3 кастрычніка 1943 года лічыцца афіцыйнай датай, калі завяршылася паспяховая Смаленская наступальная аперацыя, якую сумесна правялі войскі Калінінскага і Заходняга франтоў. Але наступленне працягвалася. Раніцаю 5 кастрычніка перадавыя часці 43-й арміі Калінінскага фронту з баямі ўступілі на тэрыторыю Лёзненскага раёна.
Пераадольваючы ўпартае супраціўленне праціўніка, яны вызвалілі паўночную частку раёна і 9 кастрычніка вялі баі ўжо на тэрыторыі колішняга Суражскага раёна. Лінія фронту набліжалася да Віцебска, стратэгічна важнага вузла транспартных камунікацый, захоп якога адкрываў дарогу ў Прыбалтыку. Таму супраціўленне праціўніка нарастала. Канчаткова баі скончыліся толькі 19 кастрычніка, калі 39-я армія сваім левым крылом замацавалася на рубяжы, што праходзіў на ўсход ад вёсак Заволішча (цяпер не існуе), Шарыкі і Кляўцы. Неўзабаве гэты ўчастак абароны занялі часці суседняй 39-й арміі, якія да таго часу выйшлі на рубеж ракі Альшанка ад хутара Грусевічы (на поўнач ад сучаснай вёскі Стасева) да Снігіроўскіх хутароў на паўднёвы захад ад возера Шалухова.
Апоўдні 8 лістапада баі разгарэліся з новаю сілаю – 39-я армія сіламі правафланговага 84-га стралковага корпуса пры падтрымцы часцей 43-й арміі перайшла ў наступленне на рубяжы Заволішча–Кляўцы, прарвала абарону праціўніка, заняла вёскі Шарыкі і Кляўцы. 9 лістапада часці корпуса, пераадольваючы моцнае агнявое супраціўленне немцаў, аднавілі наступленне, адбілі неаднаразовыя контратакі і да канца дня вялі баі на подступах да вёсак Баяры і Красыні. 10 лістапада яны авалодалі вузлом варожага супраціўлення ў вёсцы Кажамякіна на мяжы Суражскага і Лёзненскага раёнаў, вызвалілі вёскі Баяры, Навароцце, Загуззе (цяпер не існуе), асядлаўшы шашу на Віцебск, і завязалі баі ў межах сучаснага Віцебскага раёна. Значную ролю ў гэтых цяжкіх наступальных баях адыграла 158-я стралковая Лёзненская дывізія, якая апоўдні 11 лістапада выйшла на рубеж Яроміна–Забесцвіна–Караміды. Вось тут паабапал шашы Віцебск–Лёзна ў раёне Яроміна баі не сціхалі яшчэ амаль два тыдні. Значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы панёс праціўнік, які здолеў спыніць наступленне савецкіх войскаў. Але і нашы часці панеслі не менш значныя страты, перайшоўшы да абароны на тэрыторыі колішняга Каралёўскага сельсавета.
Давайце назавем імёны некаторых воінаў 158-й стралковай дывізіі, якія вызначыліся ў гэтых баях, каротка апішам іх подзвігі згодна з узнагароднымі лістамі, што выстаўленыя на партале «Подзвіг народа».
Так, ордэнам Чырвонай Зоркі загадам па дывізіі ад 20 лістапада 1943 года ўзнагародзілі камандзіра роты аўтаматчыкаў капітана Гаўрыша. Ва ўзнагародным лісце чытаем: «…8 ноября 1943 года при прорыве обороны противника в районе деревни Шарики Лиозненского района Витебской области, просочившись ночью в лес, [рота] истребила много немцев.
Во время отражения контратаки 10 и 11 ноября 1943 года в районе деревни Бояры и большака в районе высоты 253,5 Лиозненского района Витебской области тов. Гавриш возглавил командование на большом участке, успешно отразил все контратаки, уничтожив при этом свыше 300 немцев…».
Гэты ордэн для афіцэра, які пачынаў свой баявы шлях пада Ржэвам і скончыў яго ў маі сорак пятага, стане адзінай узнагародай за ўсю вайну. Адзінай узнагародай, таксама менавіта за лістападаўскія баі, стане медаль «За адвагу» і для 19-гадовага сапёра чырвонаармейца Волкава, які перад прызывам паспеў скончыць педагагічнае вучылішча, складаў вершы і марыў прысвяціць сябе літаратуры. Ва ўзнагародным лісце, які падпісаў камандзір 274-га асобнага сапёрнага батальёна капітан Чэжын, адзначалася, што малады баец ваяваў з 19 ліпеня 1943 года і меў на асабістым рахунку 280 абясшкоджаных мін праціўніка. 320 мін сам устанавіў пад агнём праціўніка. Асабліва юнак вызначыўся ў баях на лёзненскай зямлі. У ноч на 8 лістапада ён рабіў праходы ў драцянай загародзе немцаў у раёне Шарыкаў. Днём 8 лістапада пад агнём праціўніка суправаджаў танкі, пракладваючы ім шлях цераз лагчыну ў тым жа раёне.
