«Як ліхі казак у папасе, штанах і баявых доспехах, Тамара ўдзельнічала ў многіх гарачых стычках з фашыцскімі карнікамі, у разгроме паліцэйскіх гарнізонаў, паяўлялася вярхом на кані ў самых нечаканых для гітлераўцаў месцах, наводзячы на іх страх і паніку», – так пісала аб Тамары Дубоўцы былая партызанка-разведчыца брыгады Аляксея Т. Барадзіна. За галаву гераічнай камсамолкі немцы назначылі ўзнагароду ў 5 тысяч марак. Усюды толькі чулася: «Ахтунг, ахтунг! Усім, усім! Лавіце чырвоную партызанку Тамару – жывую або мёртвую – нямецкае камандаванне за яе галаву прызначыла ўзнагароду 5 тысяч марак». Напярэдадні 105-гадовага юбілею Домны Аляксандраўны Дубоўкі (імя Тамара было ўзята для канспірацыі) мы ўжо друкавалі нарыс былога рэдактара нашай раёнкі Сяргея Аляксеевіча Свірыдава, які ў час вайны адказваў за выпуск у тылу ворага газеты «Ленінскі сцяг» і добра ведаў Тамару Дубоўку. Але вырашылі яшчэ раз выкарыстаць гэты матэрыял, бо без імя Тамары Дубоўкі праект «Вуліцы Перамогі» будзе няпоўны. Дадзены артыкул быў надрукаваны ў газеце «Віцебскі рабочы» да 32-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ім з рэдакцыяй падзяліўся Лёзненскі ваенна-гістарычны музей.

На двары стаяў чэрвень 1942 года. Штаб нашай партызанскай брыгады толькі што перадыслакаваўся з вёскі Каспля, што пад Суражам, у вёску Куракі – на Лёзненшчыну. Я сядзеў з камбрыгам Аляксеем Фёдаравічам Данукалавым на прызбе каля штабной хаты і чытаў яму лістоўку-зварот да насельніцтва, якую напісаў па даручэнню камісара брыгады Цімафея Апанасавіча Шчарбакова. Раптам пачуўся тупат капытоў. Калі конь наблізіўся да нас, я ўбачыў, што на ім дзяўчына і быццам знаёмая. Яна лёгка і спрытна саскочыла з сядла, па-вайсковаму прыклала правую руку да папахі з чырвонай стужкай і адрапартавала:
– Таварыш камбрыг, дакладваю: сход камсамольцаў-падпольшчыкаў у вёсцы Заверына праведзены.
Пакуль дзяўчына гаварыла, я добра разгледзеў яе абветраны з прадаўгаватым носам твар. З-пад бялявых броваў свяціліся цёмна-шэрыя вочы. Т да таго ж знаёмыя! І голас, крыху прыглушаны, таксама знаёмы.
– Дубоўка Домна?! – радасна ўсклікнуў я.
– Так, Дубоўка, – дзяўчына перавяла на мяне дапытлівы позірк. – Толькі не Домна, а Тамара. А вы… вы Сяргей Аляксеевіч?
– Так…
– Гэта ж мой былы настаўнік, – растлумачыла яна камбрыгу.
– Вось дык сустрэча! – са здзіўленнем усклікнуў той. – Што ж, пагутарце. Не буду вам перашкаджаць.
Ён пайшоў у дом, а я з вялікай цікавасцю пачаў распытваць сваю былую вучаніцу. Перш за ўсё спытаў, чаму ў яе іншае імя.
– Замяніла, для канспірацыі.
Прайшло роўна сем гадоў, як я не бачыў Дубоўку. Пакінуўшы Веляшковіцкую школу, дзе працаваў тры гады настаўнікам, па пуцёўцы Лёзненскага райкома камсамола я паехаў вучыцца ў Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі. Скончыўшы яго, трапіў у армію. Потым быў фронт. І вось нечаканая сустрэча ў тыле ворага.
За гэты час Дубоўка скончыла 9 класаў, затым Віцебскае ФЗВ металістаў, працавала на заводзе токарам па металу, вагонным майстрам, актыўна ўдзейнічала ў камсамольскім жыцці. А калі ў 1939 годзе ўз’ядналі Заходнюю Беларусь з Усходняй, ЦК ЛКСМБ накіраваў яе ў Беластоцкую вобласць, дзе яна ўзначаліла Чыжоўскую раённую камсамольскую арганізацыю. Хадзіла па вёсках, палкім словам заклікала моладзь, вызваленую з-паз прыгнёту пілсудчыкаў, агранізоўвацца ў камсамольскія ячэйкі, будаваць новае жыццё.
