Сёлетні чэрвень для васьмікласнікаў базавай школы № 2 г.п. Лёзна стаў месяцам добрых працоўных спраў. У складзе школьнага аздараўленчага лагера пяцёра хлопчыкаў і столькі ж дзяўчынак адгукнуліся на прапанову РК ГА “БРСМ” стварыць студатрад, якому далі імя Героя Савецкага Саюза С. М. Чарапнёва. Затым быў заключаны трохбаковы дагавор паміж школай, БРСМ і ААТ “Адаменкі” аб часовым працаўладкаванні вучняў у гаспадарцы для выканання некаторых відаў работ. Абавязкі арганізатараў іх дзейнасці і выхавальнікаў выконвалі начальнік лагера С. Ю. Рутчанкова і педагог-арганізатар Т. М. Бярговіна. У асноўным прыбіралі з палёў камяні, таксама прыводзілі ў парадак памяшканні на новым жывёлагадоўчым комплексе ў Адаменках. Адначасова знаёміліся з тым, як працуюць жывёлаводы, назіралі за кармленнем цялят, даеннем кароў, затым – як закладваюць сенаж на захаванне. У вольны ад працы час двойчы хадзілі добраўпарадкоўваць падшэфныя мемарыяльныя аб’екты на адаменскай горцы. Кожны тыдзень наведвалі кінатэатр “Світанак”, дзе глядзелі фільмы ў фармаце 3D.
16 чэрвеня прымалі ўдзел у сур’ёзнай размове на тэму наркаманіі ў райбібліятэцы, дзе прысутнічалі намеснік пракурора раёна А. А. Лапушынскі, фельчар наркалагічнага кабінета УЗ “Лёзненская ЦРБ” А. У. Каралёва, інспектар па справах непаўналетніх РАУС К. А. Курневіч. А 22-га іх запрасілі ў дзіцячую бібліятэку на мерапрыемства “Той самы першы дзень вайны”, прысвечанае памятнай гадавіне. Сустракаліся і з інспектарам групы прапаганды і навучання МНС А. В. Дземянковай, разам з якой у гульнявой форме рабяты ўспомнілі і замацавалі правілы бяспекі ў летні перыяд. На экскурсіі ў раёне электрычных сетак шмат даведаліся аб прафесіі энергетыка.
Па словах саміх падлеткаў, за 18 працоўных будняў яны вельмі здружыліся. Аказалася, што Ваня Кулакоў добра спявае, танцуе і умее жангліраваць. А ў працы роўных, пэўна, не было Дзіме Лаўрыновічу. Гэта і зразумела, бо ён як камандзір атрада імкнуўся паказаць прыклад іншым. На школьнай спартыўнай пляцоўцы штодзень ішлі спартыўныя спаборніцтвы, любімыя гульні “Піянербол” і “Капітошка”.
Лагерная змена і працоўныя будні скончыліся. Хутка рабяты атрымаюць сваю першую зарплату, што так важна для кожнага з іх. На што збіраюцца патраціць заробленыя грошы? Хтосьці марыць папоўніць скарбонку для набыцця веласіпеда ці іншай рэчы або проста аддаць маме, каб яна змагла купіць усё неабходнае да новага навучальнага года.
Студатрадаўцы задаволены, што правялі гэту частку канікулаў цікава і карысна. А галоўнае – пасябравалі яшчэ больш.
Таццяна ІГНАЦЕНКА.
