IMG_7538Ветэрану педагагічнай працы Выдрэйскай ЯССШ В. І. Волкавай 17 лютага споўнілася 70 гадоў. Напярэдадні юбілею адбылася наша з ёю сустрэча. Валянціна Іванаўна падзялілася сваёй жыццёвай гісторыяй, цесна звязанай з лёзненскай зямлёй, куды прывёў яе лёс.

Нарадзілася ў вёсцы Станіславова Дубровенскага раёна. Адтуль бацькі, Іван Пятровіч і Соф’я Францаўна Герасімавы, пераехалі ў Межава, што на Аршаншчыне. Там Валянціна вырасла, скончыла сярэднюю школу.

– Мама і тата мае – простыя вясковыя людзі, – распавяла мая субяседніца. – У час вайны яны зведалі цяжкай паднявольнай працы ў Германіі. Бацька сур’ёзна падарваў там здароўе. Таму і рана пайшоў з жыцця, калі я вучылася яшчэ ў 9 классе. Ён меў на той час добрую адукацыю – чатыры класы царкоўна-прыхадской школы. Калі я вучылася пісаць, яго прыгожы почырк для мяне быў ўзорам. А яшчэ ўсё свядомае жыццё ён вёў дзённік. Маме адной прыйшлося падымаць мяне, сястру і брата. Праўда, не забывала нас бацькава сястра, Марыя Пятроўна Адамовіч, дапамагала. Яна жыла ў Мінску і была выкладчыцай замежных моў. Зносіны з ёй прывялі мяне да думкі пасля школы стаць настаўніцай.

Атрымаўшы атэстат, Валянціна з сяброўкай падаліся ў Віцебскі педінстытут і паступілі на хіміка-біялагічны факультэт. Спачатку вучыцца паказалася вельмі цяжка. Сяброўка адразу забрала дакументы. А Валя паехала дадому і стала скардзіцца на цяжкасці маці. Але Соф’я Францаўна пераканала дачку, каб не кідала вучобу. Далей справы наладзіліся: стала цікава, пайшлі на практыку, хімія і біялогія былі любімымі прадметамі. Так Валянціна Іванаўна атрымала вышэйшую адукацыю. На апошнім курсе сустрэлася з будучым мужам, Аркадзем Цімафеевічам Волкавым, які вучыўся ў ветэрынарным інстытуце. Запамінальнай падзеяй стала іх студэнцкае вяселле, якое адзначалі ў складчыну ў сталоўцы медінстытута. З таго часу іх жыццёвыя дарогі зліліся ў адну. Муж перавёўся на завочнае навучанне. І разам яны паехалі ў Талачынскі раён, куды Аркадзя накіравалі заатэхнікам. Два гады жылі ў вёсцы Славені на прыватнай кватэры. Валянціна Іванаўна не працавала, бо нарадзіла сыночка Ігара, зацяжарыла і другі раз. У 1970 годзе вырашылі пераехаць на Лёзненшчыну. У Бабінавіцкім сельскім Савеце ў вёсцы Рыжыкі жылі родныя мужа. Але яны папалі ў Замшына, дзе ад калгаса прапанавалі жыллё. Тут нарадзіла дачку Ірыну. Дзеткі падраслі, жанчыне трэба было недзе працаваць. Так склалася, што пачынала загадчыцай мясцовага клуба. У тым годзе па вёсках раёна выступала знакамітая Ядвіга Паплаўская. Калі артысты ехалі ў Зашмына, іх машына загразла на паўдарозе. Прыйшлося пасылаць ім на выручку трактар. Хваляванняў загадчыцы клуба хапіла, але канцэрт усё ж адбыўся. Выпадак гэты запомніўся на ўсё жыццё.

Далей пачалася дзейнасць на педагагічнай ніве. Да 1977 года В. І. Волкава працавала настаўніцай хіміі і біялогіі ў Глоданскай васьмігодцы. Муж у гэты час быў старшынёю калгаса імя Кірава. Затым ён атрымаў новае назначэнне – сакратаром  парткама саўгаса “Выдрэя”. Пераехалі ў Новае Сяло, дзе ў школе ніякіх вакансій тады не было. Прыйшлося ісці выхавацелем у дзіцячы садок і асвойваць методыку работы з дашкалятамі. На той час ва ўстанове працавалі тры групы па 20 дзяцей. За два гады прывыкла і да гэтай справы, а тут у 1979 годзе ў аддзеле адукацыі прапанавалі Валянціне Іванаўне адміністрацыйную пасаду. Прызначылі намеснікам дырэктара Лёзненскага вучэбна-вытворчага камбіната, дзе рыхтавалі старшакласнікаў да рабочых прафесій: трактарыстаў, шафёраў, аператараў машыннага даення.