Ды нядоўга прыйшлося тут папрацаваць Домне. 21 чэрвеня 1941 года яна з’явілася ў Беласток на пленум абкома камсамола, а 22 чэрвеня, у чатыры гадзіны раніцы, гітлераўскія самалёты наляцелі на горад і пачалі бамбіць яго. дзяўчына вымушана была эвакуіравацца. У Віцебску ёй паведамілі, што па рашэнню абкома камсамола яна застаецца на падпольнай камсамольскай рабоце ў сваім родным Лёзненскім раёне.
У першыя ж месяцы вайны дзяўчына згуртавала вакол сябе камсамольцаў, молодзь. У вёсках Веляшковічы, Замшына, Заверына, Міхалова, Альхавік былі створаны камсамольскія групы, якія вялі актыўную барацьбу з фашысцкімі акупантамі. Захоўваючы ўсе меры бяспекі, слухалі Маскву, распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю. Вялі разведку па дыслакацыі гітлераўскіх гарнізонаў ў Лёзне і яго ваколіцах. Сачылі за рухам войск акупантаў па чыгунцы і шашы Віцебск-Смаленск. Гэтыя звесткі перадаваліся разведчыкам чацвёртай ударнай арміі, з якімі група Дубоўкі мела сувязь. Вясной 1942 года група звязалася з брыгадай Аляксея Данукалава, а потым улілася ў яе…
– Можаце мяне павіншаваць, – скалала раптам Дубоўка. – Тры дні таму назад мяне афіцыйна зацвердзілі сакратаром Лёзненскага падпольнага райкома камсамола і памочнікам камісара брыгады па камсамолу.
Ад усяго сэрца я паціснуў дзяўчыне руку, пажадаў поспехаў ў нялёгкай, адказнай рабоце. А яна працягвала расказваць пра дзейнасць камсамольцаў і моладзі ў тыле ворага. Прыемна было даведацца, што сярод падпольшчыкаў-партызан было многа былых нашых вучняў. Гэта Надзя Драздова, Таня Пчолка, Коля Калтачэнка, Кірыла Мацвіевіч, Ніна Селязнёва, Ліда Касцючэнка, Таня Філіпоўская, Алесь Мажэйка, Сяргей Смолікаў, Галя Дарафеенка, Косця Ягораў і многія іншыя. Перад маімі вачыма паўставалі хлопчыкі і дзяўчынкі, белагаловыя і чорнагаловыя, кірпаносыя і даўганосыя, хударлявыя і ружавашчокія, з блакітнымі, шэрымі і цёмнымі вачыма, што некалі ўважліва глядзелі на мяне. Нават успомніў, хто на якой парце сядзеў, як вычыўся і паводзіў сябе. І вось тыя дзеці-падлеткі, цяпер ужо дарослыя юнакі і дзяўчаты, у цяжкі для нашай Радзімы час не скарыліся лютаму ворагу, са зброяй у руках вядуць з ім барацбу не на жыццё, а на смерць. Пасля я бачыў іх у баі, гутарыў з імі, чуў пахвалу ў іх адрас ад камакндзіраў і камісараў атрада, і сэрца напаўнялася вялікай радасцю і гордасцю за сваіх былых выхаванцаў, слаўных патрыётаў нашай Радзімы.
З Домнай Дубоўкай сустракаўся не раз. І пасля кожнай сустрэчы яшчэ і яшчэ раз пераконваўся ў яе незвычайнай смеласці, мужнасці і бязмежнай адданасці Радзіме. Яна ўдзельнічала ў многіх гарачых сутычках з фашысцкімі карнікамі, у ліквідацыі паліцэйскіх гарнізонаў. У папасе, мужчынскім аддзенні, як ліхі казак, імчалася яна верхам на кані ўперадзе групы партызан.

Дададзім, што нарадзілася Домна Аляксандраўна Дубоўка ў вёсцы Марачы, якая некалі была непадалёку ад Веляшковіч, у раёне Сіманава. У жніўні 1941 года ў Веляшковічах разам з настаўнікам рускай мовы і літаратуры Кузьмой Грынкіным яна ўзначаліла першую падпольную камсамольскую групу на Лёзненшчыне, узяў сабе псеўданім Тамара. Пазней па ініцыятыве Тамары Дубоўкі ў раёне было створана 17 падпольных камсамольскіх арганізацый.
