Само прозвішча (па-руску Шабунио), хутчэй за ўсё, з’яўляецца змененай формай беларускага Шабуня як даніна модзе 19-га стагоддзя, калі прозвішчу надавалася адценне высакароднасці (Дубіна-Дубіно) ці яно само змянялася, набываючы «шляхецкую» форму (Каваль-Кавалеўскі).

Іх дзед Вікенцій Мяркур’евіч Шабуніа на працягу больш за трыццаць гадоў служыў святаром царквы Успення Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Обаль Машканскай воласці Сенненскага павета. Служэнне Богу ў той жа царкве працягнуў сын Філарэт. Другі сын Елпідзіфор (Антоній) скончыў Аршанскае духоўнае вучылішча і таксама прысвяціў сябе пастырскаму служэнню. У 1884 годзе ён быў прызначаны святаром царквы Узвіжання Крыжа Гасподняга ў вёсцы Пагосцішча Высачанскай воласці Аршанскага павета. І праслужыў у гэтай царкве да 1916 года. Адначасова выкладаў у мясцовай царкоўна-прыходскай школе. У яго было чацвёра сыноў і дзве дачкі. Раскажам пра трох сыноў Антонія (Антона) Вікенцьевіча Шабуніа.

Сяргей Антонавіч

Сяргей Антонавіч Шабуніа (1891 г.н.) скончыў у 1913 годзе Віцебскую духоўную семінарыю. Неўзабаве з пачаткам Першай сусветнай вайны быў мабілізаваны ў дзеючую армію. Вайсковую службу ён скончыў афіцэрам, кавалерам ордэна Святога Станіслава 3-й ступені. У 1918 годзе вярнуўся ў Пагосцішча, займаўся сельскай гаспадаркай. Праз год быў пасвячоны ў сан дыякана, але неўзабаве быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. На пасадзе камандзіра ўзвода служыў у запасных часцях у Гомелі, Смаленску і Віцебску. Пасля таго як скончылася Грамадзянская вайна, вярнуўся ў Пагосцішча. У 1923 годзе быў пасвячоны ў сан святара. У Крыжаўзвіжанскай царкве служыў нядоўга.

У лістападзе 1929 года Сяргей Антонавіч быў арыштаваны. Менш чым праз два месяцы па абвінавачванні ў антысавецкай агітацыі быў засуджаны да пяці гадоў зняволення ў выпраўленча-працоўным лагеры з канфіскацыяй маёмасці. Далейшы лёс не прасочваецца.

Феадосій Антонавіч

Малодшы брат Феадосій (1897 г.н.), які служыў у царкве псаломшчыкам, таксама назаўсёды развітаўся з родным Пагосцішчам. Верагодна, ён быў высланы на спецпасяленне. Вядома, што ў 1930-я гады жыў у Качоўскім раёне Комі-Пярмяцкай акругі Свярдлоўскай вобласці (цяпер – у складзе Пермскага краю Расіі), працаваў фельчарам ветэрынарнай бальніцы ў сяле Юксеева. У кастрычніку 1937 года быў арыштаваны. Абвінавачваўся ў шкодніцтве і контррэвалюцыйнай дзейнасці. А 3 лістапада таго ж года быў расстраляны. У адрозненне ад брата звестак аб рэабіліатцыі не выяўлена.

Анатоль Антонавіч

Зусім па іншаму склаўся лёс старэйшага брата Анатоля Антонавіча Шабуніа, ветэрана трох войнаў. Ён нарадзіўся ў 1889 годзе. Наконт дакладнай даты нараджэння застаюцца пытанні. Так, у паслужным спісе прапаршчыка Рускай Імператарскай Арміі пазначана 26 сакавіка (па новым стылі – 7 красавіка), але на надмагільнай стэле выбіта 6 мая.

У 1911 годзе Анатоль Шабуніа скончыў Віцебскую духоўную семінарыю, але святаром не стаў. Атрымаў прызначэнне настаўнікам у царкоўна-прыходскую школу сяла Алексінічы Пустынкаўскай воласці Сенненскага павета. З пачаткам Першай сусветнай вайны як педагог мабілізацыі не падлягаў. Толькі пазней, ва ўмовах вострага недахопу афіцэрскіх кадраў, быў прызваны на вайсковую службу. У сакавіку 1916 года быў залічаны ў Чугуеўскае ваеннае вучылішча. Скончыў паскораны (чатырохмесячны) курс падрыхтоўкі і атрымаў першы афіцэрскі чын прапаршчыка. Служыў спачатку ў 200-м запасным пяхотным палку. У ліпені 1917 года быў накіраваны на фронт, але праваяваў нядоўга – армія развальвалася, а ў студзені 1918 года яна афіцыйна была распушчана.

Анатоль Антонавіч прыняў актыўны ўдзел у станаўленні Савецкай улады, хаця ўсё жыццё заставаўся беспартыйным, кажучы «я – беспартыйны бальшавік». Вясной 1919 года ўступіў у рады маладой Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Камандзірам роты ваяваў у 27-й стралковай дывізіі на Усходнім фронце. Быў кантужаны, пасля чаго ў верасні 1919 года асобнай камісіяй Віцебскага губаддзела прызнаны нягодным да вайсковай службы. Працягнуў займацца настаўніцтвам: у 1920 годзе па ўласным жаданні перайшоў на працу ў сельскую школу, што была арганізавана ў былым маёнтку Красыня Каралёўскай воласці Віцебскага павета (цяпер – вёска Красыні ў складзе Веляшковіцкага сельсавета).