– Знаходзіўся камбінат у Завольшы. Выкладала сама агратэхніку і дапамагала спецыялістам-сяльгаснікам у метадычных пытаннях работы з навучэнцамі. Кожны дзень дабіралася на работу цягніком да Чарніц, далей пехатою. І так на працягу трох гадоў. Стамілася матацца, – прызналася мая субяседніца. – Стала прасіцца ў Выдрэйскую школу, ужо хаця б кім, бо на месца па спецыяльнасці спадзявацца не прыходзілася. Акрамя мяне там было трое настаўнікаў гэтага профілю. Прапанавалі  мне групу падоўжанага дня і факультатыў па кветаводству, які даваў хаця б у якой-небудзь ступені рэалізаваць свае веды і магчымасці. Укладвала ў тыя заняткі ўсю душу, старалася зацікавіць вучняў. І ўсё ж дачакалася часу, калі зноў стала выкладаць свае прадметы. Гэта працягвалася з 1987-га па 1991 год.

Трэба сказаць, змагла настаўніца прывіць любоў да біялогіі і сваім вучням. З выпуску 1991 года (дарэчы, яна была і класным кіраўніком) тры дзяўчынкі – Іна Мірановіч, Анжэла Нікіфарава, Таццяна Курыленка – паступілі ва ўніверсітэт імя П. М. Машэрава на факультэт біялогіі і геаграфіі. Аляксандр Краўчанка пайшоў у Горацкую БСГА. Віталь Салаўёў – у ветакадэмію. Усе яны паспяхова вучыліся і атрымалі вышэйшую адукацыю.

В. І. Волкава была ўзнагароджана ганаровымі граматамі раённага і абласнога ўзроўню сістэмы адукацыі. Але педагагічная нагрузка, як прадметніка. Увесь час была ніжэй, чым стаўка. І напэўна таму адбыўся новы паварот у працоўнай біяграфіі педагога. У 1992 годзе здвоеныя першы і трэці, другі і чацвёрты класы падзялілі, і для іх не хапала настаўнікаў. Валянціна Іванаўна перайшла ў пачатковае звяно.

– Дастаўся мне трэці клас, – прадаўжае жанчына. – Спачатку разгубілася, дзякуй, побач была Ларыса Герасімаўна Мацкевіч са сваім вялікім вопытам і педагагічным талентам. Яна дапамагала мне разабрацца ў спецыфіцы выкладання, раіла і паказвала прыёмы. Я бясконца ёй удзячна.

В. І. Волкава навучыла чытаць і пісаць некалі выпускаў пачаткоўцаў. Самы памятны з іх, кажа, той, дзе вучылася яе ўнучка Вікторыя. Далейшы лёс многіх рабят настаўніцы добра вядомы. У гэтым класе вучыліся таксама Крысціна Краснабарод (настаўніца беларускай мовы і літаратуры ў роднай школе), Дзмітрый Дзерваед (скончыў БСГА), Крысціна Сапёрава (заканчвае медінстытут у Смаленску), Іво Муру ( ваенны), Алена Вінаградава (скончыла ВНУ харчовай прамысловасці ў Магілёве), а Вікторыя Волкава пасля Віцебскага медуніверсітэта працуе ўрачом-тэрапеўтам і робіць ультрагукавыя даследаванні ў Дубровенскай ЦРБ, дзе 70 гадоў таму з’явілася на свет сама юбілярка.

На пенсіі Валянціна Іванаўна адпачывала толькі два месяцы. Цяжка было адвыкаць ад школы. Званок, які добра чуваць з дому, не даваў спакою. Цягнула ў клас да дзяцей. І пэўна так было трэба, што ў лістападзе 2001-га жанчыну зноў запрасілі на работу. На гэты раз выкладаць у класе АПФР. Па словах настаўніцы, гэта было самым складаным у яе практыцы. Незнаёмая спецыяльная праграма, нязвычка працаваць з адным вучнем, даволі сур’ёзны кантроль. Ішлі праверка за праверкай то з боку адміністрацыі, то з карэкцыйнага цэнтра. І тут дапамагло адказнае стаўленне да даручанай справы. Таму на пенсіі адпрацавала яшчэ звыш 9 гадоў.

Валянціна Іванаўна кажа, што ўнучкі – яе гонар. Другая з іх – Таццяна – скончыла ветакадэмію і падарыла праўнучку Сашачку, якой зараз 8 месяцаў.

Жанчына гэта вельмі добрая гаспадыня. Раней трымалі з мужам вялікую гаспадарку. Цяпер сіл хапае хіба на агарод, які па-ранейшаму добра даглядаюць, маюць усю неабходную гародніну, якой таксама надзяляюць дзяцей і ўнукаў. Кветкі ж – захапленне па жыцці. У двары і вакол дома паўсюль клумбы, на іх не адзін дзясятак відаў дэкаратыўных раслін. На вокнах у пакоях іх таксама шмат. Нягледзячы на люты ў доме Валянціны Іванаўны цудоўнае рознаквецце. І самая  прыгожая, безумоўна, пяшчотная архідэя. Пажылая жанчына неабыякавая да грамадскага жыцця. Наведвае ўсе культурныя мерапрыемствы, якія праходзяць у аграгарадку, пры магчымасці выязджае і ў раён. Дарэчы, у снежні гэтага года Волкавы будуць адзначаць залатое вяселле.

Клопаты аб блізкіх, незаспакоенасць і рухавасць – гэта тое, што дае жыццёвыя сілы, а душа ж, здаецца, ніколі не старэе. Дык пажадаем юбілярцы так трымаць і надалей!

Таццяна ІГНАЦЕНКА.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Связанные новости