Пасля вайны Тамара Аляксандраўна працавала першым сакратаром Лёзненскага РК ЛКСМБ, затым – намеснікам старшыні Лёзненскага райвыканкама, а пазней – у органах пракуратуры і службе аўтатранспарту вобласці. У сакавіку 1966 года, пасля працяглай хваробы, адважнай патрыёткі і мужнай жанчыны не стала. З 1972 года яе імя носіць адна з вуліц нашага горпасёлка.
У канцы 1942 года я быў адкліканы Віцебскім абкомам партыі з партызанскай брыгады Аляксея на работу ў абласную падпольную газету «Віцебскі рабочы». З Дубоўкай зноў сустрэўся толькі праз год у Лёзне, у першыя дні пасля вызвалення горада ад гітлераўцаў. Яна ўзначаліла раённую камсамольскую арганізацыю. На яе грудзях ззялі ордэн Чырвонай Зоркі і медаль «Партызану Вялікай айчыннай вайны» першай ступені. На схуднелым твары нос яшчэ больш завастрыўся, вочы зрабіліся нейкімі маленькімі, але па-ранейшаму свяціліся вясёлымі агенчыкамі. У мяне стварылася ўраджанне, што яна перанесла цяжкую хваробу. Я пацікавіўся, ці так гэта.
– Горш за ўсякую хваробу, – усміхнулася Тамара (цяпер яе звалі толькі так). – Я была, можна сказаць, у самым пекле.
Вось што яна расказала. У сувязі з набліжэннем фронту брыгада Аляксея вымушана была пакінуць Лёзненшчыну і перабазіравацца на захад (ва Ушацкую зону). Па заданню Лёзненскага падпольнага райкома партыі і штаба брыгады на ранейшым месцы засталася невялікая група (каля 20 чалавек) камсамольцаў на чале з Дубоўкай. Перад групай была пастаўлена задача: стварыць выгляд, што ў гэтым раёне па-ранейшаму дзейнічаюць вялікія сілы партызан.
Група была падзелена на тры падгрупы. Узброеныя аўтаматамі, лёгкімі кулямётамі і гранатамі, яны нечакана нападалі на варожыя гарнізоны, абозы, мініравалі дарогі. І, вядома, вялі сярод насельніцтва агітацыйную работу, усяляк перашкаджалі ўгону савецкіх людзей у Германію.
Для барацьбы са жменькай адважных патрыётаў гітлераўцы вымушаны былі трымаць вайсковую часць. Не раз карнікі прачэсвалі ўсе яры і пералескі (паўночная частка Лёзненшчыны была бязлеснай). Кідалі ў ход танкі, артылерыю, бамбілі з самалётаў. І ўсё дарэмна. Партызаны былі няўлоўнымі. Нібы з-пад зямлі, з’яўляліся яны нечакана і знішчалі ненавісных ворагаў.
У населеных пунктах распаўсюджваліся лістоўкі, у якіх быў заклік да насельніцтва хаваць ад гітлераўцаў дабро, біціь і знішчаць іх дзе толькі можна. Лістоўкі заканчваліся словамі: «Смерць нямецкім акупантам». А ў канцы стаяў подпіс: «Тамара». Гэта імя палохала гітлераўцаў, нездарма яны выдалі загад, у якім гаварылася: «Хто зловіць і даставіць у рукі нямецкага камандавання бандытку-партызанку, той атрымае ўзнагароду 5000 марак».
Ды толькі не знайшлося такіх сярод савецкіх людзей. Наадварот, яны, разыкуючы жыццём, хавалі у сябе мужную патрыётку і яе сяброў, дапамагалі ўсім, чым маглі.
Калі ж перадавыя часці Савецкай Арміі наблізіліся да Лёзненшчыны, група Дубоўкі ўлілася ў яе.
…Пасля вайны Тамара Дубоўка некалькі гадоў працавала сакратаром Лёзненскага райкома камсамола, потым – на гаспадарчай рабоце. Не шкадуючы сіл, дапамагала яна аднаўляць разбураную ворагам гаспадарку.
Алена Ратнёва.
/Фота з архіву рэдакцыі/