Дата 29 лютага 1944 года стане апошняй у жыцці адважнага сапёра. Пахаваюць яго ў брацкай магіле ў раёне вёскі Казанава сучаснага Віцебскага раёна.
У тых жа лютаўскіх баях атрымае раненне – чацвёртае ўжо па ліку – сяржант Салаўёў, але пераможа разведчык смерць і пройдзе слаўны шлях да пераможнага мая. Вайну ён скончыць поўным кавалерам ордэна Славы. Але яшчэ раней яго грудзі ўпрыгожыць ордэн Чырвонай Зоркі. У прадстаўленні адзначалася вось што: «…8.11.43 г. при прорыве обороны противника в районе деревни Шарики Лиозненского района Витебской области разведал огневые точки противника и(,) корректируя огнём батареи, уничтожил две огневые точки, одну автомашину с боеприпасами и четыре повозки с грузом и 20 немцев.
9.11.43 г. при отражении контратаки противника в районе деревни Бояры Лиозненского района Витебской области тов. Соловьёв сам лично из автомата уничтожил трёх немцев и одного офицера».
Новым (зацверджаны Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 лістапада 1943 года) ордэнам Славы – трэцяй ступені – узнагародзілі памочніка камандзіра стралковага ўзвода старшага сяржанта Берандзеліна. 9 лістапада той першым уварваўся ў Баяры, знішчыўшы 2 немцаў. Паспяхова замяніў камандзіра ўзвода, які выйшаў са строю. А 10 лістапада пры адбіцці контратакі ў тым жа раёне асабіста знішчыў 4 немцаў.
Імя наступнага героя – Мікалая Андрэевіча Умнікава – добра вядома на Лёзненшчыне. Яго, 19-гадовага юнака, прызвалі 6 кастрычніка 1943 года, а ўжо 8 лістапада ён прыняў першы бой на роднай лёзненскай зямлі: «8 ноября 1943 года при прорыве обороны противника в районе деревни Шарики Лиозненского района Витебской области товарищ Умников первым ворвался в траншеи противника, уничтожил трёх немцев.
9.11.43 г. при наступлении на деревню Бояры Лиозненского района Витебской области тов. Умников с группой бойцов с лозунгом «За Родину», «За Сталина»(,) бросились на дзот противника, в котором уничтожили два станковых пулемёта».
Мужнасць чырвонаармейца Умнікава адзначаць ордэнам Чырвонай Зоркі. Ён пройдзе цяжкі шлях пехацінца да сцен Кёнігсберга, прыме ўдзел у баях з Квантунскай арміяй Японіі ў жніўні сорак пятага і як неаднаразова (двойчы) паранены будзе звольнены ў запас на другі год пасля Перамогі…
Зусім іначай складзецца лёс яго земляка чырвонаармейца Кібарова, які, напэўна, так і не паспее атрымаць сваю адзіную ўзнагароду. Вось як апісваецца яго подзвіг у загадзе па 879-му стралковаму палку ад 7 снежня 1943 года (падпісаў падпалкоўнік Томін): «От имени Президиума Верховного Совета СССР награждаю: …Кибарова Егора Егоровича, ст. пулеметчика 1-го сб (стрелковый батальон. -аўтар), за то, что участвуя в боях с немецкими оккупантами 8-25.11.43 г. р-н д. Шарики–Ерёмино Лиозненского р-на Витебской области мужественно участвовал во всех боях и отражении контратак пр-ка(,) при этом уничтожил 4 огневых точки пр-ка и до 10 немцев».
У першы дзень Віцебскай наступальнай аперацыі – 23 снежня 1943 года – абарвецца яго баявы і жыццёвы шлях. І будзе гэта ў раёне колішняй вёскі Парэчкі, што на поўдзень ад сучаснай вёскі Друкава Віцебскага раёна. А жонцы Ганне Цімафееўне ў родны Азярок праз нейкі час прыйдзе невялічкі аркуш паперы, так званая пахаванка…
Няхай жа гэты аповед яшчэ раз нагадае нашчадкам аб подзвігу савецкага салдата, які вызваліў калісьці свет ад карычневай чумы…
Канстанцін Гайдукоў.