Наступны год адкрыў новы этап у біяграфіі нашага земляка. Анатоль Антонавіч пачаў служыць у Рабоча-Сялянскай міліцыі, пераехаў на жыхарства ў Оршу. Прымаў удзел у ліквідацыі бандытызму на тэрыторыі сучаснай Віцебскай вобласці. З 1931 года жыў з сям’ёй у Магілёве. Праз тры гады перайшоў на адказную пасаду ў структуры Магілёўскай фабрыкі штучнага валакна. У 1936 годзе быў прызначаны начальнікам абласнога аддзела Асаавіяхіма (Осоавиахим – Общество содействия обороне, авиационному и химическому строительству). У 1940 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію з запасу. Служыў на камандных пасадах. Летам таго ж года прымаў удзел у так званым паходзе Чырвонай Арміі ў Прыбалтыку.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны старшы лейтэнант Шабуніа знаходзіўся ў дзеючай арміі. На чале батальёна ў радах 212-га запаснога стралковага палка (16-я армія) удзельнічаў у баях за Магілёў і Смаленск. У баі пад Вязьмай восенню сорак першага атрымаў кантузію і ў беспрытомным стане трапіў у палон. Лічыўся прапаўшым без вестак яшчэ з лета 1941 года. Сталага веку камандзіру пашанцавала: у палявым лагеры для ваенапалонных ён прабыў нядоўга. Наступнай жа ноччу здолеў збегчы з палону і вярнуцца ў Магілёў. Уладкаваўся рознарабочым у абласную бальніцу, дзе ўсталяваў сувязь з антыфашысцкім падполлем.

У жніўні 1943 года пайшоў у партызаны. У 208-м партызанскім палку імя І.В. Сталіна ваяваў спачатку радавым байцом, затым камандізрам узвода, а з сакавіка 1944 года камандаваў ротай. Неаднаразова прымаў удзел у баявых дзеяннях палка, пазней быў узнагароджаны медалём «Партызану Айчыннай вайны» 2-й ступені. У ліпені 1944 года полк злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі і прыняў удзел у вызваленні Пінска. Пасля гэтага расфарміраваны, а Анатоль Антонавіч, які размяняў шосты дзясятак, быў пакінуты тут на гаспадарчай рабоце. Ён узначаліў абласную кантору Беларускай рэспубліканскай канторы Усесаюзнага аб’яднання па нарыхтоўцы і збыце зерня. Са студзеня 1947 года займаў пасаду дырэктара гарадскога рынка. На пенсію пайшоў толькі ў снежні 1957 года. Не стала яго 15 снежня 1969 года.

Надмагільная стэла А.А. Шабуніа ў Пінску.

Вячаслаў Анатольевіч

Цікава склаўся лёс яго сына Вячаслава Анатольевіча Шабуніа (12.06.1924 – 03.04.1990 гг.), які паспеў на пачатак вайны скончыць сярэднюю школу ў Магілёве. Разам з маці Надзеяй Андрэеўнай быў неўзабаве эвакуіраваны ў горад Вольск Саратаўскай вобласці. У калгасах Вольскага раёна юнак працаваў на ўборцы ўраджаю. У лістападзе 1941 года ён уладкаваўся шаўцом пры шавецкай майстэрні Магілёўскага пяхотнага вучылішча. Праз два месяцы добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі і быў залічаны курсантам таго ж вучылішча.

У сувязі з цяжкай абстаноўкай на фронце ў жніўні 1942 года курсанты, якім прысвоілі сяржанцкія званні, былі накіраваны ў дзеючую армію. Малодшы сяржант Шабуніа прымаў удзел у бітве за Ленінград. У баі 12 кастрычніка 1942 года ён атрымаў цяжкае раненне ў правую нагу асколкам снарада. Доўгі час лячыўся ў тылавым шпіталі. У верасні сорак трэцяга быў камісаваны і прыехаў да маці ў Вольск. Працаваў загадчыкам шавецкай майстэрні пры тым жа вучылішчы, дзе вучыўся раней. У красавіку наступнага года з маці пераехаў бліжэй да Беларусі ў пасёлак Жукаўку, раённы цэнтр новастворанай Бранскай вобласці. Неўзабаве пасля вызвалення рэспублікі ў верасні 1944 года атрымаў вестку ад бацькі, які адшукаў сям’ю. Разам з маці Вячаслаў Шабуніа пераехаў на жыхарства ў Пінск (да 1954 года заставаўся абласным цэнтрам). Працаваў на адказных пасадах у абласных канторах па нарыхтоўцы зерня і па нарыхтоўцы сена, затым дырэктарам базы. У 1949 годзе быў прыняты ў члены УКП(б) КПСС.

Праз восем гадоў па партыйным прызыве перайшоў на работу ў сельскую гаспадарку Пінскага раёна. Быў выбраны старшынёю калгаса «Шлях да камунізму» (пасля рэарганізацыі ў 1958 годзе – калгас імя Максіма Горкага). У ліпені 1978 года выйшаў на пенсію па стане здароўя. Неаднаразова выбіраўся членам Пінскага гаркама і Пінскага райкама КПБ, дэпутатам Пінскага раённага Савета дэпутатаў. Быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», медалямі «За працоўную доблесць» (двойчы), «За баявыя заслугі». Пахаваны на могілках у вёсцы Галева Пінскага раёна, побач з сынам Уладзімірам, які трагічна загінуў у 1985 годзе.

Надмагільная стэла В.А. Шабуніа.

Канстанцін Гайдукоў.

Па матэрыялах Лёзненскай раённай бібліятэкі, біяграфічнага артыкула на сайце «Пінчукі і пінчане», архіўных дадзеных з інфармацыйных парталаў «Памяць народа» і «Першая сусветная вайна. 1914-1918».

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости