемтсва падтрымлівалі тэму вайны.
У рамках справаздачных канцэртаў таксама праходзіў конкурс на лепшага культурнага працаўніка «Маё прызванне – культура».
Дыпломам І ступені ўзнагароджаны Ірына Іванова (Дом культуры аг. Зубкі) і Вольга Гудзелева (Дом культуры аг. Крынкі). Дыпломам ІІ ступені адзначана Алена Саладкова (Емельянова) і дыпломам ІІІ – Сцяпан Мехаў з Веляшковіч.
Вольга Пінчук.
